Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як афіцэры мацавалі дзедаўшчыну: допыт сяржантаў, абвінавачаных па справе Коржыча


Допыт абвінавачаных пачаўся 11 верасьня. Амаль адразу яны патлумачылі, чаму зьбіралі з салдатаў прадукты і навошта бралі грошы за карыстаньне тэлефонамі.

Абвінавачаныя Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч на працэсе прысутнічаюць ад самага пачатку, іх штодня прывозяць у залю суду пад канвоем. У першы дзень працэсу яны адмовіліся даваць паказаньні. Матывавалі тым, што спачатку хочуць паслухаць сьведчаньні пацярпелых і сьведак. Першага абвінавачанага, Яўгена Бараноўскага, пачалі дапытваць больш як празь месяц пасьля пачатку суду — 11 верасьня.

«Канкрэтных прозьвішчаў ня памятаю»

«Набывалі камандаваньню роты сасіскі ў цесьце, каву, — сказаў Бараноўскі ў першы дзень свайго допыту. — Камандзіры патрабавалі ім гэта набываць. Мы прасілі набываць усё гэта салдатаў, часам набывалі самі. Калі былі грошы».

Падчас допыту Яўген Бараноўскі не называў прозьвішчаў былога камандзіра сваёй роты лейтэнанта Паўла Сукавенкі і яго намесьніка па ідэалягічнай працы Вадзіма Чыркова. На ўсе пытаньні пра канкрэтныя выпадкі вымагальніцтва з боку афіцэраў і просьбы назваць іх прозьвішчы Бараноўскі адказваў аднолькава: «Ня памятаю, не магу зараз сказаць».

Акрамя вымагальніцтва, абвінавачаны па справе Коржыча сяржант таксама расказаў пра ўдары з боку афіцэраў і загады адціскацца. Прычынай такіх дзеяньняў станавіліся правіннасьці альбо саміх сяржантаў, альбо падначаленых ім салдат.

«На сьледзтве я не расказваў, што прадукты, атрыманыя ад салдат (гэта адбывалася прыкладна раз на дзень), я перадаваў камандзіру, — сказаў Яўген Бараноўскі. — Хацеў яго выгарадзіць. Але пазьней я даведаўся, што ён сам даў паказаньні супраць мяне. Таму цяпер у судзе я кажу праўду».

Больш падрабязна пра паборы з боку афіцэраў у Печах расказаў абвінавачаны Ягор Скуратовіч. Яго допыт пачаўся 12 верасьня. Скуратовіч расказаў, што быў прызваны ў войска восеньню 2016 году, а ўжо ў сакавіку стаў малодшым сяржантам. Яшчэ празь некалькі месяцаў атрымаў прапанову камандаваць аддзяленьнем.

«Ім было ўсё адно, каго сяржантам прызначаць, — сказаў у судзе Скуратовіч. — Пыталіся, хто хоча. Калі нехта хацеў, то на табе, маеш сяржанта. Цяпер я ня ведаю, як там прынята».

«Не хацеў станавіцца стукачом»

Падчас допыту Скуратовіч ня толькі пацьвердзіў паказаньні Бараноўскага пра дзедаўшчыну з боку афіцэраў роты, але і назваў канкрэтныя прозьвішчы. Па яго словах, былы камандзір роты Павал Сукавенка патрабаваў абавязкова прыносіць яму каву па панядзелках, а па пятніцах — цыгарэты.

«Адказваў за гэта дзяжурны па роце, — сказаў Скуратовіч. — Калі кавы не было, Сукавенка не даваў дзяжурнаму спаць. Таксама лейтэнант Сукавенка патрабаваў пэрыядычна набываць яму прадукты ў краме. Я асабіста набываў яму іх каля 10 разоў».

«Я толькі тут даведаўся, што ў камандзіра роты Сукавенкі няма дзіцяці, — сказаў Скуратовіч. — Раней думаў, што ёсьць. Стараўся яго выгарадзіць падчас сьледзтва».

Па словах Ягора Скуратовіча, аднойчы лейтэнант Сукавенка адабраў у яго новую форму. Новы камплект выдавалі раз на 9 месяцаў. Незадоўга да чарговага «абнаўленьня» Сукавенка злавіў Скуратовіча з тэлефонам, забраў яго і запатрабаваў зь сяржанта ўзамен на тэлефон новы камплект формы. Сукавенка мусіў аддаць свой, папярэдне абмяняўшы яго на камплект памеру афіцэра. У выніку сяржант набыў сабе новы камплект за ўласныя грошы — 150 рублёў.

«Сукавенка выдаваў курсантам і сяржантам грошы ня ў поўным аб’ёме, — працягнуў Скуратовіч расказваць пра парушэньні афіцэра. — Замест 9 рублёў 30 капеек на месяц салдаты атрымлівалі 8 рублёў 50 капеек. Сяржанты замест 16 рублёў 90 капеек — 15 рублёў».

Акрамя таго, па словах Скуратовіча, камандзір роты пакідаў сабе частку грошай, якія сяржантам павінны былі выдаваць у звальненьне. Калі Сукавенка недаплаціў сяржанту першы раз, той паспрабаваў высьветліць, чаму так атрымліваецца.

Антон Вяжэвіч
Антон Вяжэвіч

«Я спытаў, чаму атрымаў грошай менш, чым павінен быў атрымаць, — узгадаў Скуратовіч падчас допыту ў судзе. — Лейтэнант Сукавенка параіў мне запытацца ў сяржанта Бараноўскага. Маўляў, ён усё патлумачыць. Калі я пайшоў да Бараноўскага, той параіў не зьвяртаць увагі, бо «так заўсёды было».

Ягор Скуратовіч заявіў, што ня згодны з той часткай абвінавачаньня, згодна зь якой ён нясе адказнасьць за сьмерць Аляксандра Коржыча.

«Гавораць пра стварэньне адпаведнай нэгатыўнай атмасфэры ў роце, — сказаў Скуратовіч. — Навошта высьвятляць сапраўдныя прычыны самагубства? Вось мы тут трое за кратамі — і ўсё, мы вінаватыя. Чаму толькі мы тут?»

Адказваючы на пытаньне пракурора пра тое, чаму сяржанты ня скардзіліся на дзеяньні камандзіра роты вышэйстаячым афіцэрам, Скуратовіч заявіў, што не хацеў станавіцца стукачом у вачах іншых сяржантаў.

«Казаў салдатам, што прадукты для камандзіра роты»

Допыт трэцяга абвінавачанага сяржанта, Антона Вяжэвіча, пачаўся ў другой палове дня 13 верасьня. Вяжэвіч таксама пацьвердзіў існаваньне пабораў з боку кіраўніцтва роты.

«Працэнтаў 70 з таго, што прыносілі салдаты, мы аддавалі камандзіру роты, — заявіў Антон Вяжэвіч. — Я нічога не патрабаваў, салдаты прыносілі самі. Такі парадак пайшоў яшчэ з пачатку маёй службы (вясна 2016 году. — РС). — Калі салдат нешта набываў (прыносіў з крамы сяржанту. — РС), я сабе максымум пакецік кавы пакідаў».

Па словах Вяжэвіча, прадукты і цыгарэты, акрамя камандзіра роты лейтэнанта Паўла Сукавенкі, трэба было набываць яшчэ і для прапаршчыка Артура Вірбала. Сваіх падначаленых салдат ён ніколі не прымушаў нешта набываць, а толькі прасіў. Часам пры гэтым дадаваў, што кава альбо іншыя прадукты патрэбныя для перадачы афіцэру Паўлу Сукавенку.

«Калі я пачынаў служыць, быў маладым салдатам, то таксама набываў нешта для кіраўніцтва, — расказаў Вяжэвіч. — Калі я паведамляў камандзіру роты пра тое, што саладты ідуць у краму, ён мог сказаць „О, цудоўна. Мне трэба кавы, печыва“. Я запісваў гэта на паперку, даваў салдатам. Яны набывалі, але я не патрабаваў. Яны самі набывалі. Маглі не набываць. Умоваў салдатам ніхто ня ставіў. Салдаты не заўсёды ведалі, каму набываюць прадукты. Толькі тады, калі ніхто зь іх у краму не хацеў ісьці і тады я ім гаварыў, што гэта трэба для камандзіра роты».

Таксама Вяжэвіч расказаў пра тое, што прапаршчык Артур Вірбал аднойчы ня выдаў яму новыя берцы, чым змусіў узяць у падначаленага грошы за карыстаньне тэлефонам.

«Новыя берцы прапаршчык Вірбал ня выдаў. Форму выдаў, берцы — не, — сказаў Вяжэвіч. — Мне не было ў чым хадзіць. Меў 15 сваіх рублёў, узяў яшчэ 40 рублёў у падначаленага салдата за дазвол карыстацца тэлефонам, пайшоў і купіў сабе берцы. На тое, што салдаты карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі ў недазволены час, я закрываў вочы. Пра гэта камандзіру роты не дакладваў».

Таксама сяржант Вяжэвіч расказаў, што камандзір роты Павал Сукавенка патрабаваў ад сяржантаў зьбіраць яму з салдат прадукты, якія ім перадавалі бацькі.

«Камандзір роты патрабаваў ад нас, каб мы кожную нядзелю зьбіралі прадукты, — сказаў суду Антон Вяжэвіч. — Зьбіралі для яго з салдат, і ў панядзелак ранкам прадукты павінны былі быць у канцылярыі. Часам капітан Чыркоў сам ладзіў так званыя „шмоны“ ў распалажэньні роты і забіраў прадукты, якія салдатам перадавалі бацькі падчас спатканьняў. Што ён далей рабіў з гэтымі прадуктамі, я ня ведаю».

Абвінавачаныя ў сьмерці Коржыча, яны ж пацярпелыя ад свайго кіраўніцтва

Усе трое абвінавачаных у сьмерці Коржыча праходзяць таксама пацярпелымі па крымінальных справах былых начальнікаў — лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала.

Сяржанты расказваюць, што камандаваньне роты ня раз прымушала саміх сяржантаў адціскацца як за ўласныя правіннасьці, так і за правіннасьці падначаленых ім салдат. Іншым спосабам пакараньня былі ўдары, у тым ліку драўлянай палкай. Ніхто з абвінавачаных сяржантаў не спрабаваў скардзіцца на дзеяньні кіраўніцтва роты вышэйстаячаму кіраўніцтву.

Матэрыялы спраў Паўла Сукавенкі і Артура Вірбала ўжо перададзеныя ў Менскі абласны суд. Калі пачнецца іх разгляд, пакуль невядома.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG