Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Печы павінны адпраўляць найлепшых салдат», — капітан у адстаўцы расказаў Свабодзе, што такое Печы і чым адрозьніваюцца армейскія традыцыі ад нестатутных адносін і дзедаўшчыны.

Што такое Печы

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармацыя БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.

Акрамя школ, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.


Хто туды трапляе

Навучаньне ў Печах займае 3–4 месяцы. Туды трапляюць маладыя салдаты, якіх толькі прызвалі ў войска.

Калі ў вайсковую частку прыходзіць папаўненьне, камандзіры вывучаюць дакумэнты навабранцаў — характарыстыкі са школы, вучэльні, унівэрсытэту і працы, сямейны стан, рэлігійнасьць, стаўленьне да дзяржаўнай палітыкі. Яны вырашаюць, хто з салдат будзе праходзіць навучаньне на месцы ў вайсковай частцы, а каго накіраваць у Печы.

«Калі салдат мае якасьці лідэра, яго можна накіраваць на вучобу ў Печы. Туды павінны адпраўляць найлепшых салдат, тых, хто можа кіраваць асабістым складам», — патлумачыў Свабодзе капітан у адстаўцы Андрэй.

Пасьля навучаньня ў Печах салдаты вяртаюцца ў частку пастаяннай дысьлякацыі ўжо ў якасьці спэцыялістаў ці маладых камандзіраў — як правіла, у званьні сяржантаў. Тут яны даслужваюць рэшту свайго тэрміну.


Як праходзіць служба

Першы месяц у Печах, як і ў звычайнай вайсковай частцы, — курс маладога байца, так званы «карантын». У гэты час маладых салдат навучаюць асновам службы, яны амаль не перасякаюцца са стараслужачымі. А пасьля прысягі іх пераводзяць у казарму, дзе яны жывуць разам з астатнімі салдатамі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Салдаты ў Печах вучацца кіраваць вайсковай тэхнікай. Спачатку на трэнажорах і імітатарах, пасьля — на сапраўдных баявых машынах. Заняткі праводзяць афіцэры. А ўвесь астатні час салдаты застаюцца пад наглядам сяржантаў — тых, хто служыць у Печах пастаянна.

«У ідэале, сяржанты — гэта старэйшыя таварышы, якія павінны ўсяму навучыць», — кажа Андрэй.

Сяржанты вучаць салдат штодзённым рэчам: як засьцілаць ложак, як складаць абмундзіраваньне, як хадзіць у нарады. На практыцы менавіта «старэйшыя таварышы» часьцей за ўсё ўчыняюць дзедаўшчыну. Адбываецца гэта ў час, вольны ад заняткаў і працы, або пасьля адбою.


Чаму дзедаўшчыны больш за ўсё ў Печах

Нестатутныя адносіны, дзедаўшчына — гэта здараецца ў любым вайсковым падразьдзяленьні ў краіне. І чым большае падразьдзяленьне, тым часьцей.

«Адна справа — маленькая частка, дзе ўсё навідавоку, — кажа Андрэй. — Іншая справа — Печы. Там вельмі шмат людзей, вялізная тэрыторыя, людзі часта мяняюцца. У Печах менш кантролю і больш расхлябанасьці. Адсюль і частыя навіны пра суіцыды ці забойствы».

Печы даўдно маюць сумную славу. 30-гадовы Ігар служыў там у 2006 годзе. У той самай школе, дзе і Коржыч. Па яго словах, такія жахі, пра якія распавядаюць цяпер салдаты, далёка ня правіла.

«Гэта залежыць ад камандзіра, — кажа Ігар. — Калі ён выхаваны, ён і ў арміі сябе будзе нармальна паводзіць. А калі ён дурны, армія яго ня выправіць. Гэта тычыцца і сяржантаў, і афіцэраў».

У роце Ігара дзедаўшчына была адносна мяккай. Грошы за «пражываньне» плаціць ня трэба было, нікога не зьбівалі. А вось у суседняй роце ўсё было больш жорстка. Хлопец прыгадвае, як сяржант выліў кіпень на твар маладому салдату.


Як караюць за дзедаўшчыну

За той выпадак з кіпнем, упэўнены Ігар, ніхто не панёс адказнасьці. Сяржанты нават не дакладваюць афіцэрам, што нешта здарылася.

«Усё гэта хутка прыкрываюць, — кажа Ігар. — У іх там мафія».

Добры камандзір не дапусьціць, каб у ягонай частцы дайшло да дзедаўшчыны і фізычных зьдзекаў, лічыць капітан Андрэй. У арміі адпрацаваны мэханізм, каб папярэдзіць такія інцыдэнты, як з Коржычам. На кожным КПП павінна быць абвестка з тэлефонам даверу. Калі салдата прыніжаюць, а ягоны кіраўнік нічога ня робіць, можна зьвярнуцца да псыхоляга вайсковай часткі. У такім разе павінна праводзіцца службовае расьсьледаваньне.

«А яно не праводзілася, — кажа Андрэй. — Я гэта гарантую. Таму што гэта злачынства. А вешаць на сваю частку злачынства ніхто ня хоча».

Камандзір нясе адказнасьць за любыя інцыдэнты ў сваёй частцы. А таму многія камандзіры не паведамляюць пра іх начальству. У выніку, паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць злачынстваў з году ў год застаецца нізкай. Але насамрэч гэта малая доля ад усяго, што сапраўды здараецца, упэўнены Андрэй.

«Ніхто ня хоча вешаць на сябе нават грубыя дысцыплінарныя правіны ці злачынствы, а таму камандзіры гэта хаваюць», — кажа былы вайсковец.

Замест таго каб праводзіць расьсьледаваньне, камандзіры самастойна разьбіраюцца зь сяржантамі, на якіх скардзяцца салдаты. Могуць нават ужыць сілу. Але такія разборкі прыводзяць толькі да адваротнага. Разьюшаныя сяржанты будуць помсьціць «шасьцёрцы» зь яшчэ большай сілай.

«Нестатутныя адносіны, цялесныя пашкоджаньні — гэта турма. Калі камандзіру дакладвалі, а ён нічога не зрабіў, дык ён павінен сесьці разам зь сяржантамі. Укрываньне злачынства — гэта зусім гамон. Пракуратура паставіць частку на вушы».

У некаторых частках камандзіры ўсё ж рэагуюць на скаргі салдат. Тых, хто церпіць ад зьдзекаў, могуць перавесьці ў іншае падразьдзяленьне ці нават іншую вайсковую частку. Але і такія меры не заўжды дапамагаюць. «Дзяды» перадаюць інфармацыю пра «шасьцёрку», і ўжо на новым месцы салдата ізноў пачнуць зьбіваць.

«Калі не пашчасьціла зь сяржантам, выйсьце толькі адно — адбівацца, — кажа Ігар. — Калі паставіць на месца, ніхто ўжо цябе ня будзе чапаць. Адбівацца і займець падтрымку калектыву. Толькі так можна пратрываць».


Як служылі ў Печах раней

Віктар, які праходзіў «вучэбку» ў 1970-я гады, кажа, што падчас ягонай службы там не было дзедаўшчыны, а тым больш грашовых пабораў. Штодня да салдат прыходзіў зампаліт і пытаўся, ці не падымаюць на іх руку.

«Нават спраўджваў, ці няма на целе сінякоў», — кажа Віктар.

Па яго словах, магла быць толькі «муштра». Напрыклад, калі салдат ня мог выканаць нарматывы, яго прымушалі паўтараць адно і тое ж практыкаваньне.

Віктар кажа, што сучасная дзедаўшчына пачалася, калі разваліўся Савецкі Саюз і паміж салдатамі пачаліся фінансавыя адносіны. Раней, калі салдата пераводзілі, прыкладам, з «духаў» у «чарпакі», яго білі партупэяй па голым азадку, каб застаўся адбітак бляхі. У 1990-я гады гэтыя «традыцыі» замянілі на грошы.

«Трэба адрозьніваць традыцыі ад дзедаўшчыны, — кажа Андрэй. — Ёсьць жартаўлівыя рэчы, калі малодшыя салдаты падлічваюць колькасьць дзён да дэмбэлю, ёсьць пасьвячэньне ў артылерысты ці танкісты. Нічога ў гэтым абразьлівага няма».

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG