Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да юбілею Быкава ва Ўкраіне выйшлі тры ягоныя кнігі, у Беларусі — адна


Стэнд да 95-годзьдзя Васіля Быкава ў менскай кнігарні «Акадэмкніга»
Стэнд да 95-годзьдзя Васіля Быкава ў менскай кнігарні «Акадэмкніга»

Дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура» рыхтуе зборнік твораў Васіля Быкава ў новай сэрыі «Напісанае застанецца». Да 95-годзьдзя народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава выйшла другая кніга 10 тома Поўнага збору твораў. Тры кнігі Быкава выйшлі па-ўкраінску ў выдавецтве «Знання» — «Мёртвым не баліць», «Альпійская баляда» і «Знак бяды».

Выйшла другая кніга 10 тому Поўнага збору твораў

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч паабяцаў, што неўзабаве выйдзе і трэцяя кніга 10 тому поўнага збору твораў.

«Калі мы пачыналі рыхтаваць поўны збор твораў Быкава, думалі абмежавацца 14-томнікам, але не атрымліваецца, не разьлічылі некалі, што спадчына Быкава значна-значна большая», — тлумачыць Барыс Пятровіч такую нумарацыю.

«Мастацкая літаратура» да юбілею не пасьпела

Дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура» плянуе распачаць новую кніжную сэрыю «Напісанае застанецца» — і першай кнігай выдаць зборнік Васіля Быкава.

«Хочам выдаць нестандартна: зь вялікай колькасьцю ілюстрацый, зь цікавымі цытатамі, малавядомымі фактамі зь біяграфіі Васіля Быкава. Меркавалася, што першая кніга выйдзе ў траўні, але не пасьпявае мастак Уладзімер Лукашык. Ён працуе вельмі грунтоўна, папрасіў, каб яго не падганялі. У яго ёсьць цікавыя накіды. Спадзяёмся, кніга выйдзе ў ліпені-жніўні», — сказаў Свабодзе галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп.

Кнігі Васіля Быкава ў кнігарні
Кнігі Васіля Быкава ў кнігарні

У беларускіх кнігарнях творчасьць народнага пісьменьніка прадстаўленая даволі шырока. У «Акадэмкнізе», «Цэнтральнай кнігарні» падрыхтаваныя адмысловыя стэнды да 95-годзьдзя народнага пісьменьніка, выстаўленыя выданьні мінулых гадоў на беларускай і расейскай мовах.

Ва Ўкраіне выйшлі адразу тры кнігі Быкава

«Знак біди» — вынік перакладчыцкай працы Дзьмітра Паламарчука. «Альпійська балада» выйшла ў перакладзе Галіны Вігурскай. «Мертвим не болить» пераклала Тацяна Кабржыцкая зь Беларусі. Гэта «першае поўнае выданьне ўкраінскай мовай без цэнзурных скарачэньняў і купюр», — пазначана на кнізе.

Пры жыцьці Васіль Быкаў неаднойчы выказваў «захапленьне геніем украінскага народу», выказваў «глыбокую павагу да гістарычнай мінуўшчыны ўкраінцаў, веру ў іх натхнёную і сьветлую будучыню».

«Як заўсёды, — казаў Васіль Быкаў, — калі мая кніга выходзіць на мове братняга ўкраінскага народу, мяне перапаўняе пачуцьцё вялікай адказнасьці за тое, што выказаў у ёй, за тое, як гэта ўдалося зрабіць. Бо вельмі хочацца, каб быў зразуметы ва ўсім», — цытуе народнага пісьменьніка сайт Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG