Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шукаў кантактаў зь беларусамі і хацеў служыць у войску». Сьвятар з Чарнігава распавядае пра Юрыя Палітыку


На першых двух падрыхтоўчых судовых пасяджэньнях у разглядзе справы «беларускага шпіёна» Юрыя Палітыкі сталі вядомыя новыя акалічнасьці.

Новае ў справе

Найперш зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што сьледзтва не змагло ўстанавіць замежную краіну, на якую нібыта працаваў беларус, зьбіраючы ў Чарнігаве «сакрэтную інфармацыю». Адначасова, гэтая «таямнічая» інфармацыя ў матэрыялах справы адсутнічае.

За паўгода да арышту спэцслужбы Ўкраіны ўжо адсочвалі ўсе ягоныя кантакты і перамяшчэньні

Супярэчлівай выглядае і мэта знаходжаньня Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Ягоная маці сьцьвярджала, што Юры паўгода езьдзіў у Чарнігаў, а потым вырашыў уладкавацца на працу ў лягістычную кампанію. Сам жа Юры паведаміў журналістам, што супрацоўнічаў з грамадзкаю арганізацыяю, якую ён назваў «Север».

Паводле матэрыялаў сьледзтва, беларус знаходзіўся ў Чарнігаве з траўня 2016 году, а затрыманы быў у чэрвені 2017-га. За паўгода да гэтага спэцслужбы Ўкраіны ўжо адсочвалі ўсе ягоныя кантакты і перамяшчэньні. Адметна таксама тое, што Юры не выяжджаў далей за межы Чарнігава.

Грамадзкая арганізацыя ці структура добраахвотніцкага батальёну?

У Чарнігаве шмат арганізацыяў з назваю, падобнаю на тую, што агучыў журналістам Юры Палітыка. Усе яны былі створаныя пасьля пачатку падзеяў на Данбасе і ўваходзілі ў структуры добраахвотніцкіх батальёнаў — «Рэзэрвовая сотня АУН — Поўнач» і «Правы сэктар Поўнач». Але ніводная зь іх пакуль не пацьвердзіла супрацоўніцтва зь беларусам, а таксама прыналежнасьць да іх Дзьмітрыя Острыка, на падставе заявы якога, як сьцьвярджае беларус, спэцслужбы адкрылі супраць яго справу.

Як вядома, на пачатку вайсковых дзеяньняў на Данбасе грамадзяне Беларусі ваявалі менавіта ў складзе дабраахвотніцкіх батальёнаў «АУН» і «Правы сэктар».

«Я чуў, што такі чалавек зараз знаходзіцца ў чарнігаўскай турме, але прозьвішча Палітыка мне не знаёмае. І Дзьмітрыя Острыка таксама няма ў сябрах нашай арганізацыі», — сказаў Свабодзе адзін з прадстаўнікоў «Рэзэрвовай сотні АУН — Поўнач».

Юры Палітыка на лаве падсудных.
Юры Палітыка на лаве падсудных.

Паводле суразмоўніка, іхная арганізацыя толькі месяц таму атрымала першы дрон, у той час, як Юры Палітыка сьцьвярджаў, што гэтая арганізацыя дапамагала памежнікам кантраляваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны пры дапамозе бесьпілётных апаратаў.

«У нас шмат арганізацый з падобнаю назваю. Але ўсе яны маюць дадатковую прыстаўку «Сівер», «Сівэряны» або «Поўнач». Асобнае слова «Поўнач» прысутнічае толькі ў назьве Штабу апэратыўнага камандаваньня Чарнігаўскай акругі. У нас ёсьць «Правы сэктар-Поўнач», «Азоў-Поўнач», «АУН-Поўнач», — дадаў суразмоўнік Свабоды.

У кіеўскім штабе Правага сэктару наагул адмежаваліся ад арганізацыі «Правы сэктар — Поўнач»: «Такой структуры ў нас няма. Пасьля стварэньня аднайменнай партыі цяпер у Чарнігаве дзейнічае абласная арганізацыя партыі «Правы сэктар», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар «Правага сэктару» Арцём Скарападзкі. Ён таксама адзначыў, што прозьвішча абвінавачанага ў шпіянажы беларуса яму незнаёмае.

«Хацеў служыць у войску»

У часе судовых пасяджэньняў абвінавачаньне сьцьвярджала, што Юры Палітыка спрабаваў уладкавацца ў добраахвотніцкія батальёны і менавіта з гэтай нагоды зьвярнуўся да сьвятара Кацярынінскай царквы ў Чарнігаве Яўгена Орды. У той ж час на судзе беларус заявіў, што не хацеў ваяваць і не плянаваў ехаць на Данбас.

Айцец Яўген Орда каля сваёй беларускай бібліятэкі.
Айцец Яўген Орда каля сваёй беларускай бібліятэкі.

Айцец Яўген Орда — вядомая асоба ў Чарнігаве. Ад пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе ён арганізаваў валянтэрскі цэнтар і зрабіў больш за 100 паездак у гарачыя пункты з гуманітарнай дапамогай для добраахвотнікаў менавіта з «Правага сэктару» і «АУН». Этнічны беларус паводле паходжаньня, ён стварыў у царкве беларускую бібліятэку і узначаліў беларускую грамаду.

Паводле Яўгена Орды, Юры падаўся яму ўстойлівай асобай, але ці мог ён займацца шпіёнскай дзейнасьцю — ня ведае

Як паведаміў Свабодзе сьвятар, Юры Палітыка тройчы ў 2016 годзе прыяжджаў да яго ў царкву, але ніякіх сяброўскіх дачыненьняў між імі не было. «Ён сапраўды прасіў мяне зьвесьці з добраахвотніцкім батальёнам. Я накіраваў яго да камбата», — сказаў Яўген Орда, але адмовіўся назваць імя або пазыўны камандзіра батальёна, зь якім сустракаўся Юры Палітыка.

Сьвятар таксама распавёў, што падчас сустрэч Юры Палітыка распытваў яго і пра сытуацыю на Данбасе: «Ён цікавіўся беларусамі».

Паводле Яўгена Орды, Юры падаўся яму ўстойлівай асобай, але ці мог ён займацца шпіёнскай дзейнасьцю — ня ведае. «Гэта мае вырашыць суд», — падкрэсьліў сьвятар. У той ж час ён дадаў, што ня ёсьць сьведкам у справе беларуса і сьледзтва не выклікала яго на допыт.

«Ён шукаў магчымасьць, каб паступіць на службу ў нейкую вайсковую частку. Тройчы прыяжджаў і тройчы пра гэта прасіў. Але дзе ён працаваў (у Чарнігаве — РС) ці служыў, я ня ведаю, бо праз пэўны час ён больш да мяне не прыходзіў і не тэлефанаваў. Пра яго я зноў пачуў, калі яго ўжо затрымалі», — дадаў Яўген Орда.

XS
SM
MD
LG