Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анархіст Паліенка заклікаў да байкоту Эўрапейскіх гульняў: «Гэта будуць гульні пад нашы арышты»


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Выпушчаны надоечы з ізалятара Зьміцер Паліенка зьвязаў перасьлед анархістаў з падрыхтоўкай да Эўрапейскіх гульняў, якія ўлетку адбудуцца ў Менску. Паліенку з паплечнікамі падазраюць у нанясеньні графіці «Міліцыянты забіваюць людзей».

Ён лічыць, што перад гульнямі ўлады плянуюць цалкам нэўтралізаваць актыўнасьць анархістаў, «адной з самых актыўных апазыцыйных груп у краіне».

«Гэта ўжо бачна па рэпрэсіях, якія абрынулі на анархістаў у апошнія дні, і па цікаўнасьці да нашых сувязяў, да нашых плянаў», — сказаў Паліенка.

Актывіст дадаў, што на допытах яго і ягоных сяброў больш за ўсё распытвалі пра сувязі ў анархісцкім руху. З гэтай цікавасьцю сілавікоў ён зьвязвае і тое, што ў яго падчас ператрусу забралі носьбіты інфармацыі і перапіску.

У сувязі з гэтым Зьміцер Паліенка прапанаваў палітыкам абвясьціць байкот Эўрапейскіх гульняў — 2019.

«Мы супраць такіх гульняў, якія пройдуць на фоне рэпрэсій супраць анархісцкага руху», — заявіў былы палітвязень.

Анархісты паскардзіліся ў пракуратуру на зьдзекі ў міліцыі

Падазраваныя ў справе антыміліцэйскага графіці — Зьміцер Паліенка, Яўген Чуліцкі і Настасься Гусева — заявілі 25 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі, што ў міліцыі зь імі абыходзіліся зьняважліва.

Дзе

  • Заводзскі РУУС,
  • ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна,
  • міліцэйскі транспарт.

Як

Зьміцер Паліенка:

  • зьбівалі;
  • пагражалі «пасадзіць на бутэльку»;
  • абражалі мацернымі словамі;
  • шантажавалі завядзеньнем крымінальнай справы супраць сяброўкі;
  • патрабавалі напісаць прызнаньне ў злачынстве;
  • забралі 370 рублёў і 100 даляраў.

Настасься Гусева:

  • больш за суткі трымалі без вады і ежы;
  • усяляк абражалі, у тым ліку з пагрозай сэксуальнага гвалту;
  • адмовіліся аказаць мэдычную дапамогу, калі ёй стала блага;
  • не выводзілі ў прыбіральню;
  • пагражалі крымінальнай справай;
  • прымушалі даць непраўдзівыя паказаньні на сяброў.

Яўген Чуліцкі таксама заявіў пра пагрозы і шантаж з боку міліцыянтаў.

Наста Гусева і Зьміцер Паліенка напісалі заявы ў пракуратуру, каб міліцыянтаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.

Паліенка і Гусева сказалі, што адмовіліся ад удзелу ў сьледчых дзеяньнях. Яўген Чуліцкі заявіў, што на допытах прадставіў доказы, што ня быў на месцы нанясеньня графіці.

Паліенка ўдакладніў, што наконт падазрэньняў у нанясеньні графіці ён выкажацца толькі на судзе.

Анархіст не выключае абвінаваўчых выракаў, калі справа дойдзе да суду.

«Мы ўсе ведаем, што такое беларускі суд, і разумеем, чым ён скончыцца, калі зьверху дадуць адпаведны загад. Але нельга маўчаць пра парушэньні закону, якія чыняцца з боку міліцыянтаў», — мяркуе актывіст.

Актывістаў анархісцкага руху Зьмітра Паліенку і Насту Гусеву затрымалі 21 студзеня ў кватэры Паліенкі. У кватэры правялі ператрус. У той жа дзень затрымалі Яўгена Чуліцкага. У актывістаў канфіскавалі ноўтбукі, тэлефоны, асабістую перапіску, рэчы з сымболікай. Увечары 23 студзеня затрыманых вызвалілі.

Іх падазраюць у нанясеньні графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на Ахоцкай вуліцы ў Менску пры канцы сьнежня 2018 году.

25 студзеня суд Маскоўскага раёну Менску паўторна аштрафаваў анархістаў Вячаслава і Марыну Касінеравых за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 17.11 КаАП). Вячаслава — на 1275 рублёў, Марыну на 1020.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG