Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь у лідэрах па тэмпах заражэньня ВІЧ


Быў час, калі сацыяльная рэкляма на тэму ВІЧ сустракалася ў Беларусі паўсюль: бігборды на вуліцы, плякаты ў грамадзкім транспарце, ролікі на тэлебачаньні. У апошнія гады такіх матэрыялаў у публічнай прасторы значна паменела, і зьяўляюцца яны пераважна ў паліклініках і лякарнях. А вірус імунадэфіцыту чалавека распаўсюджвацца не перастаў.

Больш за тое: паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь займае трэцяе месца ў Эўропе па тэмпах заражэньня ВІЧ.

Горш чым у нас, сытуацыя толькі ва Ўкраіне і ў Расеі. І праблема ў тым, што простага вяртаньня сацыяльнай рэклямы на вуліцы будзе недастаткова: трэба дадаткова ўводзіць у школы сэксуальную адукацыю і змагацца зь мітамі вакол гэтай тэмы.

У якасьці бонусу добра было б пазбавіць дыплёма і звольніць з паліклінікі тую самую тэрапэўтку, якая адмаўляе існаваньне ВІЧ. Чаму ў мэдыцыне дакладна не месца, дык гэта ВІЧ-дысыдэнцтву.

У цяперашніх умовах ВІЧ — гэта не сьмяротная, а хранічная хвароба, зь якой можна доўга жыць, заводзіць біялягічна родных дзяцей (і не перадаваць ім вірус) і ўвогуле ні ў чым сябе не абмяжоўваць. Трэба проста па раскладзе прымаць лекі і ня верыць у міты.

ВІЧ не перадаецца ў побыце: праз пацісканьне рук, праз агульны посуд, праз пацалункі. Нават у бойцы пры кантакце «рана да раны» заразіцца даволі складана. Але людзі са станоўчым ВІЧ-статусам не дарма прыхоўваюць дыягназ ад навакольных: міты пра спосабы перадачы настолькі жывучыя, што, адкрыўшыся знаёмым, можна застацца ў сацыяльнай ізаляцыі. А прыстойныя, здавалася б, людзі. Разумныя.

Дыягназ застаецца стыгмай, зь якой на высокім узроўні асабліва не змагаюцца. Замест таго, каб прызнаць памылкі і паспрабаваць іншыя спосабы барацьбы з праблемай, дзяржава працягвае гнуць сваю лінію: арганізаванага сэкспрасьвету ў школе як не было, так і няма; расказваць падлеткам пра прэзэрватывы лічыцца чымсьці няправільным і нават распусным, затое квітнее і распаўсюджваецца ідэя аб тым, што ВІЧ — гэта нібыта хвароба геяў і нарказалежных.

Калі вы таксама думаеце, што асноўныя «групы рызыкі» — гэта мужчыны, якія маюць сэкс з мужчынамі, і людзі, якія ўжываюць наркотыкі ўнутрывенна, у мяне для вас сюрпрыз: ва ўсходняй Эўропе, калі не лічыць Расею, 68% выпадкаў ВІЧ перадаецца праз гетэрасэксуальны кантакт. Калі ўлічваць Расею, дык 59%. І як бы ні хацелася камусьці верыць у тое, што насоўваньне на палец шлюбнага пярсьцёнка аўтаматычна ачышчае арганізм ад усіх вэнэрычных захворваньняў, гэта ня так.

Калі я вучылася ў школе, да нас прыходзіла доктарка, якая расказвала нешта пра мэнструацыю, небясьпеку раньняга сэксу і пра тое, што лепей увогуле чакаць да шлюбу. Яна нічога не казала пра неабходнасьць рэгулярна здаваць аналізы, пра тое, як важна карыстацца прэзэрватывамі, і пра тое, што адмаўляцца ад прэзэрватываў трэба не тады, калі проста захацелася, а тады, калі і партнэр, і партнэрка пройдуць тэст на ВІЧ.

Апошні раз я здавала адпаведны аналіз 5 месяцаў таму. Калі я ўпершыню вырашыла праверыцца па ўласнай ініцыятыве, доктарка паглядзела на мяне так, нібыта я рабіла ін’екцыю гераіну наўпрост перад ёй. І я дакладна ведаю, што мая сытуацыя не ўнікальная: я чула падобныя гісторыі ад сябровак, чытала ў розных анлайн-дыскусіях. Калі людзі з мэдычнай адукацыяй так рэагуюць на жаданьне прайсьці тэст на ВІЧ, чаго чакаць ад тых, хто адпаведнай адукацыі ня мае?

ВІЧ застаецца стыгмай, і калі гэта ня зьменіцца, у нас ёсьць усе шанцы дагнаць па тэмпах распаўсюду Ўкраіну і Расею і атрымаць сапраўдную эпідэмію.

Бяда са стыгмай яшчэ і ў тым, што паўнавартаснае жыцьцё зь ВІЧ магчымае толькі для тых, хто ведае пра свой статус і прымае тэрапію. Для ўсіх астатніх вірус застаецца сьмяротным прысудам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG