Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў адклала разгляд «наркатычнага» артыкулу на няпэўны тэрмін


Актывісткі руху «Маці-328» ля Палаты прадстаўнікоў

У парадку дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў 19 сьнежня значылася пытаньне «Аб унясеньньні зьменаў і дапаўненьняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь».

Дэпутат Васіль Чэкан, які прадстаўляў гэты дакумэнт, адзначыў, што камісія па нацыянальнай бясьпецы прыняла рашэньне выключыць зьмены да 328 артыкулу Крымінальнага кодэксу, вядомага як «наркатычны». Такі крок Васіль Чэкан патлумачыў тым, што застаюцца супярэчнасьці зь некаторымі дзяржаўнымі структурамі адносна мэтазгоднасьці зьмякчэньня пакараньня. Па-другое, магчыма, трэба будзе перагледзець ня толькі 2 і 3 часткі артыкулу, а таксама і іншыя. Таму камісія прыняла рашэньне працягнуць працу.

29 чэрвеня падчас першага чытаньня зьмены былі прынятыя, але ў другім чытаньні рашэньне адклалі. Як сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, ня выключана, што пытаньне будзе перанесена ў іншы законапраект.

Такім чынам, паколькі восеньская сэсія палаты прадстаўнікоў зааяршае сваю працу 20 сьнежня, 328 артыкул разглядацца ўжо ня будзе. Наступным разам дэпутаты зьбяруцца толькі 2 красавіка 2019 году.

Пасьля завяршэньня паседжаньня Васіль Чэкан патлумачыў журналістам альгарытм далейшай працы над 328 артыкулам. Ён сказаў, што ў выглядзе асобнага законапраекту гэтае пытаньне на разгляд дэпутатаў выносіцца ня будзе.

«Сёньня мы прынялі зьмены ў Крымінальны кодэкс і будзем рыхтаваць новыя. Калі іх набярэцца пэўная колькасьць, тады сярод іншых пытаньняў зможам уключыць і артыкул 328», — сказаў дэпутат.

Паводле Васіля Чэкана, камісія па нацыянальнай бясьпецы падтрымлівала прапановы зьнізіць плянкі за наркатычныя злачынствы з 5 да 3 і з 8 да 6 гадоў. Разам з тым, МУС і падразьдзяленьні, якія змагаюцца з наркатрафікам, супраць зьмякчэньня заканадаўства. Іх непакоіць, што аслабленьне пакараньня можа прывесьці да рэзкага прытоку наркотыкаў з Расеі праз некантраляваную мяжу.

Дэпутат нагадаў, што ў верасьні Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі праводзіў адмысловае апытаньне. За лібэралізацыю заканадаўства выступілі ўсяго 4,6% апытаных, а большая палова выказала перакананьне, што законы трэба зрабіць яшчэ больш жорсткімі.

Васіль Чэкан сказаў, што ў мінулую пятніцу чальцы камісіі сустракаліся з удзельніцамі кампаніі «Маці 328», выслухалі іх прапановы адносна магчымых зьменаў у заканадаўстве. Яны будуць улічаныя, паабяцаў дэпутат.

Тым часам зьявіліся зьвесткі, што 20 сьнежня а 10-й раніцы маці асуджаных па наркатычных артыкулах зьбіраюцца пікетаваць Палату прадстаўнікоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG