Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назвалі ляўрэатаў прэміі турэмнай літаратуры імя Аляхновіча. ВІДЭА і ФОТА

абноўлена

Арганізатары прэміі і ляўрэаты розных гадоў: Алесь Бяляцкі (2014), Мікола Дзядок (2017), Тацяна Нядбай (Беларускі ПЭН-цэнтар), Уладзімер Някляеў (2018), Зьміцер Дрозд (2017), Аляксандар Лукашук (Радыё Свабода)

Прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшыя літаратурныя творы, створаныя на падставе асабістага турэмнага досьведу, 10 сьнежня атрымалі Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў і Вольга Мікалайчык.

Імпрэзу адкрыў праваабаронца Алесь Бяляцкі, ляўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча 2014 году. Ён распавёў пра новую публічную пляцоўку «Тэрыторыя правоў».

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук павіншаваў са стварэньнем яшчэ адной пляцоўкі — «Тэрыторыі правоў». Ён узгадаў Сэрвантэса, які 5 гадоў правёў у зьняволеньні, Аляксандра Салжаніцына, якому празь дзень споўнілася б 100 гадоў і які пісаў пра злачынствы сталінскіх лягераў.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

"Прэмія хоць і была заснаваная адносна нядаўна — у 2013 годзе, але ляўрэатаў ужо шмат. Хацелася б мець магчымасьць не ўручаць гэтую прэмію, але пакуль не атрымліваецца«, — заўважыла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай.

Тацяна Нядбай
Тацяна Нядбай

За што далі прэмію?

Блогер Аляксандар Лапшын, які некалькі месяцаў правёў на «Валадарцы», напісаў кнігу «Лягер сьмерці ў цэнтры Менску». Лапшын без дазволу Азэрбайджану наведаў Нагорны Карабах, быў затрыманы ў Менску, трапіў у СІЗА № 1, быў экстрадзіраваны ў Баку, атрымаў у Азэрбайджане 3 гады турмы. Пасьля Лапшыну ўдалося зьехаць у Ізраіль.

Аляксандар Лапшын падчас экстрадыцыі зь Беларусі ў Азэрбайджан, люты 2017 году
Аляксандар Лапшын падчас экстрадыцыі зь Беларусі ў Азэрбайджан, люты 2017 году

Уладзімер Някляеў уганараваны прэміяй за кнігі «Лісты да Волі» і «Толькі вершы». Падчас цырымоніі Някляеў сказаў, што ў турму трапляюць розныя, але з турмы выходзіць або чалавек, або ніхто.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Вольга Мікалайчык атрымала прэмію Францішка Аляхновіча за творы ў кнізе «Бо». Яна не прыйшла на ўручэньне прэміі, бо ўвечары 10 сьнежня да яе «ламіліся два міліцыянты ў цывільным», паведаміла Свабодзе Мікалайчык. Актывістка мяркуе, што яе хацелі затрымаць праз удзел у акцыі пратэсту.

Вольга Мікалайчык
Вольга Мікалайчык

«Вольгу пастаянна «прэсуюць», адбіраюць у яе дом, але яна стаіць у Курапатах, запальвае сьвечкі каля КДБ, яна паўсюль, дзе патрэбная дапамога«, — сказаў Уладзімер Някляеў.

У 2013 годзе Беларускі ПЭН-цэнтар сумесна з Радыё Свабода заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні. Кніга Аляхновіча «Ў капцюрох ГПУ» адной зь першых расказала сьвету пра савецкі ГУЛАГ.

Тэматыка твораў, якія могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная — гэта могуць быць дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу.

Першым ляўрэатам прэміі Аляхновіча ў 2013 годзе стаў тагачасны палітвязень Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан». Ляўрэатамі прэміі станавіліся Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп, Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў, Леанід Пятрэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG