Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы


Палкоўнік Уладзімер Макараў.

Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў у інтэрвію тэлеканлу СТВ.

«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы — звольненыя з Узброеных сіл», — сказаў палкоўнік Макараў, камэнтуючы дзеяньні вайсковага ведамства ў сувязі з гібельлю ў частцы пад Барысавам 21-гадовага вайскоўца тэрміновай службы зь Пінску Аляксандра Коржыча.

Раней сёньня паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асоб камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.

«Па выніках праверкі, якая праводзіцца вайсковым ведамствам за непрыняцьце вычарпальных мер па падтрыманьні строгага статутнага парадку міністрам абароны прынятае рашэньне аб адхіленьні ад пасад камандзіра і шэрагу службовых асоб камандаваньня вайсковай часткі, у якой праходзіў службу радавы Коржыч А. А., а таксама тых, каму вайсковец быў непасрэдна падпарадкаваны па службе», — паведаміла Мінабароны на сваім сайце 14 кастрычніка.

Мінабароны таксама адзначыла, што Сьледчы камітэт і пракуратура працягваюць праверку па факце гібелі вайскоўца ў 72-м Аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў. «Прававая ацэнка ў сувязі з паказаным фактам будзе прадстаўлена грамадзкасьці пасьля завяршэньня сьледзтва, устанаўленьня прычын і абставінаў здарэньня», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Адначасова вайсковае ведамства правярае «паўнату выкананьня сваіх абавязкаў службовымі асобамі, якім прадпісана навядзеньне і падтрыманьне устаноўленага парадку у вайсковай частцы».

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG