Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша справа палітычная»,— падсудныя Фядыніч і Комлік лічаць, што абвінавачаньні супраць іх сфальшаваныя


Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч у судзе 30 ліпеня

Інтэрвію з падсуднымі лідэрамі незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам, супраць якіх сёньня ў судзе Савецкага раёну пачынаецца працэс праз абвінавачваньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.

Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачаньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.

Лідэрам прафсаюзу РЭП выставілі абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), ім пагражае абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Справа Бяляцкага-2. У Менску пачынаюць судзіць лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП

— Спадар Генадзь, як вы ацэньваеце сваю крымінальную справу, ці спадзеяцеся на апраўданьне?

Гэтак можна на любога грамадзяніна арганізаваць справу
Генадзь Фядыніч

— Суд гэта не сьвята, безумоўна. І мы ведаем, якія ў нас суды. Але ж я ўпэўнены ў тым, што маёй віны ў тым, што інкрымінуюць, няма. І мой калега Ігар Комлік думае гэтаксама. Вось з гэтай упэўненасьцю мы ідзём на суд. А тое, што яны там пішуць, нібыта мы мелі вялікія прыбыткі, што нешта пакралі — гэта проста балбатня. Але справа ня толькі ў нас, бо так сфабрыкаваўшы справу можна стварыць небясьпечны прэцэдэнт для ўсёй краіны.

Цяпер на любога можна будзе навесіць абвінавачваньні ў нявыплаце падаткаў. Адкрыць электронную скрыню, напхаць туды, як у нас было, перапіску з іншаземцамі, потым пакласьці туды выпіску з банку і сказаць, што «скрыня» належыць пэўнаму чалавеку, у нашым выпадку бухгальтару Комліку, што там могуць быць дакумэнты, якія цікавяць сьледзтва, і таму патрэбна санкцыя пракурора, каб адкрыць тую скрыню. І скрыню адкрыюць.

Але насамрэч яна не належыць Ігару Комліку. Але ўсё роўна праводзіцца сьледзтва і справа перадаецца ў суд. Таму я і кажу, што так можна на любога грамадзяніна Беларусі арганізаваць справу.

Што да гэтых нібыта дакумэнтаў, дык яны пра тое, што нам з-за мяжы калегі з прафсаюзаў нібыта пералічалі грошы на нейкія праекты. Але доказаў ніякіх няма.

Калі грошы пералічылі, дык мы павінны былі браць дазвол Нацбанку і дэпартамэнту з адміністрацыі, і толькі тады гэтым займацца. Дзе гэта ўсё? А калі грошы аказаліся тут, дык якім чынам? Няма ніякіх адказаў. Таму я і кажу, што справу сфальшавалі.

Яшчэ арыштавалі наш офіс, арыштавалі таксама маю і Комліка маёмасьць. Але, калі паводле сьледзтва гэта мы вінаватыя, дык навошта арыштоўваць маёмасьць прафсаюзу РЭП? Нашы кампутары навошта не вяртаць?

Ёсьць шэраг пытаньняў, на якія сёньня няма адказу. Ці будуць адказы ў судзьдзі, ня ведаю. Магу толькі канстатаваць, што з 1994 году ні на адзін прафсаюз, ні на адну апазыцыйную партыю ці рух падобнага ціску, як на РЭП, не было.

— А чым, на вашу думку, вы небясьпечныя ўладзе?

— Мой адказ такі: тое, што сёньня не пад канролем улады, яе палохае. Магчыма, мы аказаліся пад меншым кантролем, чым нават апазыцыйныя партыі, якія ўсё ж не закрываюць. А мы захавалі сваю незалежнасьць.

Нават калі мы былі ў складзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, былі непадкантрольныя, і засталіся такімі, калі выйшлі з ФПБ ды сталі РЭПам.

Так, раней у нас было 275 тысяч сяброў прафсаюзаў; калі ўтварылі РЭП, стаў 641 сябар, цяпер больш за тысячу, але мы захавалі незалежнасьць. І нават цяпер, калі ідзе такі ціск, калі вялася крымінальная справа, да нас далучаюцца новыя людзі.

І ў Менску, і ў рэгіёнах прыходзяць па дапамогу, бо няма куды прыйсьці па яе. Наш прафсаюз сваю ролю выконвае, і выконвае няблага.

— Як вы думаеце, у чым прычына вашай справы? Вы лічыце, яна палітычная?

— У палітычным характары перасьледу ў мяне няма ніякага сумневу. А галоўнай мэтай ёсьць закрыць наш прафсаюз, пазбавіць людзей магчымасьці зьвяртацца па дапамогу, гуртавацца ў барацьбе за свае працоўныя правы. Вядома, з гэтага будзе вялікі міжнародны скандал, бо нібыта на працэсе трэба рабіць усё паводле закону, а гэтага не атрымаецца.

— Што вы маеце на ўвазе? Ня хопіць доказаў?

— Менавіта. Мы ж ведаем, як дапытвалі сьведак. Пагражалі канвоем, турмой. Прабачце, але калі чалавеку 50-60 гадоў, а яму кажуць, што зараз пойдзеш у турму, выклікаюць канвой, загадваюць пісаць тое і тое — ён напіша. Але ў судзе, спадзяюся, пра гэта людзі раскажуць.

— На якую падтрымку ў міжнародным прафсаюзным руху вы спадзеяцеся?

Абяцалі падтрымку з аб’яднаньня «Індустрыял»
Генадзь Фядыніч

— Наколькі ведаю, на кожным паседжаньні суду зьбіраюцца прысутнічаць прадстаўнікі міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў «Індустрыял», а гэтая арганізацыі аб’ядноўвае 50 мільёнаў працоўных у 140 краінах сьвету, у тым ліку РЭП туды ўваходзіць.

— А што беларускім уладам гэты «Індустрыял»? Ці яны не праігнаруюць іх?

— Ведаеце, прафсаюзы — уплывовая сіла, асабліва ў Эўропе. Прыкладам, ужо прапаноўвалі заклікаць у сваіх краінах да байкоту Эўрапейскіх летніх гульняў, якія пройдуць праз год у Беларусі. Але РЭП стаў на пазыцыю, што пакуль гэтага рабіць не трэба, бо Эўрапейскія гульні — гэта ж і новыя працоўныя месцы, пацярпяць простыя людзі, а ня толькі чыноўнікі. Але ідэя такая лунае ў паветры.

— Ці можаце разьлічваць на тое, што ў вашую абарону выступяць іншыя прафсаюзныя арганізацыі Беларусі, у тым ліку праўладная ФПБ?

— На іх дакладна спадзявацца няма чаго. Па сутнасьці, іх няма, ёсьць толькі шыльды, за якімі не абаронай працоўных займаюцца, а дзеляць грошы і забясьпечваюць яўку на праўладныя мерапрыемствы. А сярод незалежных прафсаюзаў РЭП, як прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці, займае значнае месца, бо гэтых прадпрыемстваў шмат і яны ў галоўных гарадах краіны.

Іншая рэч, што ў цэлым незалежных прафсаюзаў няшмат і яны пакуль вялікага ўплыву не набылі. Свабоднага прафсаюзу беларускага (СПБ) амаль няма, яго фактычна зьнішчылі. Свабодны прафсаюз мэталістаў малы па колькасьці. Беларускі незалежны прафсаюз — гэта толькі гарнякі Салігорску, якія сядзяць, як мышы пад мятлой.

Улада робіць усё, каб не было салідарнасьці
Генадзь Фядыніч

Так, праца ў іх цяжкая, але заробкі большыя за іншых, і таму няма салідарнасьці. І ніхто не працуе над тым, каб гэтая салідарнасьць зьявілася, каб яна была ня толькі сярод працоўных, але і ў грамадзтве. І ўлада робіць усё, каб не было такой салідарнасьці.

Скажу, што калі ў 2017 годзе па краіне пракаціліся мітынгі супроць дэкрэту №3, дык улада спалохалася. Убачылі, што і без палітычных арганізацый людзі могуць выйсьці на вуліцы, калі іх дастануць. Пасьля тых мітынгаў на наш прафсаюз зноў накінуліся. Бо 37 нашых сяброў так ці інакш былі пакараныя, у тым ліку адміністрацыйна арыштаваныя за ўдзел у мітынгах недармаедаў.

Дарэчы, ніхто з гэтых людзей не сказаў потым, што гэта прафсаюз РЭП вінаваты, што яго пасадзілі. Людзі самі абурыліся і выйшлі на вуліцы, але настрой у нашых шэрагах гэта прадэманстравала. Вось і яшчэ адна прычына наступу на РЭП.

— А для чаго ўвогуле, на вашу думку, патрэбны незалежны прафсаюзны рух? Вось у Францыі ён вялікі, а ў ЗША прафсаюзаў амаль няма, іх роля нязначная, і нічога, зарабляюць там больш за іншых.

— Беларусі патрэбен не адзін РЭП, а шмат незалежных прафсаюзаў. І дзяржаве гэта патрэбна, бо з моцнымі прафсаюзнымі арганізацыямі лягчэй дамаўляцца, а ім зручней уплываць на стыхійны рух працоўных, які ўсё роўна ўзьнікне і павялічыцца.

Беларуская эканоміка чакае істотнага рэфармаваньня, сасьпела прыватызацыя буйных прадпрыемстваў, эканоміка прагне замежных інвэстыцый, а значыць, шмат людзей апынецца на вуліцы і шмат каму давядзецца прайсьці праз навучаньне новым прафэсіям. Прафсаюзы мусяць стаць пасярэднікамі паміж уладай і бізнэсам з аднаго боку ды працоўнай сілай з другога.

Улада робіць усё, каб зьнішчыць незалежны прафсаюзны рух. А потым застанецца адна перад разьюшаным натоўпам беспрацоўных
Генадзь Фядыніч

Але з гэтым справяцца толькі тыя прафсаюзы, да каго ў працоўных ёсьць давер. На жаль, беларуская ўлада гэтага не разумее і робіць усё, каб зьнішчыць незалежны прафсаюзны рух. А потым застанецца адна перад разьюшаным натоўпам беспрацоўных.

Канфлікт зь нібыта дармаедамі ўладу нічому, па сутнасьці, не навучыў, акрамя як ствараць фіктыўныя працоўныя месцы і рапартаваць пра тое, што беспрацоўе амаль перамаглі.

Так, стварылі колькі тысяч працоўных месцаў у рэгіёнах, але што гэта за праца, калі заробак 400-500 рублёў? Як малады чалавек можа на гэтыя грошы пражыць? Ён можа пабудаваць сям’ю, выгадаваць дзяцей? Нездарма моладзь паўсюль з краіны зьязджае і тут неўзбавае застануцца адны пэнсіянэры. Хто іх будзе ўтрымліваць, чыноўнікі, які крадуць?

— Як як вы пракамэнтуеце апошні карупцыйны скандал з мэдыкамі, якія бралі вялікія хабары?

— Для мяне галоўнае, што гэтых чыноўнікаў ад мэдыцыны прызначаў сам прэзыдэнт. Яны ў вочы яму глядзелі, казалі, што будуць працаваць сумленна, а ў гэты час шамацелі далярамі ў кішэні. Значыць, ня верылі, што будзе пакараньне, разьлічвалі на тое, што ўсе вакол такія самыя, свае.

Дарэчы, калі б гэтыя мэдыкі залежалі ад сапраўды незалежнага бізнэсу, той бы зь імі разабраўся хутка. А тут можна красьці, бо грошы бюджэтныя, ад падаткаплатнікаў. Праўда, пэўная доля хабарніцтва ёсьць ва ўсім сьвеце, але тое, што ў нас адбываецца, сьведчыць пра нізкую якасьць сыстэмы ўлады.

Вы вазьміце любы райвыканкам: там усе павязаныя альбо сваяцтвам, альбо нейкімі агульнымі бізнэсамі, знаёмствамі. Бо руху няма, усё стаіць на адным месцы, пры ўладзе адна і тая ж палітычная сіла, а значыць — застой, балота. Як тут ня быць карупцыі? Вось яна і квітнее.

30 ліпеня Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Станіслаў Шушкевіч прыйшлі ў суд падтрымаць лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП
30 ліпеня Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Станіслаў Шушкевіч прыйшлі ў суд падтрымаць лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП

— А вы бачыце паралелі вашай справы са справай праваабаронца Алеся Бяляцкага зь «Вясны»?

— Безумоўна. Па-першае, гэта адзін і той жа год, 2011- ты. Алеся Бяляцкага тады арыштавалі і выставілі абвінавачаньне, але і наша справа, мяркуючы да дакумэнтах, бярэ пачатак у 2011 годзе. І па сутнасці падабенства таксама — абвінавачваньне ў нявыплаце падаткаў.

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) яшчэ тады дала свае рэкамэндацыі беларускаму ўраду, што дэкрэт №24, які не дае магчымасьці недзяржаўным арганізацыям атрымліваць гуманітарную дапамогу, трэба скасаваць, бо ён супярэчыць абавязаньням Беларусі. Але ўсё застаецца, як было. Ціск на нас як пачаўся ў 2011 годзе, так і не канчаецца.

— Якія цяпер настроі ў працоўных, ці могуць яны ўзьняцца на пратэст, як гэта было ў 1991 годзе?

Пад лёзунгам, што кепская ўлада, людзі ня выйдуць на пратэст, але сацыяльныя праблемы могуць падштурхнуць
Генадзь Фядыніч

— Пад лёзунгам, што кепская ўлада, людзі цяпер ня выйдуць, бо прызвычаіліся і расчараваліся ва ўсіх, але сацыяльныя праблемы могуць падштурхнуць. Нізкія заробкі, пэнсійная рэформа… ды шмат такіх сацыяльных праблем, тыя ж тарыфы ЖКГ.

— А пагроза незалежнасьці?

— Скажу так: працоўным найперш патрэбны добрыя заробкі. Яны кажуць, што ўсё роўна, на каго рабіць — ці на дзядзьку, ці на пана. Але як мне бачыцца, гэтага недастаткова. Калі ты жывеш у гэтай краіне, ты грамадзянін Беларусі, дык мусіш разумець, што як у цябе былі тут продкі, так мусяць быць і нашчадкі.

Нельга абмежавацца толькі клопатам пра тое, што есьці і піць, а трэба і пра іх падумаць, пра тую краіну, зямлю, на якой ім давядзецца расьці і жыць. Але гэта пачуцьцё трэба выхоўваць.

Цяперашняя ўлада, калі што і робіць, дык, на мой погляд, надзвычай мала. Замест таго, каб аб’ядноўваць людзей у адзін народ, іх разьядноўваюць. Але вы разьядналі людзей, а калі спатрэбіцца, можаце і не сабраць, бо веру ва ўладу людзі згубілі.

Падсудны бухгальтар РЭП Ігар Комлік: «Справу скляпалі на загад»

Галоўны бухгальтар прафсаюзу РЭП Ігар Комлік таксама лічыць, што крымінальная справа аб нясплаце падаткаў супраць яго і Генадзя Фядыніча мае палітычныя карані і нацэленая на ліквідацыю найбольш актыўнай незалежнай прафсаюзнай арганізацыі краіны.

Ігар Комлік
Ігар Комлік

Пры гэтым Комлік ня лічыць вынік суду прадвызначаным і кажа, што ў справе шмат нестыковак, якія пакідаюць абароне нямала шанцаў.

Гэтыя абвінавачаньні зусім без доказаў
Ігар Комлік

«Справу склеілі альбо вельмі непрафэсійна з прычыны нізкай кваліфікацыі, альбо знарок так, каб яна развалілася ў судзе», — заўважыў ён і прывёў некалькі прыкладаў.

«У справе фігуруе нібыта мая маёмасьць: загарадны дом за 42 тысячы эўра і кватэра ў Менску за такія ж грошы, — кажа Комлік. — Што нібыта я накраў. Між тым, за ўсё маё жыцьцё я ніколі не набываў ніякай нерухомасьці, хоць, можа, тут і няма чым ганарыцца. Гэтыя абвінавачаньні зусім без доказаў.

«Другі „ляп“ сьледчых — нібыта ў мяне ёсьць аўтамабіль МАЗ. Насамрэч у мяне ёсьць аўтамабільны прычэп «Зубраня», які выпускалі на МАЗе. Тут яўна сьледчыя рабілі такую карцінку, якая ім патрэбна.

Трэці ляп — ад элемэнтарнай ляноты. У матэрыялах справы фігуруюць дадзеныя пра мае штрафы ад ДАІ, і сярод іх штраф за перавышэньне хуткасьці ў верасьні 2017 году. Але я быў арыштаваны 2 жніўня і ў СІЗА адбыў па кастрычнік. Дык мо я там па калідорах ізалятара ганяў зь перавышэньнем хуткасьці?

«Нарэшце, самае сьмешнае: прыплялі да маёй справу цешчу, якая нібыта жыве ў Віцебску. Але ў мяне зусім іншая цешча, якая з Магілёва. Зноў пытаньне: хіба цяжка было праверыць? Вось так скляпалі ўсю справу — на загад, „задняй нагой”, з упэўненасьцю, што ўсё роўна ніхто ня будзе правяраць і караць за памылкі», — мяркуе Ігар Комлік.

Што важна ведаць

  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • Паводле гэткага ж артыкулу (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 годзе праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG