Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра ўкраінскага журналіста Шаройку, якога затрымалі ў Менску


Карэспандэнт Украінскага радыё Паўло Шаройка

Амбасада Ўкраіны і ўкраінскія СМІ паведамілі пра арышт 25 кастрычніка ў Менску ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі. Яго нібыта падазраюць у шпіянажы, але ў КДБ Беларусі не камэнтуюць гэтай сытуацыі.

Вядома, што амбасада Ўкраіны накіроўвала беларускім уладам ноты пратэсту. Саюз журналістаў Украіны патрабуе ад Беларусі неадкладнага вызваленьня журналіста Паўла Шаройкі.

Свабода сабрала інфармацыю пра затрыманага ў Менску ўкраінскага журналіста.

Паўло Шаройка ля помніка героям Другой сусьветнай вайны ў Львове
Паўло Шаройка ля помніка героям Другой сусьветнай вайны ў Львове

Адстаўны палкоўнік

Паўло Шаройка нарадзіўся ў 1971 годзе ў Кіеве, закончыў Кіеўскую сувораўскую вучэльню. У 1992 годзе з залатым мэдалём закончыў факультэт журналістыкі Львоўскай вайскова-палітычнай вучэльні (цяпер Акадэмія сухапутных войскаў Украіны).

Імя Паўла Шаройкі запісанае на сьцяне факультэта журналістыкі колішняй Львоўскай вайскова-палітычнай вучэльні (цяпер Акадэмія сухапутных войскаў Украіны)
Імя Паўла Шаройкі запісанае на сьцяне факультэта журналістыкі колішняй Львоўскай вайскова-палітычнай вучэльні (цяпер Акадэмія сухапутных войскаў Украіны)

​Служыў у газэтах Узброеных сілаў Украіны, ВПС і СПА, кіраваў у вайсковых ведамствах прэсавымі службамі. Сышоў у адстаўку ў званьні палкоўніка Ўзброеных сілаў Украіны.

У Беларусі — з 2011 году

У Беларусь Паўло Шаройка прыехаў у 2011 годзе, некалькі гадоў працаваў уласным карэспандэнтам агенцтва УНІАН у Менску.

Пазьней перайшоў на працу ва Ўкраінскае радыё, таксама ўласным карэспандэнтам у Менску. Паўло ўдзельнічаў у асьвятленьні пасяджэньняў Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе ў Менску.

Паўло Шаройка жанаты, мае 8-гадовую дачку.

Паводле Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны, Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка, у той жа дзень у кватэры, дзе Паўло жыве зь сям’ёй, быў праведзены ператрус. Затрыманьне праводзіў КДБ Беларусі. Паўло мае дзяржаўнага адваката.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG