Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коржыч, Шаройка, «Рэгнум», 328. Вярхоўны cуд пра рэзанансныя справы


Валеры Калінковіч, архіўнае фота

31 ліпеня першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валеры Калінковіч расказаў журналістам пра разьвіцьцё найбольш гучных крымінальных спраў. Самае важнае.

Справа Коржыча

«Дата суду ў справе Коржыча будзе вызначаная з дня на дзень, абавязкова паведамім у сродкі масавай інфармацыі, калі суд пачнецца. Мы сочым за рознымі СМІ і бачым, што гэтая справа надзвычай рэзанансная», — Калінковіч пацьвердзіў, што апошнім часам адбываецца павышэньне нормаў законнасьці ў войску.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

Калі раней у практыцы суду справы аб нестатутных дачыненьнях мелі эпізадычны характар, то цяпер у сувязі з актывізацыяй захадаў у навядзеньні парадку ў войску такіх спраў стала болей.

Партрэт Аляксандра Коржыча ў доме ягонай маці
Партрэт Аляксандра Коржыча ў доме ягонай маці

У першым паўгодзьдзі вынесеныя прысуды ў дачыненьні 28 асобаў за вайсковыя злачынствы ў крымінальных справах аб нестатутных узаемаадносінах ва Ўзброеных сілах. Судовыя пастановы ўсіх набылі законную сілу. Цяпер у судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў аб нестатутных дачыненьнях, фігуранты — 19 асобаў.

Справа Шаройкі

У спадара Калінковіча спыталіся, ці быў асуджаны хтосьці зь беларусаў у справе ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, якога абвінавацілі ў шпіянажы. У мэдыя зьявілася інфармацыя пра тое, што крымінальная справа заведзеная і ў дачыненьні грамадзянаў Беларусі, пры гэтым не называлася, але згадвалася адна высокая асоба. На гэтае пытаньне першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду адказаў:

Паўло Шаройка, архіўнае фота
Паўло Шаройка, архіўнае фота

Украінскага журналіста Шаройку ў Беларусі асудзілі на 8 гадоў турмы

«Я пра высокую асобу нічога ня ведаю. Хачу нагадаць, што 19-га лютага суд вынес вырак аб 8 гадах Паўлу Шаройку за шпіянаж. Справа разглядалася толькі ў дачыненьні яго. На іншых асобаў справаў у Вярхоўны Суд па абвінавачаньні Шаройкі не паступала».

Пра справу «Рэгнуму»

Валеры Калінковіч паведаміў, што апэляцыйная скарга ў справе аўтараў расейскага агенцтва «Рэгнум» была разгледжаная Вярхоўным Судом 14-га чэрвеня. Вырак Менскага гарадзкога суду быў пакінуты ў законнай сіле. Іншых скаргаў у гэтай справе не паступала.

Аўтараў Regnum асудзілі за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці з адтэрміноўкай і вызвалілі ў залі суду

Пра наркотыкі

На пытаньне, ці лічыць Вярхоўны суд неабходным зьмякчыць пакараньне за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, першы намесьнік старшыні адказаў:

Галадоўка жанчынаў руху «Маці 328», архіўнае фота
Галадоўка жанчынаў руху «Маці 328», архіўнае фота

«Я гатовы абмяркоўваць гэтую тэму, але толькі ў адным аспэкце – калі справа ідзе пра чалавека, які ўжываў наркотыкі, але ня меў мэты іх распаўсюду. Ужываньне – гэта вялікая бяда сям’і, і крымінальная адказнасьць можа быць зьменшаная. Галоўнае, каб чалавек змог перамагчы гэтую слабасьць.

Лідэрка руху «Маці 328» пра зьмякчэньне «антынаркатычнага» заканадаўства: Мы не спыняемся

Што тычыцца іншых артыкулаў, асабліва збыту, то распаўсюджаньне наркотыкаў – гэта фактычна распаўсюд сьмерці. Я памятаю такую справу, калі чалавек прадаў усяго адну дозу, а той, хто яе купіў, паспытаў і адразу памёр».

Забойстваў менш, карупцыі — больш

Сёлета найбольшы рост далі карупцыйныя злачынствы. Прычым самы вялікі рост, паводле Калінковіча, у сфэры закупак розных матэрыяльных каштоўнасьцяў. Разам з тым, гаворачы пра справу мэдыкаў, судзьдзя сказаў, што ён глядзіць рэпартажы БТ зь вялікай ступеньню асьцярожнасьці:

«Там шмат эмоцыяў, шмат рэчаў, якія яшчэ трэба даказваць. Таму вельмі важна, як на ўсё гэта паглядзіць суд».

Што тычыцца зьмяншэньня колькасьці злачынстваў, то спадар Калінковіч асабліва адзначыў, што сёлета стала менш забойстваў і менш выпадкаў, калі кіроўца садзіўся за стырно ў п’яным выглядзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG