Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі шпіён» на судзе ў Чарнігаве запатрабаваў перакладчыка на беларускую мову

Раённы суд Чарнігаўскай вобласьці правёў папярэдняе слуханьне справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, затрыманага летась у чэрвені ў гэтым абласным цэнтры Ўкраіны праз падазрэньне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць замежнай дзяржавы. Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе.


Юры Паліты́ка ў судзе

Суд адклаў пасяджэньне да 15:00 13 лютага. За гэты час павінны знайсьці перакладчыка на беларускую мову. Адвакаты просяць больш часу на пошукі перакладчыка на беларускую мову. Судзьдзя прапанаваў і адвакатам, і абвінавачаньню прапанаваць сваю кандыдатуру перакладчыка.

Перад пачаткам судовага пасяджэньня Юры Палітыка сказаў Радыё Свабода, што яго катавалі супрацоўнікі СБУ падчас затрыманьня ў Новых Ярылавічах. У той жа час ён сказаў, што псыхатропных прэпаратаў супраць яго не ўжывалі.

Паводле Юрыя Палітыкі, у абвінаваўчым акце няма дакладнага вызначэньня краіны, для якой ён нібыта зьбіраў сакрэтную інфармацыю.

«Усё абвінавачаньне грунтуецца на тым, што я працаваў у расейскім ВТБ-Банку. Таму спачатку абвінавацілі ў працы на Расею, а потым і Беларусь. Яны самі ня ведаюць», — сказаў ён Свабодзе

Юры Палітыка патрабуе перакладчыка на беларускую мову. «Я часткова разумею расейскую і ўкраінскую мову», — сказаў ён. На ўсе пытаньні ён адказвае па-беларуску.

Папярэдняе слуханьне справы ня выклікала асаблівай цікавасьці журналістаў. За судовым працэсам назіраюць двое беларускіх журналістаў і адзін украінскі.

Адвакаты заявілі адвод калегіі судзьдзяў, паколькі папярэднія два рашэньні, на іх погляд, былі ўхваленыя незаконна. «У такіх справах, з такім абвінавачаньнем рашэньні аб прызначэньні папярэдніх пасяджэньняў і аб залучэньні перакладчыка маюць ухваляць судовыя калегіі, а іх прымаў судзьдзя аднаасобна», — сказаў Тарас Герэлюк.

Чарнігаўскі раённы суд
Чарнігаўскі раённы суд

На судзе прысутнічае консул амбасады Беларусі ва Ўкраіне Сяргей Бобаў. Паводле Бобава, амбасада не займаецца пытаньнем магчымага абмену пасьля судовых працэсаў Юрыя Палітыкі на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. «Гэтае пытаньне мае вырашацца ў высокіх кабінэтах Менску і Кіева», — сказаў Бобаў Свабодзе.

Консул амбасады Беларусі ва Ўкраіне Сяргей Бобаў
Консул амбасады Беларусі ва Ўкраіне Сяргей Бобаў

У судовы працэс увайшлі два адвакаты, Тарас Герэлюк ды Аляксандар Вольвак, якіх наняла маці Юрыя Палітыкі.

Судовае пасяджэньне пачалося ў 17:18 па менскім часе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG