Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі»

абноўлена

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік на судзе ў «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік на судзе ў «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году

Судзьдзя суду Савецкага раёну Менску Марына Фёдарава прысудзіла лідэру прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і бухгальтару Ігару Комліку 4 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (гэтак званай «хатняй хіміі»).

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.

Вырак не прадугледжвае канфіскацыі маёмасьці (арышт на кватэру Фядыніча, зямельны ўчастак і дом у Сухадолах, на аўтамабілі пасьля ўступленьня прысуду ў законную сілу скасуюць), але забараняе займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў. Судзьдзя таксама пастанавіла спагнаць з падсудных больш за 47 тысяч рублеў у даход дзяржавы.

Прысутныя сустрэлі прысуд воклічамі «Ганьба!» — на судзе былі старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, праваабаронца Тацяна Равяка, юрыст Міхаіл Пастухоў, дзейны і былы старшыні АГП Васіль Палякоў і Анатоль Лябедзька, лідэр БНК Мікола Статкевіч, прадстаўнікі Эўразьвязу, амбасады ЗША, міжнароднага прафсаюзу IndistriALL і іншыя.

Начальнік менскага АМАП Дзьмітры Балаба (сьпераду справа) і затрыманая актывістка Вольга Нікалайчык (у аўтобусе)
Начальнік менскага АМАП Дзьмітры Балаба (сьпераду справа) і затрыманая актывістка Вольга Нікалайчык (у аўтобусе)

На выхадзе з суду АМАП затрымаў Леаніда Кулакова, Вольгу Мікалайчык, Маю Навумаву і яшчэ двух актывістаў, якія сустракалі Фядыніча і Комліка, зьехаў, вярнуўся, затрымаў Міколу Статкевіча і Максіма Вінярскага.

Суд у справе РЭП пачаўся 30 ліпеня. Фядыніча і Комліка абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Як лічыць сьледзтва, зь віны сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачваньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.

Паводле абвінавачаньня, Фядыніч і Комлік усьведамлялі злачыннасьць сваіх дзеяньняў, і гэта было пацьверджана знойдзенымі падчас ператрусаў у офісе РЭП схованкамі.

Праваабаронцы, якія ўважліва сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах незразумелых і таямнічых працэдураў. Да прыкладу, паводле супрацоўніка ДФР Сяргея Дзьмітрыева, банкаўская раздрукоўка была здабытая апэратыўным шляхам, але афіцыйна банк SЕB інфармацыю пра рахункі ў Літве не перадаваў.

Да таго ж паказаньні шматлікіх сьведак тычыліся падзеяў 2015–2016 году і зусім не зьвязаныя з пэрыядам 2011 году, пакладзеным у аснову абвінавачаньня.

Тыдзень таму пракурор Ліліяна Літвінюк папрасіла пакараць старшыню незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча і бухгальтара РЭП Ігара Комліка 5 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіроўныя пасады цягам 5 год. Дом Фядыніча ў Сухадолах пракурорка прапанавала сканфіскаваць, а кватэру, дзе жыве ягоная сям’я, вызваліць ад арышту.

Што важна ведаць

  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўраў, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванаю».
  • Сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.

Што такое «хатняя хімія»

Згодна арт. 48−1 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі пакараны абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджаны абавязаны:

  • зьяўляцца на выклік крымінальна-выканаўчай інспэкцыі (маюць права выклікаць асуджанага для гутарак, наведваньня выхаваўчых і іншых захадаў);
  • у вольны ад працы ці вучобы час пастаянна знаходзіцца ў сваім жытле або на калядамавой тэрыторыі, не адыходзячы ад жытла далей за адлегласьць, вызначаную інспэкцыяй;
  • з 19-й да 6-й гадзіны быць у сваім жытле;
  • пускаць дамоў супрацоўнікаў інспэкцыі ў кожны час дня (інспэкцыя можа наведваць асуджанага на месцы працы або вучобы).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG