Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над «беларускім шпіёнам» перанесьлі. Другі раз у дзень паседжаньня адбылася размова Лукашэнкі з Парашэнкам


Юры Палітыка

Суд у Чарнігаве перанёс на 5 красавіка чарговае падрыхтоўчае паседжаньне ў разглядзе справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў зборы сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.

«Сёньня на паседжаньне не прыйшоў перакладчык», — паведаміў Свабодзе адвакат беларуса Тарас Гэрэлюк.

У той жа час, праваабаронца адзначыў, што яму нічога невядома наконт магчымага абмену Юрыя Палітыкі на затрыманага і асуджанага ў Беларусі за шпіянаж украінскага журналіста Паўла Шаройкі. «Пакуль у справе нічога новага. Пра такі абмен мне нічога невядома», — дадаў ён.

Гэта ўжо трэцяе судовае паседжаньне, якое ня можа адбыцца — на папярэдніх двух адсутнічалі адвакаты.

Згодна з крымінальным працэсуальным кодэксам Украіны, на этапе падрыхтоўчага паседжаньня суд мае вызначыць, ці адпавядае абвінаваўчы акт крымінальнаму працэсуальнаму заканадаўству Ўкраіны і ці выканаў пракурор патрабаваньні закону пры яго зацьвярджэньні.

Юры Палітыка быў затрыманы летась у чэрвені на памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы з Беларусьсю. Пад час затрыманьня ў ягоным тэлефоне быў знойдзены зашыфраваны файл з мапаю разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». За паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.

Справа супраць беларуса была адкрытая на падставе заявы вайскоўца Дзьмітрыя Острыка, які цяпер знаходзіцца ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. Паводле Юрыя Палітыкі, ён пазнаёміўся з Дзьмітрыем Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі.

Паводле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, беларусу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

Адметна, што сёньня ж адбылася тэлефонная размова між кіраўніком Беларусі і прэзыдэнтам Украіны Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам. Мінулым разам кіраўнікі дзяржаў размаўлялі па тэлефоне таксама ў дзень судовага паседжаньня ў справе Юрыя Палітыкі — 27 лютага. Паводле прэсавай службы Пятра Парашэнкі, як і мінулым разам, яны абмеркавалі «першы форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі, што адбудзецца восеньню ў Гомлі, і выказаліся за актывізацыю эканамічнай супрацы паміж прадпрымальнікамі абедзвюх краін».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG