Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд па справе Коржыча амаль скончаны. Коратка пра асноўнае, што мы даведаліся на працэсе


Магіла Аляксандра Коржыча

Дзедаўшчына, апраўданьні абвінавачаных, паказаньні афіцэраў і несупадзеньні ў афіцыйнай вэрсіі пра суіцыд.

18 верасьня судовы працэс па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча быў прыпынены на 10 дзён. Гэта першы працяглы перапынак ад пачатку разгляду справы. Раней суд рабіў перапынкі ня больш як на адзін дзень, гэта здаралася двойчы празь няяўку важных сьведак.

Прычынай прыпыненьня разгляду справы сталі паказаньні абвінавачаных сяржантаў пра фізычны і псыхалягічны ціск з боку КДБ падчас папярэдняга сьледзтва. Усе трое настойваюць — паказаньні, дадзеныя імі ў «амэрыканцы», не адпавядаюць рэчаіснасьці. Абвінавачаныя ў сьмерці Коржыча сяржанты Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч настойваюць, што агаварылі адзін аднаго пад ціскам супрацоўнікаў спэцслужбаў. У выніку пракурор пастанавіў правесьці адмысловую праверку. Калі заявы пра ціск КДБ не пацьвердзяцца фактамі, абвінавачаным у сьмерці салдата сяржантам пагражаюць новыя крымінальныя справы за дачу ілжывых паказаньняў.

Праверку заяў сяржантаў будзе праводзіць Сьледчы камітэт, яна зойме мінімум 10 дзён. Працэс адновіцца 8 кастрычніка. На судзе засталося толькі выслухаць пазыцыі бакоў і абвясьціць прысуд. Нагадваем коратка пра тое, што расказалі пра апошнія месяцы жыцьця Аляксандра Коржыча яго таварышы па службе, афіцэры і абвінавачаныя ў сьмерці салдата сяржанты.

Саслужыўцы — Мы ня ведаем, чаму ён павесіўся

Суд па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча пачаўся 8 жніўня. Першыя некалькі тыдняў амаль цалкам былі прысьвечаныя допыту пацярпелых — былых саслужыўцаў загінулага салдата. На суд іх прывозілі арганізавана, партыямі па некалькі дзясяткаў чалавек. Агулам судзьдзя і пракурор апыталі каля 60 салдат. Амаль усе яны расказалі пра пазастатутныя адносіны ў частцы, дзе служыў Коржыч. Найбольш частыя праявы — паборы за карыстаньне мабільнікамі і за дазвол наведваць краму, зьбіцьцё за нязначныя парушэньні дысцыпліны і правілаў зьнешняга выгляду, канфіскацыя перададзеных роднымі і сябрамі прадуктаў.

Допыт кожнага з пацярпелых працягваўся ад 30 хвілінаў да 3 гадзін. Ніхто з салдат ня выступіў з патрабаваньнем аб кампэнсацыі нанесенай яму маральнай і матэрыяльнай шкоды. Некаторыя з пацярпелых заявілі ў залі суду, што пацярпелымі сябе ня лічаць.

Коржыча саслужыўцы характарызавалі выключна станоўча. Большасьць з пацярпелых расказалі, што зьмены ў яго настроі адбыліся прыкладна за месяц да сьмерці, пасьля наведваньня мэдычнай часткі, дзе Аляксандар Коржыч лячыўся ад прастуднага захворваньня. Ніхто з саслужыўцаў ня змог патлумачыць, што магло стаць прычынай самагубства. Па іх словах, «Коржыча ніхто зь сяржантаў больш за іншых салдат ня біў».

Афіцэры — Гэта быў збой сыстэмы

На працэсе выступіла каля дзесяці афіцэраў, усіх іх дапытвалі ў якасьці сьведак. У тым ліку былога камандзіра роты Коржыча Паўла Сукавенку. Першапачаткова ён быў затрыманы па справе аб гібелі салдата, але пазьней яго справу выдзелілі ў асобную. Акрамя Сукавенкі, у суд выклікалі былога камандзіра Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах палкоўніка Чарнецкага, камандзіра часткі Коржыча падпалкоўніка Чарнова, намесьніка камандзіра роты па ідэалягічнай працы капітана Чыркова і іншых. Усе яны сказалі суду, што нічога ня ведалі пра факты пазастатутных адносінаў і пачулі пра іх упершыню альбо ад супрацоўнікаў Сьледчага камітэту, альбо ад маці Коржыча. Па словах афіцэраў, ім нічога не вядома пра прычыны сьмерці салдата. Падпалкоўнік Чарнецкі назваў трагічны выпадак «збоем сыстэмы».

Абвінавачаныя — Вінаватымі ў сьмерці Коржыча сябе ня лічым

Допыт сяржантаў, абвінавачаных у сьмерці Аляксандра Коржыча, пачаўся толькі ў сярэдзіне верасьня, больш як празь месяц ад пачатку працэсу. Усе трое заявілі, што ня лічаць сябе вінаватымі ў сьмерці былога падначаленага. Сяржанты прызналі толькі факты атрыманьня грошай ад падначаленых за дазвол карыстацца тэлефонамі ў любы час, а таксама факты нанясеньня ўдараў падначаленым салдатам. Пры гэтым абвінавачаныя заявілі, што рабілі гэта ў выхаваўчых мэтах, таму што «іначай салдатам не даходзіла».

Абвінавачаныя Ягор Скуратовіч, Яўген Бараноўскі і Антон Вяжэвіч
Абвінавачаныя Ягор Скуратовіч, Яўген Бараноўскі і Антон Вяжэвіч

Усе трое абвінавачаных заявілі, што раскайваюцца ў зробленым. Таксама сяржанты паведамілі, што да моманту затрыманьня не лічылі свае дзеяньні злачыннымі, таму што такія пазастатутныя адносіны існавалі ў Печах працяглы час і лічыліся «пазастатутнымі традыцыямі часткі». У сваю чаргу, абвінавачаныя заявілі, што самі сталі ахвярамі фізычнага і маральнага гвалту з боку кіраўніцтва роты, старшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала, якія патрабавалі ад падначаленых сяржантаў набываць прадукты і фізычна каралі іх за правіннасьці шарагоўцаў. Суд над Сукавенкам і Вірбалам пачнецца 1 кастрычніка, абвінавачаныя ў справе Коржыча сяржанты праходзяць па той справе як пацярпелыя.

Экспэрты — Гэта магло быць самагубства

У якасьці экспэртаў на працэсе выступілі патолягаанатам, псыхіятры і псыхолягі. Па словах патолягаанатама, на целе Аляксандра Коржыча не было знойдзена сьлядоў барацьбы, а яго сьмерць была выкліканая мэханічнай асьфіксіяй у выніку павешаньня. Псыхіятры сказалі, што незадоўга да сьмерці ў Коржыча не было выяўлена псыхічных захворваньняў і суіцыдальных настрояў, аднак гэта не выключае таго, што салдат мог учыніць самагубства. Яго прычынай маглі быць як узаемаадносіны ўнутры вайсковай часткі, так і зьнешнія прычыны, не зьвязаныя з вайсковай службай.

Тое, што цела Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным з завязанай на галаве майкай і зьвязанымі нагамі, адзін з экспэртаў (патолягаанатам) патлумачыў жаданьнем пазбавіць сябе магчымасьці выратавацца ў апошні момант альбо намерам выдаць суіцыд за забойства. У той жа час экспэрты-псыхіятры не змаглі адназначна ацаніць такія дзеяньні і назвалі выпадак Коржыча «вельмі ўскладненым» для шараговага самагубства.

Усе пашкоджаньні, заўважаныя на целе Аляксандра Коржыча яго роднымі і сябрамі, маюць, па словах экспэртаў, пасьмяротнае паходжаньне.

Маці — У самагубства я ня веру

Сьвятлана Коржыч у судзе
Сьвятлана Коржыч у судзе

Сьвятлана Коржыч наведвала працэс з адвакаткай, якую дала дзяржава. Прыяжджала маці прыкладна на траціну паседжаньняў, актыўна ўдзельнічала ў допытах сьведак і абвінавачаных і падавала хадайніцтвы. Яна па-ранейшаму настойвае, што яе сын стаў ахвярай забойства. Падчас працэсу не ўдалося высьветліць, якім чынам Аляксандар Коржыч змог трапіць у падвал мэдроты ў дзень сваёй выпіскі, чаму яго не шукалі на працягу тыдня пасьля зьнікненьня, якім чынам ён змог сам павесіцца ў поўнай цемры, бязь лесьвіцы альбо крэсла, прычым не пашкодзіўшы і ня выпацкаўшы формы. Паводле Сьвятланы Коржыч, усё гэта сьведчыць на карысьць вэрсіі аб гвалтоўнай сьмерці яе сына. Яна таксама працягвае настойваць на прыцягненьні да адказнасьці ня толькі сяржантаў, але і афіцэраў, уключна з палкоўнікам Чарнецкім.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG