Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Аляксандра Коржыча абвінавачвае вайсковую частку ў сьмерці сына


Сьвятлана Коржыч, маці салдата, які загінуў у Печах, расказала карэспандэнту Мэдыя-Палесься пра сына і трагедыю зь ім.

«Платнае» войска

Пасьля таго, як Саша апынуўся ў навучальным атрадзе ў Печах, ён патэлефанаваў мне і папрасіў перавесьці грошай на картку. Першы раз я выслала 50 рублёў, празь дзень ён зноў тэлефануе і просіць выслаць хоць дзясятачку. У мяне зарплата прадаўца, таму спытала, хто ў іх там такі прагны на грошы. І ўсё пералічвала і пералічвала розныя сумы. Мае калегі па працы сьмяяліся: маўляў, што за армія такая, што туды грошы пастаянна перасылаю. Аджартоўвалася: Бог зь імі, буду працаваць на войска.

Банкаўскую картку забраў прапаршчык

Калі Саша сыходзіў у войска, на яго банкаўскай карце было 500 рублёў. Я яму пералічыла яшчэ больш за 1500 рублёў. У рэшце рэшт, сын сказаў мне: колькі ім грошай не давай — не накорміш. Ён распавёў, што ягоную картку забраў прапаршчык, што пойдзе да ротнага разьбірацца. Потым мы праз інтэрнэт-банкінг высьветлілі, што з гэтай карты грошы здымаліся і днём, і ноччу ў розных банкаматах і гарадах. Думаю, калі ён адмовіўся плаціць, то яго пачалі прэсаваць.

Бальнічны рахунак

— Звычайна кожную суботу-нядзелю сын мне, хоць а палове дванаццатай ночы, але тэлефанаваў. Часам — з-пад падушкі, каб тэлефон не адабралі. Апошнім часам ён пра сябе нічога не распавядаў, толькі пытаўся, як у мяне справы.

Потым аказалася, што ў яго паднялася тэмпэратура за 39 градусаў, яго паклалі на дзесяць дзён у мэдроту. Нічым не лячылі, давалі таблетку валяр’янкі пад язык. Саша патэлефанаваў і папрасіў выслаць антыбіётыкі. Падчас званка яму нехта падказваў выслаць добрых цукерак і да таго падобнае. Мы склалі пасылку і адправілі, дзе яна прапала — невядома. Дарэчы, яго сяржанты сказалі, што ў «бальнічцы» Саша не схаваецца, і выставілі яму рахунак у 15 рублёў за суткі.

Сын доўга не тэлефанаваў, потым — страшная вестка

— Саша апошнім часам чамусьці пачаў тэлефанаваць мне не са свайго тэлефона. А потым і зусім перастаў, званка ад яго не было больш васьмі дзён. Я адчувала нядобрае і хацела ўжо ехаць. Калі б я ведала, што такое здарыцца, то яшчэ б грошы знайшла, хай бы яны падавіліся.

3 кастрычніка пасьля дзевяці вечара пачуўся званок: «Палкоўнік такі-та. Вы Сашы Коржыча мама? Мы Вам прывязем яго цела».

Я сказала, што я сама прыеду і хачу сама ўбачыць, пры якіх абставінах гэта адбылося. Мы хутка стэлефанаваліся з Сашынымі сябрамі і адразу ж выехалі ў Печы.

«Сабачая сьмерць». Асноўная вэрсія — суіцыд

У той дзень нам так і не ўдалося ўбачыць цела Сашы. Мы пераначавалі ў Барысаве, і толькі 4 кастрычніка, прыкладна ў 17.30, нам яго паказалі. Саша ляжаў у вайсковай форме, мы патрабавалі, каб яго распранулі, але нам у гэтым адмовілі. З намі быў знаёмы лекар-траўматоляг, ён зьвярнуў увагу на сьлед ад пятлі і сказаў, што Сашу задушылі, таму што баразда была аднолькавай па ўсёй акружнасьці шыі. Калі чалавек вешаецца сам, гэты сьлед больш праяўляецца сьпераду, таму што з задняй частцы шыі ціск пятлі меншы.

Сашавы калегі расказалі, што сяржант патрабаваў зь яго 150 рублёў за «шпіталь», сын плакаў, таму што ня ведаў, дзе ўзяць грошы. Сашу знайшлі павешаным, на галаве ў яго была майка, ногі былі зьвязаныя. Гэта ў іх такі рытуал — называецца «сабачая сьмерць». Салдата, які яго выявіў, адразу ж адправілі ў псыхшпіталь у Навінкі, напэўна, каб паказаньні ў яго не змаглі ўзяць.

У гэтай частцы салдаты баяцца нешта распавядаць. Кажуць, што тады побач з Сашам будуць ляжаць.

Людзі ў пагонах павінны панесьці пакараньне

Саша адмовіўся плаціць, і яны яго забілі. Гэтыя людзі ў пагонах вінаватыя ў яго сьмерці. Яны павінны панесьці заслужанае пакараньне. У іх яшчэ і дзеці ёсьць. Што ў нас за армія такая? Сашавы калегі распавядалі, што цана аднаго дня жыцьця ў гэтай «вучэбцы» каштавала 15 рублёў, так што мне трэба было перадаплату зрабіць, каб яго не чапалі. Калі там такія парадкі, значыць, трэба было выклікаць бацькоў і сказаць, што калі грошай ня будзе, то ваша дзіця будуць біць і, напэўна, заб’юць.

...Я гэтага так не пакіну, напісала ліст на сямі аркушах у Адміністрацыю прэзыдэнта Зьвярнулася на гарачую лінію Міністэрства абароны, будзем зьвяртацца ва ўсе інстанцыі, каб знайсьці вінаватых у сьмерці Сашы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG