Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскага журналіста Шаройку ў Беларусі асудзілі на 8 гадоў турмы

абноўлена

Павел Шаройка, архіўнае фота

Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Паводле слоў Кізіма, цяпер Шаройка ў СІЗА КДБ. Днямі яго наведваў украінскі консул, на ўмовы ўтрыманьня асуджаны ня скардзіцца.

Што вядома пра ўкраінскага журналіста Шаройку, якога затрымалі ў Менску

Карэспандэнт Грамадзкай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўкраіны Паўло Шаройка быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ Беларусі 25 кастрычніка 2017 году ў Менску і абвінавачаны ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».

У дачыненьні да Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358 артыкула Крымінальнага кодэксу — за шпіянаж.

Суд над Шаройкам прайшоў у Вярхоўным судзе Беларусі ў лютым, вырак не апублікаваны дагэтуль.

Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ менавіта на затрыманьне ў Чарнігаве ў чэрвені 2017 году беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі. Ён падазраецца ў зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG