Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча


8 жніўня пачнецца адзін з самых гучных працэсаў году. З больш чым 15 чалавек, затрыманых у гэтай справе, на лаве падсудных засталіся толькі тры сяржанты.

Судзіць будуць толькі траіх


17 кастрычніка 2017 году, праз два тыдні пасьля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні 8 вайскоўцаў.

Тады ж афіцыйна паведамлялася, што сьледзтва вядзецца паводле артыкулаў 443 («Парушэньне статутных правілаў узаемаадносін»), 455 («Злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады альбо бязьдзейнасьць улады»), 209 («Махлярства») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага, Сьледчы камітэт абяцаў даць крымінальна-прававую ацэнку бязьдзейнасьці камандзіраў ды іншых кіраўнікоў навучальнага цэнтру і вайсковай часткі, якая ўваходзіць у яго.

Пазьней колькасьць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў толькі павялічвалася. Іх стала больш за 10 чалавек. Акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднаго зь іх неўзабаве адпусьцілі, а другі — Павел Сукавенка — застаецца за кратамі дагэтуль. Аднак у красавіку ягоная справа была выведзеная ў асобнае справаводзтва. Тое самае адбылося з прапаршчыкам Артурам Вірбалам, у якога сьледчыя знайшлі банкаўскую картку Коржыча. Як расказалі Свабодзе родныя Сукавенкі і Вірбала, даты судоў над імі пакуль невядомыя.

У выніку абвінавачанымі ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча засталіся толькі тры сяржанты зь ягонай роты. Суд пакуль не называе іхныя прозьвішчы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва


У артыкуле, паводле якога судзяць сяржантаў Коржыча, няма словаў «давядзеньне да самагубства»

Словы «давядзеньне да самагубства» у дачыненьні справы Аляксандра Коржыча ўпершыню прагучалі з вуснаў прадстаўнікоў СК у красавіку 2018 году. Першапачаткова ўсе затрыманыя абвінавачваліся ў асноўным ва злоўжываньні ўладай. У выніку траіх абвінавачаных сяржантаў будуць судзіць за атрыманьне хабару і злоўжываньне ўладай (а аднаго зь іх яшчэ і за крадзеж).

Словаў «давядзеньне да самагубства» ў артыкулах Крымінальнага кодэксу, паводле якіх будуць судзіць сяржантаў, няма. Юрысты тлумачаць, што яго можа замяніць тэрмін «цяжкія наступствы», прапісаны ў частцы 3 артыкулу 455 («Злоўжываньне ўладай»).


Маці загінулага салдата катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва

Родныя загінулага салдата катэгарычна ня згодныя ні з фармулёўкай «давядзеньне да самагубства», ні з тэрмінам «цяжкія наступствы». Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана з самага пачатку сьледзтва настойвае, што яе сын стаў ахвярай забойства. Дзякуючы эксклюзіўнаму дазволу кіраўніка краіны яна магла прысутнічаць на некаторых допытах абвінавачаных і знаёмілася з матэрыяламі справы перад яе перадачай у пракуратуру і суд.

Паводле Сьвятланы Коржыч, яе сын стаў ахвярай забойства. Прычынай гэтага злачынства жанчына называе катэгарычную адмову сына плаціць сяржантам за знаходжаньне ў мэдыцынскай частцы. Як паведаміла Свабодзе сама Сьвятлана, на допытах усе абвінавачаныя адмаўляюць сваю віну ў сьмерці салдата.


Пасьля сьмерці Коржыча рэзка павялічылася колькасьць судоў за «дзедаўшчыну»

Паводле статысткі Вярхоўнага суду, за ўвесь 2017 год за «дзедаўшчыну» ў Беларусі асудзілі 31 вайскоўца. За краты трапілі толькі 17 зь іх, іншыя атрымалі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі.

У 2018 годзе толькі за першыя шэсьць месяцаў за «дзедаўшчыну» ў Беларусі былі асуджаныя 28 чалавек, яшчэ як мінімум 12 крымінальных спраў знаходзяцца ў судах.


Іншыя выпадкі сьмерці салдат у войску да суду так і не дайшлі

Неўзабаве пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч афіцыйна паведаміў, што СК перагледзіць матэрыялы ўсіх спраў аб сьмерці і траўмаваньні салдат у войску за апошнія шэсьць гадоў. Гэта сапраўды адбылося.

Як паведамлялі Свабодзе родныя загінулых у войску ў розныя часы салдат, зь імі зноў зьвязваліся сьледчыя. Справы былі адноўленыя, праводзіліся сьледчыя захады. Аднак у выніку ўсе яны былі зноў закрытыя. На запыты Свабоды пра колькасьць перагледжаных спраў і вынікі новага сьледзтва ў СК адказаць не змаглі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG