Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны адрэагавала на крытыку за сьмерць салдата ў Печах


Андрэй Раўкоў, архіўнае фота

Міністэрства абароны апублікавала афіцыйны адказ на звароты грамадзянаў наконт сьмерці салдата Аляксандра Коржыча ў Печах.

Паводле Мінабароны, «прынятыя ўсе меры для аб'ектыўнага і ўсебаковага расьсьледаваньня абставінаў гэтага здарэньня», ведамства абяцае, што вінаватыя ў сьмерці Аляксандра Коржыча непазьбежна панясуць адказнасьць (у выпадку іх выяўленьня).

Мінабароны згадвае, што па факце сьмерці распачатая крымінальная справа па артыкуле аб парушэньні статутных правіл узаемаадносін вайскоўцаў («дзедаўшчыне»), якое мела цяжкія наступствы.

Сьледчая група правярае ўсе вэрсіі

Прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці Тацяна Беланог паведаміла ў фэйсбуку, што распаўсюджаная раней інфармацыя Сьледчага камітэту пра ўзбуджэньне крымінальнай справы па факце гібелі вайскоўца актуальная.

«Як толькі будуць прынятыя працэсуальныя рашэньні — адразу ж праінфармуем».

Яна дадала, што яе ведамства будзе дзейнічаць у інтарэсах сьледзтва.

«Акрамя таго, сьледзтва зьвяртае ўвагу на тое, што распаўсюджваньне чутак, здагадак і недакладнай інфармацыі, як з боку СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў, так і грамадзян, не зьяўляецца канструктыўным. Папярэдняе расьсьледаваньне даручана сьледчай групе, якая актыўна працуе і правярае ўсе вэрсіі, устанаўлівае акалічнасьці, якія папярэднічалі таму, што адбылося».

Расьсьледаваньне крымінальнай справы знаходзіцца на асабістым кантролі старшыні Сьледчага камітэту.

Пракуратура праводзіць праверку

Органы пракуратуры праводзяць наглядную праверку ў сувязі са сьмерцю вайскоўца, паведамілі БелаПАН у генпракуратуры.

Высьвятляюцца прычыны і ўмовы, якія спрыялі гібелі вайскоўца.

Праверка мае сярод іншага і прафіляктычны характар, але тычыцца менавіта канкрэтнага выпадку, сказалі ў генпракуратуры. У праверцы бяруць удзел прадстаўнікі генпракуратуры і пракуратуры Менскай вобласьці.

Працягваецца збор подпісаў за адстаўку міністра абароны

На сайце Zvarot.by заклікаюць падпісвацца за адстаўку міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнанта Андрэя Раўкова ў сувязі са сьмерцю салдата, сабралі больш за чатыры тысячы подпісаў. Невядомыя паскардзіліся на «спам» з сайта і дамагліся, што яго часова заблякавалі, але праз гадзіну дзейнасьць сайту аднавілася.

Раней прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд — такая была першая афіцыйная вэрсія сьмерці.

Кожны дзясяты прызыўнік быў на ўліку ў міліцыі, дзьве траціны затрымліваліся міліцыяй

Мінабароны прызнае некаторыя выпадкі «дзедаўшчыны» ў войску і прыводзіць статыстыку: за «дзедаўшчыну» ў 2014 годзе завялі 13 крымінальных спраў, у 2015 годзе — 27, у 2016 годзе — 17, у 2017 годзе — ужо 13. Але міністэрства заяўляе, што 90% частак функцыянуюць без злачынстваў і здарэньняў.

Прызнаецца і рэзкае пагаршэньне «сацыяльна-дэмаграфічнай характарыстыкі прызыўнага кантынгенту»: кожны дзясяты прызыўнік апошніх двух прызываў быў на ўліку ў міліцыі, амаль дзьве траціны затрымліваліся міліцыяй за адміністрацыйныя правапарушэньні, больш як 4% «мелі досьвед крымінальных паводзін». Раней людзі з судзімасьцю (нават зьнятай ці пагашанай) не прызываліся, адзначае Мінабароны, бо былі «лішкі прызыўных рэсурсаў».

Заклікі да адстаўкі міністра ў адказе Мінабароны ня згадваюцца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG