Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура праводзіць праверку ў сувязі з гібельлю Аляксандра Коржыча


Магіла Аляксандра Коржыча

Органы пракуратуры праводзяць праверку ў парадку нагляду ў сувязі са сьмерцю вайскоўца тэрміновай службы ў 72-м Абʼяднаным навучальным цэнтры Ўзброеных сіл Беларусі, паведамілі БелаПАН у генэральнай пракуратуры.

Высьвятляюцца прычыны і ўмовы, якія спрыялі гібелі вайскоўца. Праверка носіць у тым ліку і прафіляктычны характар, але тычыцца менавіта канкрэтнага выпадку, сказалі ў генпракуратуры.

У праверцы ўдзельнічаюць прадстаўнікі генэральнай пракуратуры і пракуратуры Менскай вобласьці.

21-гадовы ўраджэнец Пінску Аляксандр Коржыч, прызваны на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены 3 кастрычніка павешаным ў падвальным памяшканьні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі. 5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі трагедыі сьледзтва назвала суіцыд.

10 кастрычніка сьледзтва паведаміла аб пачатку крымінальнай справы па ч. 3 арт. 443 КК (парушэньне статутных правілаў узаемаадносінаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасьці адносінаў падпарадкаванасьці, якое пацягнула цяжкія наступствы).

12 кастрычніка міністэрства абароны выступіла з заявай, у якой паабяцала, што «у выпадку выяўленьня ва ўстаноўленым законам парадку асобаў, вінаватых у сьмерці вайскоўца, яны абавязкова будуць прыцягнуты да адказнасьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG