Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы і Эўразьвяз заклікалі Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне


Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд

Такое рашэньне можа наблізіць Беларусь «да агульнаэўрапейскіх стандартаў», гаворыцца ў адозве прадстаўнікоў Рады Эўропы і Эўразьвязу.

З нагоды Эўрапейскага і Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца 10 кастрычніка, Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд і Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні выступілі з сумеснай заявай. Асноўны пасыл яе быў скіраваны да ўладаў Беларусі, адзінай краіны Эўропы, дзе караюць сьмерцю.

У заяве найперш адзначаецца, што ў гэты дзень Рада Эўропы і Эўразьвяз настойваюць на рашучым непрыняцьці найвышэйшай меры пакараньня пры любых абставінах і ва ўсіх выпадках.

«Сьмяротнае пакараньне — гэта абраза чалавечай годнасьці. Яно зьяўляецца жорсткім, бесчалавечным і зьневажальным крокам, супярэчыць праву на жыцьцё. Сьмяротнае пакараньне ня мае даказанага прэвэнтыўнага эфэкту і робіць судовыя памылкі незваротнымі», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні
Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні

Усе дзяржавы Эўразьвязу адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня. Яго адмена на заканадаўчым узроўні ці на практыцы ёсьць адной з абавязковых умоваў сяброўства ў Радзе Эўропы. Абсалютная забарона на прымяненьне сьмяротнай кары пры любых абставінах замацавана ў пратаколе № 6 і № 13 да Эўрапейскай канвэнцыі па абароне правоў чалавека, а таксама ў Хартыі Эўрапейскага зьвязу аб асноўных правах.

«Мы заклікаем эўрапейскія дзяржавы, якія яшчэ не ратыфікавалі гэтыя дакумэнты, зрабіць гэта. Мы таксама паўтараем наш заклік да ўладаў Беларусі — адзінай краіны на эўрапейскім кантынэнце, якая ўсё яшчэ ўжывае сьмяротнае пакараньне, — увесьці мараторый у якасьці рашучага кроку, які набліжае краіну да агульнаэўрапейскіх стандартаў», — адзначаюць Турбʼёрн Ягланд і Фэдэрыка Магерыні.

На міжнародным узроўні Рада Эўропы і ЭЗ працягнуць дамагацца адмены сьмяротнага пакараньня. У прыватнасьці, будзе падтрымана будучая рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН аб мараторыі на ўжываньне сьмяротнага пакараньня, а ў лютым 2019 году ў Брусэлі пройдзе Сусьветны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня.

Таксама Рада Эўропы і Эўразьвяз настойліва заклікаюць краіны, якія ўсё яшчэ прымяняюць сьмяротнае пакараньне, да замены сьмяротных прысудаў турэмным зьняволеньнем. У адпаведнасьці зь міжнародным правам, гэтыя краіны не павінны прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды ў дачыненьні непаўналетніх, цяжарных жанчын, а таксама асобаў, якія пакутуюць ад псыхічных захворваньняў.

Акрамя таго, неапраўданым зьяўляецца ўжываньне сьмяротнага пакараньня ў дачыненьні асобаў, абвінавачаных у эканамічных злачынствах; асобаў, якія самі зьяўляюцца ахвярамі такіх цяжкіх злачынстваў, як згвалтаваньне ў шлюбе і чые дзеяньні ў парадку самаабароны прывялі да выпадковай сьмерці другога чалавека.

Як паведамляла Свабода, беларускія праваабаронцы ладзяць «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня», які сёлета прысьвечаны ўмовам утрыманьня вязьняў, асуджаных на сьмерць.

Ад сярэдзіны 1990-х гадоў у Беларусі вынесена больш як 300 сьмяротных прысудаў. Летась расстралялі дваіх асуджаных. Цяпер у турме знаходзяцца 4 чалавекі зь сьмяротным выракам: Сямён Беражны, Ігар Гершанкоў, Аляксандар Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG