Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўцы часткі, дзе загінуў Аляксандар Коржыч, затрыманыя ў Барысаве


Сьледчыя і апэратыўнікі, якія вядуць справу аб сьмерці ў вайсковай частцы Аляксандра Коржыча, цяпер працуюць у Пінску.

У чацьвер на сустрэчы зь імі былі родныя і блізкія загінулага салдата. У сераду дапытвалі сяброў Аляксандра.

Адзін зь блізкіх сяброў Аляксандра Коржыча Ільля кажа, што ўжо даваў паказаньні ў гэтай справе: «Я амаль не размаўляў са сьледчымі, гэта быў усяго толькі фармальны допыт і ўсё. Я сказаў, што Саша распавядаў досыць мала пра катаваньні і зьбіваньне ў войску. Магу толькі адзначыць, што прапаршчык Ягор С., у якога апынулася картка Сашы і які ёю карыстаўся, а таксама сяржант Яўген Б. цяпер затрыманыя ў Барысаве і знаходзяцца на гаўпвахце».

Аляксандар Коржыч праходзіў службу ў вайсковай частцы № 43064 у трэцяй школе, трэцяй роце, другім узводзе. Да яго досыць часта прыяжджалі блізкія сябры, сярод якіх і жыхар Пінску Дзьмітры Казак:

«Недзе прыкладна праз два тыдні, калі Аляксандар пайшоў у войска, ён пачаў скардзіцца, што складана прывыкаць. Наракаў, што ня можа нармальна выспацца, што ежа досыць кепская і яе нестае. Хоць першы час казаў, што ў яго ўсё ў парадку. А вось калі мы прыехалі да Сашы 16 ліпеня, то ягоная банкаўская картка ўжо была ў прапаршчыка Ягора С. І вось ужо тады Саша прасіў нас раздрукаваць і прывезьці яму ўсе апэрацыі з карткай. Мы прывезьлі паперы, было ўжо зразумела, што ёю актыўна карыстаюцца, яна „ходзіць“ ледзь не па ўсёй краіне».

Аляксандар Коржыч, архіўнае фота
Аляксандар Коржыч, архіўнае фота

У вэрсію пра самагубства сябар Аляксандра Коржыча Дзьмітры Казак ня верыць:

«Паглядзіце, яго выпісалі 26 верасьня, і яго ніхто не шукаў. Пяць дзён Аляксандра проста нідзе не было, скажыце, як гэта магчыма ў нашым сёньняшнім войску? Я служыў і ведаю, што кожнага чалавека падчас вячэрняй праверкі пералічваюць. Калі некага ня будзе ці нехта затрымаецца хоць на паўгадзіны, гэта будзе для часткі надзвычайнае здарэньне. Адразу ж пачынаюцца пошукі, паведамляюць бацькам, што салдата няма. Камандзіры звоняць усім, каму магчыма, і намагаюцца даведацца, куды зьніклы можа накіравацца. А тут Сашы не было пяць сутак. Гэта проста немагчыма».

Тым часам органы пракуратуры праводзяць праверку ў парадку нагляду ў сувязі са сьмерцю вайскоўца тэрміновай службы ў 72-м Абʼяднаным навучальным цэнтры Ўзброеных сілаў Беларусі, паведамілі БелаПАН у генэральнай пракуратуры.

Высьвятляюцца прычыны і ўмовы, якія спрыялі гібелі вайскоўца. У праверцы ўдзельнічаюць прадстаўнікі генэральнай пракуратуры і пракуратуры Менскай вобласьці.

21-гадовы ўраджэнец Пінску Аляксандар Коржыч, прызваны на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены 3 кастрычніка павешаным у падвальным памяшканьні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі. 5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі трагедыі сьледзтва назвала суіцыд. Бацькі і сябры загінулага ў гэтую вэрсію ня вераць.

Жахлівыя падрабязнасьці сьмерці салдата, які нібыта зьдзейсьніў самагубства

10 кастрычніка сьледзтва паведаміла аб пачатку крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 443 КК (парушэньне статутных правілаў узаемаадносінаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасьці адносінаў падпарадкаванасьці, якое пацягнула цяжкія наступствы).

12 кастрычніка Міністэрства абароны выступіла з заявай, у якой паабяцала, што «у выпадку выяўленьня ў вызначаным законам парадку асобаў, вінаватых у сьмерці вайскоўца, яны абавязкова будуць прыцягнуты да адказнасьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Свабода зьвярнулася ў Сьледчы камітэт з пытаньнем, у якой якасьці ў справе аб гібелі Аляксандра Коржыча праходзяць прапаршчык Ягор С. і сяржант Яўген Б. Прадстаўніца СК Юлія Ганчарова абяцала удакладніць інфармацыю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG