Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу «беларускага шпіёна» будзе разглядаць іншы суд. Судзьдзі ў Чарнігаве ўзялі самаадвод


Юры Палітыка ў судзе, архіўнае фота

Справу грамадзяніна Беларусі Юрыя Паліты́кі, які падазраецца ў зборы сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы, будзе разглядаць іншы суд.

Як сказаў Свабодзе старшыня калегіі судзьдзяў Чарнігаўскага раённага суду Чарнігаўскай вобласьці Ўладзіслаў Кухта, сёньня на паседжаньні ўсе тры судзьдзі заявілі пра самаадвод. Гэтае рашэньне падтрымалі і іншыя ўдзельнікі працэсу — пракуроры, абвінавачаны і ягоныя адвакаты.

Паводле Ўладзіслава Кухты, рашэньне было матывавана тым, што ягоная жонка мае сяброўскія дачыненьні з адным з адвакатаў Юрыя Палітыкі, а таксама зь іншымі судзьдзямі, якія разглядаюць справу.

«У выніку, калі б калегія судзьдзяў вынесла рашэньне на карысьць абвінавачанага, гэтыя факты маглі б выклікаць сумневы ў непрадузятасьці суду», — сказаў Уладзіслаў Кухта.

Згодна з украінскім заканадаўствам, каб разгледзець справу ў гэтым судзе, належала ўтварыць новую калегію судзьдзяў.

«Аднак цяпер — у сувязі з тым, што ў нашай установе адзін судзьдзя сыходзіць у адпачынак — не хапае судзьдзяў, каб утварыць новую калегію. Такім чынам, цяпер справа будзе вернутая ў Апэляцыйны суд Чарнігаўскай вобласьці, які мае вызначыць падсуднасьць гэтай справы», — сказаў судзьдзя.

Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці пачаў падрыхтоўчы разгляд справы Юрыя Палітыкі 12 лютага. Але з таго часу судовыя паседжаньні пераносіліся восем разоў. Суд так і ня змог распачаць разгляд пытаньня аб адпаведнасьці ўкраінскаму заканадаўству абвінаваўчага акту, выстаўленага Юрыю Палітыку.

Паводле 114-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб шпіёнстве яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці. Згодна з працэсуальным заканадаўствам Украіны толькі пасьля таго, як суд вынесе вэрдыкт аб законнасьці абвінаваўчага акту, справа можа разглядацца па сутнасьці.

Юрыя Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».

Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Справа супраць беларуса была адкрытая на падставе заявы вайскоўца Дзьмітрыя Острыка, які цяпер у зоне вайсковай апэрацыі на Данбасе. Паводле Юрыя Палітыкі, ён пазнаёміўся зь Дзьмітрыем Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі.

Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.

«Далікатнае пытаньне». Прадстаўнік МЗС Украіны пракамэнтаваў магчымы абмен «шпіёнамі» зь Беларусьсю

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG