Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі шпіён» Юры Палітыка атрымаў абвінаваўчы акт на трох старонках. Суд у лютым


Грамадзянін Беларусі Юрый Палітыка, затрыманы ва Ўкраіне па падазрэньні ў шпіянажы. Ліст з турмы

Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, затрыманы летась у чэрвені ў Чарнігаве праз падазрэньне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць замежнай дзяржавы, атрымаў абвінаваўчы акт па выніках дасудовага расьсьледаваньня справы — яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

«Нам вядома, што ўчора сьледчы ўручыў абвінаваўчы акт. Паводле маіх зьвестак, гэты дакумэнт складзены на трох друкаваных старонках», — паведаміў Свабодзе консул амбасады Беларусі ва Ўкраіне Сяргей Бобаў.

Паводле беларускага дыплямата, з улікам асаблівасьцяў украінскага заканадаўства спачатку мае адбывацца падрыхтоўчае судовае паседжаньне ў гэтай справе.

«Верагодней за ўсё, гэта будзе не раней, чым праз два тыдні. А ўжо на падрыхтоўчым паседжаньні мусіць быць ухвалена рашэньне пра дату пачатку судовага разгляду справы па сутнасьці. Гэта можа быць на працягу 10 дзён пасьля падрыхтоўчага паседжаньня, таму мы разьлічваем, што выйдзем на першае судовае слуханьне або ў апошнія дні лютага, або ў першыя дні сакавіка», — патлумачыў ён.

Сяргей Бобаў таксама мяркуе, што судовы разгляд справы мусіць адбывацца ў адкрытым рэжыме:

«Мы зыходзім з таго, што. згодна з тымі зьвесткамі і экспэртызамі, якія праведзеныя ў справе, няма падстаў праводзіць суд у закрытым рэжыме. Згодна з украінскім Крымінальна-працэсуальным кодэксам, пытаньне, у якім рэжыме будуць адбывацца слуханьні, павінны разглядацца менавіта на папярэдніх слуханьнях», — дадаў дыплямат.

Консул амбасады Беларусі ва Ўкраіне паведаміў, што Чарнігаўская вайсковая пракуратура пакуль не накіравала вынікаў расьсьледаваньня агучаных Юрыем Палітыкам заяваў пра катаваньне. «Вынікі невядомыя. Мы пра гэта просім і патрабуем. Праходзіла і сустрэча высокага ўзроўню, але, тым ня менш, афіцыйнага адказу пра вынікі гэтага расьсьледаваньня пакуль няма», — адзначыў Сяргей Бобаў, адмовіўшыся ўдакладняць падрабязнасьці «сустрэчы высокага ўзроўню».

У сярэдзіне студзеня сьледзтва ў справе «беларускага шпіёна» Юрыя Палітыкі падоўжыла ягоны арышт да 16 лютага, матывуючы тым, што ня можа скласьці абвінаваўчы акт з прычыны прамаруджваньня падазраваным працэсу азнаямленьня з матэрыяламі крымінальнай справы, сабранымі ў трох тамах на 623 старонках.

Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што справа затрыманага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі — адказ менавіта на затрыманьне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве. У КДБ Беларусі Свабодзе паведамілі, што працягваюць расьсьледаваньне справы журналіста Паўла Шаройкі, які абвінавачваецца ў шпіянажы. Пра тэрміны завяршэньня сьледзтва і пачатку суду ў КДБ пакуль ня кажуць.

Маці «беларускага шпіёна», арыштаванага ў Чарнігаве: «Ня веру, што сын працаваў на КДБ»

XS
SM
MD
LG