Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне грамадзтва да сьмяротнага пакараньня кардынальна не зьмянілася, — улады


Ілюстрацыйнае фота. Турэмная роба асуджанага на сьмяротнае пакараньне

Беларусь «пасьлядоўна ідзе шляхам абмежаваньня прымяненьня» сьмяротнага пакараньня, аднак у краіне не адбылося кардынальных зьменаў грамадзкай думкі, гаворыцца ў адказе Адміністрацыі прэзыдэнта на калектыўны зварот актывістаў з заклікам увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, піша БелаПАН.

«Разглядаючы сьмяротнае пакараньне як зьяву выключную (сьмяротныя прысуды ў асноўным выносяцца за забойства, як правіла, дзьвюх і больш асобаў, па сукупнасьці іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў), Беларусь пасьлядоўна ідзе шляхам абмежаваньня яго прымяненьня», — заявіў у адказе на зварот прадстаўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Рыгор Шлык.

Ён адзначыў, што сьмяротнае пакараньне было выключана з санкцый шэрагу артыкулаў, не ўжываецца ў дачыненьні непаўналетніх і жанчын, а таксама мужчын, якія дасягнулі да дня вынясеньня прысуду 65 гадоў; у якасьці альтэрнатывы прымяняецца пажыцьцёвае зьняволеньне, а максымальны тэрмін пазбаўленьня волі павялічаны да 25 гадоў.

Разам з тым, адзначыў чыноўнік, у Беларусі «не адбылося кардынальных зьменаў грамадзкай думкі ў пытаньні сьмяротнага пакараньня» — па выніках праведзенага ў 1996 годзе рэфэрэндуму больш за 80% беларусаў, якія ўзялі ў ім удзел, выказаліся за яго захаваньне. Рыгор Шлык падкрэсьліў, што пытаньне «неабходна вырашаць толькі з улікам думкі насельніцтва нашай краіны».

На зварот адказаў і старшыня камісіі правоў чалавека Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч, які кіруе рабочай групай для вывучэньня праблематыкі сьмяротнага пакараньня. Ён паўтарыў, што ў гэтым пытаньні «асноватворнай зьяўляецца гатоўнасьць грамадзтва да такіх рашэньняў», а 80% на рэфэрэндуме 1996 году галасавалі за захаваньне сьмяротнага пакараньня.

Паводле дэпутата, «цяпер адзінага пункту гледжаньня адносна пэрспэктываў адмены выключнай меры пакараньня ў нашай краіне няма». «У сувязі з гэтым вашыя прапановы не падтрымліваюцца», — сказаў Навумовіч.

10 сьнежня кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак і сустаршыня аргкамітэту рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў баявых дзеяньняў у Аўганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандар Камароўскі накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў зварот з заклікам да ўладаў увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

У 2018 годзе ў Беларусі пакаралі сьмерцю чатырох чалавек: неаднаразова судзімага жыхара Нароўлі Аляксея Міхаленю, які ў сакавіку 2016 году забіў суседзяў-пэнсіянэраў; Віктара Лётава, які ў 2017 годзе быў прызнаны вінаватым у забойстве сукамэрніка ў папраўчай калёніі ў Глыбокім, а таксама двух фігурантаў справы «чорных рыелтараў» Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, цяпер у камэры сьмяротнікаў застаюцца прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек Аляксандар Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG