Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Чарнігаве да сярэдзіны чэрвеня падоўжыў арышт «беларускага шпіёна»


Юры Палітыка. Фота 12 лютага 2018 году.
Юры Палітыка. Фота 12 лютага 2018 году.

Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці да сярэдзіны чэрвеня падоўжыў арышт грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў зборы сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.

Разгляд хадайніцтва пракуратуры аб падаўжэньні тэрміну арышту быў адзіным пытаньнем, якое сёньня разглядаў суд — паседжаньне працягвалася 45 хвілін.

Ад пачатку падрыхтоўчага судовага працэсу ў сярэдзіне лютага суд дагэтуль ня можа распачаць разгляд пытаньня аб адпаведнасьці ўкраінскаму заканадаўству абвінаваўчага акту, выстаўленага Юрыю Палітыку — згодна з артыкулам 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб шпіёнстве, яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

Згодна з працэсуальным заканадаўствам Украіны, толькі пасьля таго, як суд вынясе вэрдыкт аб законнасьці абвінаваўчага акту, справа можа разглядацца па сутнасьці.

Апроч таго, сёньняшняе судовае паседжаньне зноў праходзіла пры адсутнасьці ягоных адвакатаў. Адзін зь іх — Тарас Герэлюк зараз падвышае сваю кваліфікацыю ў Страсбургу (Францыя), іншыя два праваабаронцы адсутнічалі таксама паводле паважных прычын — яны былі занятыя на судовых працэсах па іншых справах. У сувязі з гэтым суд прызначыў яшчэ аднаго дзяржаўнага адваката.

Наступнае паседжаньне судовай калегіі ў справе грамадзяніна Беларусі адбудзецца 24 красавіка а 15.00.



Юрыя Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне быў знойдзены зашыфраваны файл з мапаю разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».

Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Справа супраць беларуса была адкрытая на падставе заявы вайскоўца Дзьмітрыя Острыка, які цяпер знаходзіцца ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. Паводле Юрыя Палітыкі, ён пазнаёміўся з Дзьмітрыем Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі.

Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ менавіта на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG