Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у справе гібелі салдата Коржыча пачнецца 8 жніўня


Суд у справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча пачнецца 8 жніўня, сказала Свабодзе маці загінулага Сьвятлана Коржыч. Прэсавая сакратарка Вярхоўнага суду Юлія Ляскова пацьвердзіла Свабодзе гэтую навіну:

«​Менскі абласны суд 8 жніўня аб 11.00 у выязным судовым пасяджэньні ў будынку суду Маскоўскага раёну пачне судовы разбор у крымінальнай справе па факце сьмерці Аляксандра Коржыча ў дачыненьні да трох вайскоўцаў, абвінавачаных ва ўчыненьні злачынстваў, прадугледжаных часткамі 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 КК».

Частка 3 артыкулу 455 КК. Злоўжываньне начальніка або службовай асобы ўладай ці службовым паўнамоцтвамі. Пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцьцё службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Справу будуць разглядаць у Менскім абласным судзе.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як дзесяці асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных справаў аб нестатутных адносінах. Судовыя пастановы ўсіх набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.

Па выніках расьсьледаваньня ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мер, каб прадухіліць гібель Коржыча, з войска звольнілі пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак, па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармуе БелТА).

Акрамя школаў, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG