Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Севярынец: Люблю аўтараў, якія ўдзельнічаюць у ратаваньні душаў


Павал Севярынец

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік Павал Севярынец.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Штодня разам з жонкай Волечкай і сынам Францішкам — Біблію. Цяпер чытаю «Пераможцу д’ябла» Вільгельма Гюнэрмана, «Другую сусьветную вайну» Ўінстана Чэрчыла і перачытваю «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча. А таксама чытаю, як бясконцую кнігу, пасты сваёй сястры Ганны ў фэйсбуку — вы ведаеце, трапляюцца геніяльныя.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Калі браць за апошні год…«Бесы» Дастаеўскага. Беларус з паходжаньня, Дастаеўскі ўскрыў сутнасьць бальшавіцкай чартаўшчыны, якая высьпела ў Расеі. Лічу «Бесы» адной з наймацнейшых прарочых кнігаў у гісторыі чалавецтва.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Нешта іншае. Калі я даведваюся, што гэтая кніга мяняе лёс чалавека — бяруся чытаць. Калі мяняе лёс мноства людзей — бяруся вывучаць.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Найбольш цікавыя рэчы апошнія гадоў дваццаць даведваюся з тлумачэньняў Сьвятога пісьма. Самае грунтоўнае, што чытаў з гэтага — васьмітомнік багаслова Джона Райла «Разважаньні над Эвангельлямі» і клясыка Освальда Чэймбэрса «Усё, што магу — на славу Яго». Адкрыцьцяў — тысячы. Самая цікавая рэч у жыцьці — даведацца пра Бога і чалавека больш.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Мадам Бавары» на сутках у турме на Акрэсьціна. Флябэр — клясны стыліст, адзін з найлепшых у сусьветнай літаратуры.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Люблю аўтараў-хрысьціянаў: яны ўдзельнічаюць у ратаваньні душаў. Вельмі цаню Зянона Пазьняка, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Артура Вольскага, айца Іаана (Бембеля), Анатоля Астапенку, з маладзейшых Аляксея Шэіна, Зьмітра Дашкевіча, Віктара Шукеловіча, Міхася Скоблу, Кастуся Шыталя, Сьвятлану Ўранаву. І, канечне, нашы жывыя клясыкі — Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Дзіцячыя вершы майго таты Кастуся Севярынца. Ён вельмі таленавіта піша.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

«Споведзь» Ларысы Геніюш. «Партрэты сьвятых» Антоніё Сікары. Гісторыі пра тое, праз што даводзіцца праходзіць чалавеку, калі ён сапраўды аддае сябе Богу.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Злуюць кніжныя паліцы ў крамах, поўныя прапаганды імпэрыі — усе гэтыя бясконцыя шыкоўна аздобленыя іваны грозныя, суворавы, пятры першыя, екацярыны, раманавы, сталіны, леніны. Фармат і вокладкі такія, што адной кнігай можна забіць. Расчаравалі Памук, Муракамі — можа быць, справа ў постмадэрне, а можа, у перакладах.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Апошнім часам пашырыўся ў нас такі жанр — глумленьне зь беларускіх клясыкаў, зь Беларусі. «Лупака», «анка упала», «барадаўкін», лазуткіны ўсялякія… Гнілая зьява. Нават у рукі браць гідка.

Гэта беларусацэнтрычны раман

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Больш падабаецца чытаць на паперы. Электронна чытаў «на хіміі» ў Купліне з тэлефона, «Падарожжа пілігрыма» на маленькім экране па начах. Звычайна чытаю некалькі кнігаў паралельна. Чытаю больш увечары. Ранкам і ўдзень пішу, а не чытаю.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Біблія і хрысьціянскія кнігі стаяць на некалькіх асобных паліцах. Астатнія ўразнабой. Усе спробы ўніфікацыі руйнуюцца чарговым пераездам.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Магчыма, таўшчэзны ідыш-беларускі слоўнік, падораны Вольфам Рубінчыкам. І яшчэ арыгінал клясычнай працы ксяндза Адама Станкевіча «Хрысьціянства і беларускі народ: спроба сынтэзы» (1939 год) — магчыма, з заўвагамі на палях самога вялікага ксяндза.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Тры тамы «Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі» — на апошнія дні народзінаў мая Волечка дорыць мне па томе.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Ісус Хрыстос — Герой на ўсе часы. Адпаведна, сатана антыгерой. Не падабаюцца мне д’яблы, асабліва сымпатычныя.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

У бацькоў дома вялікая бібліятэка. Чытаў канвэерным чынам, і гэта было нешта неверагоднае. Кіплінг, Жуль Вэрн, Купэр, Дэфо, Стывэнсан, Дзюма, Фіцджэралд, Джойс, Талстой, Бунін, Дыкенс, Толкін, Набокаў, Аляксандр Мень… Але пасьля таго, як прачытаў у школьнай хрэстаматыі «Жураўліны крык» Васіля Быкава — беларуская літаратура адкрылася мне як бездань, зораў поўная.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Біблія, канечне. Прычым, па-беларуску. Кнігу кнігаў на сваёй роднай мове трэба чытаць кожнаму. Паверце, сто адсоткаў душаў пасьля сьмерці будуць шкадаваць, што яны не чыталі ці мала чыталі Біблію.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Сьвятога Аўгусьціна, Максіма Гарэцкага і Зянона Пазьняка.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Таго, хто разгадае ўсе загадкі майго раману «Беларусалім» .

Што вы перачытваеце?

Стары і Новы Запаветы, па 10 вершаў на дзень. Гэта ўжо хіба дзясяты раз, і кожнага разу ў гэтай вечнай гісторыі скразяць новыя сэнсы ці акалічнасьці. Люблю перачытваць Караткевіча, Гарэцкага, Быкава, проста зь сярэдзіны кнігі разламіў — і сьвет вакол заціхае.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Ніяк не ўдаецца дастаць «Вызвалены Ерусалім» Тарквата Таса. Яфрэм Сірын, што знайду. І ляжыць, чакае свайго часу таміна «Аб сапраўднай рэлігіі» Аўгустына.

Літанкета Свабоды: Павал Севярынец

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG