Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка ў «справе РЭП», які на допыце прызнаўся ў перавозцы грошай, у судзе ад паказаньняў адмовіўся


Суд у «справе РЭП», архіўнае фота

На другі дзень працэсу над лідэрамі прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам працягваюць дапытваць сьведак.

Сьведка Мікалай Герасіменка расказаў у судзе, што да яго прыехалі раніцай 2 жніўня 2017 году двое ў цывільным на дарагой іншамарцы, павезьлі ва ўпраўленьне Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў на вуліцу Петруся Броўкі ў Менску і цягам 8 гадзін дапытвалі.

На допыце яму пагражалі, кажучы: «Сёньня адсюль ня выйдзеш, канвой побач, прызнавайся».

Прэс-сакратар прафсаюзу Мікалай Герасіменка, архіўнае фота
Прэс-сакратар прафсаюзу Мікалай Герасіменка, архіўнае фота

Герасіменка займаў у РЭП пасаду спэцыяліста па інфармацыйнай працы і езьдзіў на сэмінары ў розны час, тэмы — афармленьне сайту, кампутарная бясьпека. Заробак у РЭП атрымліваў па ведамасьці. Іншых узнагароджаньняў не атрымліваў. Ведае, што бюджэт прафсаюзу фармуецца зь сяброўскіх складак і добраахвотных ахвяраваньняў. Пра перавоз грошай нічога ня ведае, ніколі гэтым не займаўся, наагул пра фінансавыя справы прафсаюзу нічога ня ведае. Адзін раз яму перадалі грошы ў канвэрце — кампэнсацыю за праезд на сэмінар.

Сьведка настойвае, што яму пагражалі і што ён падпісаў пратакол без акуляраў, не чытаючы. Прымусілі таксама зрабіць падпіску аб невыдаваньні. Пазьней яго выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт.

Пракурор зачытаў пратакол допыту Герасіменкі ад 2 жніўня, паколькі ёсьць супярэчнасьці ў паказаньнях:

«Акрамя заробку па ведамасьці памерам у 200 рублёў, штомесяц я атрымліваў 300 эўра ў канвэрце. Таксама я перавозіў грошы ў белым канвэрце зь Вільні, ня ведаў, колькі там, усяго разоў 8».

Грошы перадавалі Комлік ці Фядыніч у Вільні на вакзале ці ў транспарце, вяртаў канвэрт пасьля перасячэньні мяжы. Грошы перавозілі і іншыя калегі па працы — Есіповіч, Юхнавец, Пічужкіна ды іншыя.

Герасіменка прызнаў, што паказаньні даваў, але часткова зь імі ня згодны. У судзе заявіў: тое, што 8 разоў перавозіў грошы — гэта няпраўда, ён прасіў раней выключыць гэта з пратаколу допыту, паколькі даваў паказаньні пад пагрозамі ў прыгнечаным, запалоханым стане, лічачы сябе падазраваным у справе.

Дабратвор: «У пратаколе сьледчы пісаў тое, што яму патрэбна»

Другі сьведка, Ільля Дабратвор, працаваў у прафсаюзе цягам году ў 2015-м, заробку ня меў, аднак пісаў заявы на матэрыяльную дапамогу і яе атрымліваў. За мяжу па лініі РЭП не выяжджаў, на тэрыторыі Беларусі — удзельнічаў.

Ільля Дабратвор, архіўнае фота
Ільля Дабратвор, архіўнае фота

Паколькі ёсьць супярэчнасьці зь пісьмовымі паказаньнямі, судзьдзя зачытала пратакол допыту: «Дабратвор штомесяц атрымліваў неафіцыйна матэрыяльнае ўзнагароджаньне ад Комліка ці Фядыніча, пры гэтым расьпісваўся ў блянку».

Дабратвор у судзе адмовіўся ад гэтых паказаньняў, бо, маўляў, сьпяшаўся забіраць дзяцей і падпісаў, не чытаючы пратаколу.

«Я не даваў такіх паказаньняў падчас допыту, падпісаў пратакол даверліва, думаючы, што сьледчы пісаў тое, што я казаў. А там вольная трактоўка маіх слоў, сьледчы пісаў тое, што яму было патрэбна».

Галіна Сьмірнова: «Мяне дапытвалі як члена арганізаванай злачыннай групы»

Сьведка Галіна Сьмірнова — старшыня Бабруйскай гарадзкой арганізацыі прафсаюзу з 2012 году. Яна абурылася мэтадамі працы сьледчых:

«Мяне дапытвалі як члена арганізаванай злачыннай групы… Калегі таксама дзяліліся ўражаньнямі, што да іх ставіліся як да злачынцаў і на іх ціснулі».

Галіна Сьмірнова сказала, што ні заробку, ні ўзнагароджаньняў у прафсаюзе не атрымлівае. Двойчы была ў Швэцыі па абмене вопытам з прафсаюзамі. Грошай празь мяжу не перавозіла і прапаноў такіх не атрымлівала. Ахарактарызавала Фядыніча як надзвычай сумленнага і адказнага чалавека, адзначыла станоўчыя якасьці Комліка.

Яна адзначыла ў судзе, што лічыць прафсаюз РЭП адзінай у краіне арганізацыяй, якая дапамагае чалавеку працы.

Суд працягнецца 1 жніўня.

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачаньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.

Лідэрам РЭП выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), ім пагражае абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG