Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Білі малатком, каб узяў „на сябе“». Расстралялі магілёўца, абвінавачанага ў справе аб шасьці забойствах


Суд па справе «чорных рыэлтараў», студзень 2018
Суд па справе «чорных рыэлтараў», студзень 2018

Стала вядома, што выкананы сьмяротны прысуд Сямёну Беражному, асуджанаму ў справе «чорных рыэлтараў» з Магілёва. Пра гэта піша праваабарончы цэнтар «Вясна» са спасылкай на сваякоў Беражнога.

За што асудзілі Беражнога?

Паводле сьледзтва, чацьвёра «чорных рыэлтараў» з Магілёва цягам шасьці гадоў пераконвалі ўласьнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасьля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсьць пахаваньняў і тры яміны, падрыхтаваныя для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алькаголем і мелі цяжкае матэрыяльнае становішча.

Летась Беражны сьцьвярджаў, што пасьля затрыманьня яго кожныя два дні білі на допытах малатком і нагамі, зламалі рабрыну, і патрабавалі «ўзяць усё на сябе».

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году асудзіў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на сьмяротнае пакараньне, прызнаўшы іх вінаватымі:

  • у забойстве 6 чалавек;
  • у падрыхтоўцы забойства яшчэ траіх;
  • у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымаганьне, разбой, захоўваньне наркатычных рэчываў).

Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтараў» былі таксама:

  • жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;
  • жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.

Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG