Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У завядзеньні справы адмовіць». СК пра сьмерць салдата, якога знайшлі павешаным падчас працэсу Коржыча


Пахаваньне Аляксандра Арлова ў вёсцы Краснае

Вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Арлова знайшлі ў пятлі 5 верасьня. На яго шыі былі дзьве стангуляцыйныя баразны. Родныя катэгарычна ня згодныя з вэрсіяй пра суіцыд.

20-гадовага Аляксандра Арлова зь вёскі Краснае Карэліцкага раёну пахавалі 7 верасьня. У Менску ў гэты час ішоў працэс у справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча. Арлова, як і Коржыча, знайшлі ў пятлі ў частцы, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Цела адвезьлі на экспэртызу, пасьля перадалі родным. Афіцыйная вэрсія сьмерці, агучаная на сайце Мінабароны, — суіцыд. Маці загінулага салдата Вольга выказвала сумненьні ў гэтым ужо ў дзень пахаваньня. На шыі яе сына былі відаць дзьве стангуляцыйныя баразны, што, на яе думку, можа сьведчыць пра крымінальны характар здарэньня.

Пахаваньне Аляксандра Арлова, верасень 2018
Пахаваньне Аляксандра Арлова, верасень 2018


Праверку па факце сьмерці Аляксандра Арлова праводзілі ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Гродзенскай вобласьці. Яна пачалася ў верасьні і працягвалася амаль пяць месяцаў. Па словах маці загінулага салдата Вольгі, у СК ёй расказвалі пра неабходнасьць апытаць саслужыўцаў сына, а таксама правесьці вялікую колькасьць экспэртыз. Ліст з вынікамі праверкі Вольга атрымала толькі 26 студзеня 2019 году.



«Даслалі ліст. Пішуць, што схіленьня да самагубства не было, — расказала Свабодзе Вольга. — 17.01.2019 упраўленьнем Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласьці прынятае рашэньне адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы па факце сьмерці Арлова А. праз адсутнасьць складу злачынства. А адкуль дзьве баразны на шыі і пашкоджаньне скуры на лбе — пра гэта нічога не гавораць. Тэксту мэдыцынскай экспэртызы цела сына мне ніхто не паказаў. Сьледчая сказала, што ня мае права мне яго паказваць. Трэба пісаць заяву з просьбай даць магчымасьць азнаёміцца. Заяву будуць разглядаць, і тады прымуць рашэньне, ці я магу ўбачыць гэтыя дакумэнты».

Маці Аляксандра Арлова Вольга
Маці Аляксандра Арлова Вольга


Родныя Аляксандра Арлова зьбіраюцца абскарджваць пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па частцы 1 артыкула 145 (давядзеньне да самагубства) і частцы 1 артыкула 146 (схіленьне да самагубства). Менавіта гэтыя артыкулы згадваюцца ў атрыманым маці загінуўшага салдата лісьце.

«Напісана, што не давядзеньне да самагубства, — гаворыць маці загінулага. — А хто яго тады пабіў, хто павесіў? Адкуль дзірка ў галаве? Здымкі ўсе бачылі. Дзьве баразны на шыі. Гэта не рэальна. Атрымліваецца, што ён сябе адзін раз падушыў, потым другі раз палез. Гэта ж абсурд, разумееце?»



Паводле маці загінулага на пачатку верасьня салдата, за час сьледзтва да яе ў вёску Краснае пад Карэлічамі некалькі разоў прыяжджалі вайскоўцы са слонімскай часткі, дзе служыў сын. Яны цікавіліся ходам праверкі і прапаноўвалі грошы. На думку жанчыны, такім чынам вайскоўцы спрабавалі дамагчыся яе падтрымкі.

«Я адмовілася ад грошай, сказала, што буду чакаць вынікаў праверкі, — расказвае Вольга. — Нават не пытала, колькі яны хочуць мне даць. Мне ад іх нічога ня трэба».


Паводле афіцыйнай інфармацыі Мінабароны, пасьля Аляксандра Коржыча ў беларускім войску ў выніку няшчасных выпадкаў і суіцыдаў загінулі ўжо шэсьць вайскоўцаў. Выпадак Коржыча стаў адзіным за працяглы пэрыяд афіцыйна прызнаным фактам давядзеньня да самагубства. Пры гэтым як абвінавачаныя ў яго сьмерці сяржанты, так і маці салдата Сьвятлана Коржыч з высновамі суду не пагадзіліся і падалі касацыйныя скаргі на прысуд. Дата іх разгляду пакуль невядомая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG