Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ўсе былі ў шоку», — з суду над кампаніяй, у якой дзяўчына загінула пасьля псыхатропу

абноўлена

8 школьнікаў і студэнтаў разам сьвяткавалі дзень народзінаў і вырашылі «яшчэ раз паспытаць МДМА» — небясьпечнае псыхатропнае наркатычнае рэчыва. 19-гадовая дзяўчына загінула. Цяпер у судзе Першамайскага раёну Менску працягваецца суд па гэтай справе.

У справе фігуруюць 8 чалавек. 21-гадовы хлопец пад вартай, шасьцёра прыйшлі на паседжаньне самі. На момант затрыманьня ў жніўні 2018-га чацьвёра зь іх былі непаўналетнія. Усім фігурантам прад’яўленае абвінавачаньне па частцы 1 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных рэчываў).

Дзьве абвінавачаныя дзяўчыны паступілі ўлетку ў прэстыжныя навучальныя ўстановы, але не прыступілі да заняткаў, бо знаходзіліся ў СІЗА.

У першай палове дня 3 студзеня ў судзе Першамайскага раёну (вядзе працэс судзьдзя Аляксандар Сяргей) апыталі трох абвінавачаных. Двое зь іх дагэтуль непаўналетнія, адной дзяўчыне толькі споўнілася 18 гадоў. Усе яны распавялі прыблізна аднолькавую карціну таго, што адбылося.

Як набылі псыхатроп

Па словах маладых людзей, большасьць зь іх знаёмыя паміж сабой некалькі гадоў. Хтосьці блізка сябруе. Упершыню МДМА яны паспыталі на вечарынцы 14 ліпеня, дзе сустрэліся прыблізна такім жа складам. Пасьля сталі абмяркоўваць, як паўтарыць гэты досьвед.

«Проста спантанна ўсе вырашылі, хацелі паўтарыць», — кажуць маладыя людзі. Ніхто з дапытаных сёньня ў судзе ня меў досьведу набыцьця наркатычных рэчываў. Меркавана, яны хацелі набыць 2 грамы МДМА па цане прыблізна 80 даляраў. З кожнага з удзельнікаў сабралі суму ад 17 рублёў.

Адна з абвінавачаных распавяла, што за сабраныя грошы набылі біткойны, каб расплаціцца за набытае рэчыва. Пасьля пералічэньня грошай каардынаты з закладкай атрымала непаўналетняя дзяўчына. Разам з двума іншымі непаўналетнімі фігурантамі яны паехалі забіраць закладку ў лясны масіў у раёне вуліцы Ангарскай у Менску. Шукалі амаль паўгадзіны.

«Гэта быў скрутак у зялёнай ізаленце», — згадваюць абвінавачаныя.

Пасьля прывезьлі на кватэру дзяўчыны, у якой мелася адбыцца вечарынка.

4 жніўня кампанія сабралася адзначыць дзень народзінаў аднаго са сваіх.

«Хацелі правесьці час у гэтай кампаніі яшчэ раз. Усе мусілі разьяжджацца дзеля ўнівэрсытэтаў, пачыналася вучоба. Не зразумела было, калі пабачымся наступным разам», — кажа адзін з апытаных. Судзьдзя пытаецца: правесьці добра час разам — ці азначае гэта «прымаць наркотыкі»? Той адказвае: «Цяпер я з гэтым не пагаджуся, але тады ў мяне не было поўнага разуменьня пра тое, наколькі небясьпечнымі могуць быць наступствы».

Як ужывалі рэчыва

У кватэру прынесьлі электронную вагу, вітаміны ў капсулах. Вітаміны высыпалі, а капсулы касмэтычнымі шчыпчыкамі напоўнілі наркатычным рэчывам. Мяркуецца, што на кожнага з удзельнікаў прыпала па дзьве капсулы. Каб выпіць другую капсулу ў час, паставілі таймэр на тэлефоне.

«Проста выпілі, запілі вадой», — кажуць апытаныя ў судзе абвінавачаныя.

«Мне стала добра, хацелася весяліцца, танцаваць, усё было нармальна, — кажа непаўналетняя абвінавачаная. — Пасьля N. стала кепска. Мы выклікалі хуткую. Яе не ўратавалі».

Зь нябожчыцай застаўся адзін хлопец. Усе астатнія паехалі на найманую кватэру аднаго з абвінавачаных, дзе засталіся да наступнага ранку.

«Мы ўсе былі ў шоку», — паўтараюць маладыя людзі. У кожнага з абвінавачаных пракурор, адвакаты і судзьдзя пытаюцца, як яны цяпер ставяцца да таго, што адбылося.

«Я зрабіла высновы пра наркатычныя сродкі, — у сьлязах кажа дзяўчына. — Я зразумела, наколькі наркотыкі шкодныя, больш ніколі не хачу іх ужываць».

Суд Першамайскага раёну Менску
Суд Першамайскага раёну Менску

У кожнага з абвінавачаных свой адвакат. У залі іхныя сваякі і вельмі шмат журналістаў.

У калідорах суду сабраліся сваякі зьняволеных па 328-м артыкуле. Большасьць зь іх лічыць гэты судовы працэс паказальным. Іх зьдзіўляе, чаму папярэднія працэсы, на якіх іхнія непаўналетнія дзеці атрымалі вялікія тэрміны зьняволеньня, праходзілі паводле іншага сцэнару.

Паседжаньне па справе працягнулася пасьля перапынку апытаньнем наступнага абвінавачанага — 19-гадовага студэнта Акадэміі музыкі. Гэта ягоны дзень народзінаў кампанія сабралася адзначаць 4 жніўня ў кватэры ягонай дзяўчыны — той самай, што загінула ад псыхатропу. Першы раз, кажуць удзельнікі, наркотык паспыталі, адзначаючы яе дзень народзінаў. Хлопец кажа, што пасьля ўсяго, што здарылася, два месяцы лячыўся ў стацыянары ў РНПЦ псыхічнага здароўя. Дагэтуль прымае сур’ёзныя лекі і наведвае псыхатэрапэўта.

На пытаньне, чаму для «паспытаць» выбралі МДМА, адказвае:

«Мне здавалася, што гэты наркотык больш-менш бясьпечны. Я прачытаў у інтэрнэце».

Хлопец кажа, што пра ўсе абставіны вечарынкі даведваўся ад сваёй дзяўчыны. Як і хто набываў наркотык, ён ня ведае. Сам спажыў дзьве капсулы расфасаванага рэчыва зь перапынкам больш як у гадзіну.

«Адчуў адкрытасьць, хацелася больш камунікаваць, прыемна было слухаць музыку, танцаваць», — апісвае ён свой стан.

Далейшых падзей ён ня памятае. Да моманту, пакуль ня стала кепска ягонай дзяўчыне.

Яшчэ адна дзяўчына — 19-гадовая студэнтка — страціла падчас вечарынкі сваю найлепшую сяброўку. Кажа, што наркотык тады паспытала ўпершыню.

«Я баялася, доўга адмаўлялася, але пасьля вырашыла. Яна сказала, што мы будзем разам і ўсё будзе добра», — кажа яна. Аднак ужо пасьля першай капсулы дзяўчыне стала кепска. Прымаць другую яна адмовілася.

«Калі N. стала кепска, я паклікала на дапамогу. Яе вынесьлі з пакоя, паклалі ў ванну ў ваду, яна страціла прытомнасьць. Я выклікала хуткую. Паставіла на гучную сувязь выклік, і нам казалі, што рабіць», — кажа яна. «Мне было вельмі страшна, я нэрвавалася», — часта паўтарае дзяўчына.

Адзіны з абвінавачаных, які цяпер за кратамі, — 21-гадовы хлопец, які са свайго тэлефона аплаціў набыцьцё наркотыка і атрымаў каардынаты з «закладкай». Ён вучыўся ў БДУІР, займаецца праграмаваньнем, апошнім часам асвойваў гандаль на крыптавалютнай біржы. Сам ён кажа, што ўнёс для ўдзелу ў вечарынцы абумоўленую для ўсіх суму — 17 рублёў. Мэханізм набыцьця рэчыва апісвае так: «Мне далі спасылку на канкрэтны тавар, я перавёў туды біткойны і зрабіў пакупку. Аўтаматычна зьявілася выява месца закладкі і апісаньне». Хто і як забіраў закладку, хлопец ня ведае.

На саму вечарынку, кажа ён, вырашыў пайсьці ў апошні момант разам са сваёй дзяўчынай, якая цяпер таксама абвінавачаная па справе. У падарунак купілі набор інгрэдыентаў для кактэйлю зь фільму «Вялікі Лэбоўскі». Ён спажыў дзьве ампулы. Пасьля другой яму стала кепска, званітавала, ачуняў праз 20 хвілін. Гаспадыні кватэры стала кепска каля 12 гадзіны ночы.

«Здавалася, што гэта эпілептычны прыпадак. Выклікалі хуткую, рабілі ўсё, што яны казалі праз тэлефон», — кажа ён.

Даваць паказаньні пра сваю сяброўку, якая на той момант была яшчэ непаўналетняй, хлопец адмаўляецца. Яна на судзе сьцьвярджае, што нічога не спажывала і ня ведала пра спажываньне. Кажа таксама, што яе зьдзівіла, чаму хуткую дапамогу не выкліка́лі хвілін «дваццаць ці сорак». Віны сваёй дзяўчына не прызнае.

Расьсьледаваньне працягваецца

Расьсьледаваньне акалічнасьцяў сьмерці дзяўчыны працягваецца.

«Расьсьледаваньне крымінальнай справы па частцы 5 артыкула 328 па факце сьмерці дадзенай 19-гадовай дзяўчыны працягваецца. На цяперашні момант асоба, якая падлягае прыцягненьню да адказнасьці, не ўстаноўленая.

Па справе працягваецца правядзеньне апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраванае на ўстанаўленьне асобы, якая збыла кампаніі студэнтаў-школьнікаў забароненае рэчыва, у выніку спажываньня якога адна з удзельніц вечарынкі памерла.

Ёсьць заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы, вынікі якой пацьвярджаюць, што сьмерць наступіла ў выніку спажываньня забароненага рэчыва», — паведаміла Радыё Свабода прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG