Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 фільмаў па творах Васіля Быкава. ВІДЭА


Васіль Быкаў, архіўнае фота 1974 году
Васіль Быкаў, архіўнае фота 1974 году

Першы фільм па творы Васіля Быкава выйшаў у 1963 годзе, апошні — у 2019-м. Да 95-годзьдзя пісьменьніка Свабода сабрала поўны сьпіс фільмаў па творах Быкава, створаных за 55 гадоў.

Васіль Быкаў — самы экранізаваны беларускі аўтар. За апошнія паўстагодзьдзя па матывах ягоных аповесьцяў і апавяданьняў зьнятыя больш як два дзясяткі мастацкіх фільмаў. Бальшыня прыпадае на савецкі час, шмат калі Быкаў выступаў аўтарам сцэнару.

Нягледзячы на канфлікты ўладных ідэолягаў зь пісьменьнікам, творчасьць якога выбівалася з генэральнай лініі партыі, да складаных вобразаў герояў Васіля Быкава рэжысэры савецкай школы зьвярталіся шмат і ахвотна. Практычна кожная кінастужка станавілася значнай культурнай падзеяй, здабывала ўзнагароды на міжнародных фэстывалях.

Пасьля распаду СССР і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі «Беларусьфільм» хоць і працягваў спэцыялізавацца на ваеннай тэматыцы, але грошай у бюджэце на здымкі па творах Быкава не было. Усе стужкі, якія зьявіліся ад пачатку 1990-х, былі зьнятыя або ў Расеі, або з прыватнай ініцыятывы беларускіх рэжысэраў.

«Трэцяя ракета», 1963

Першы фільм па творы Быкава зьявіўся ў 1963 годзе. Гэта была поўнамэтражная чорна-белая экранізацыя аповесьці «Трэцяя ракета». Зьнялі яе на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысэр Рычард Віктараў, аўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Георгій Жжонаў, Станіслаў Любшын, Спартак Фядотаў, Надзея Семянцова ды іншыя.

Сюжэт драмы расказвае пра падзеі ў Беларусі падчас Другой усясьветнай вайны: лёс зьвёў у адным акопе розных людзей, якім трэба было выстаяць супраць атак гітлераўцаў.

«Альпійская баляда», 1965

Чорна-белы шырокаэкранны мастацкі фільм паводле аповесьці «Альпійская баляда», зьняты на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысэр Барыс Сьцяпанаў, аўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Любоў Румянцава, Станіслаў Любшын, Уладзімір Белакураў, Аляксандра Зіміна ды іншыя.

Аповед пра беларуса Івана і італьянку Джулію, якія ўцяклі з канцлягеру. Разам яны праводзяць у Альпах тры шчасьлівыя дні, пакуль нацысты іх не даганяюць.

«Пастка», 1966

Кароткамэтражны ваенны фільм паводле аповесьці «Пастка», зьняты на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысэр Леанід Мартынюк, аўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Юрый Кузьмянкоў, Данііл Нятрэбін, Ігар Камароў, Тадэвуш Кін-Камінскі ды іншыя.

Малады камандзір узводу аўтаматчыкаў падчас атакі атрымлівае раненьне і трапляе ў палон да немцаў. Там яго спрабуюць схіліць да здрады, каб ён заклікаў сваіх падначаленых здацца.

«Жадаю ўдачы», 1968

Кароткамэтражны мастацкі фільм па матывах апавяданьня «Чацьвёртая няўдача», зьняты на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысэр Веніямін Смагін, аўтар сцэнару Ўладзімір Бяляеў. У ролях: Уладзімір Мартынаў, Мікалай Яроменка-старэйшы, Ігар Камароў, Сьцяпан Хацкевіч ды іншыя.

З салдатам Турком вечна здараюцца непрыемнасьці. Ён мусіць даставіць параненага капітана ў мэдпункт, але натыкаецца на нямецкага патрульнага. Бярэ таго ў палон, але ня можа знайсьці дарогу да месца прызначэньня.

«Доўгія вёрсты вайны», 1975

Мастацкі міні-сэрыял, зьняты на кінастудыі «Беларусьфільм» па трох творах: «Жураўліны крык», «Атака з ходу», «На ўзыходзе сонца». Рэжысэр Аляксандар Карпаў, аўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Вадзім Якаўлеў, Барыс Шчарбакоў, Генадзь Аўсяньнікаў, Сьвятлана Кручкова ды іншыя.

Трохсэрыйны фільм расказвае пра тры баявыя эпізоды: у першыя месяцы вайны, у 1943 годзе і незадоўга да яе заканчэньня. Ва ўсіх выпадках героі мусяць глядзець у твар сьмерці.

«Дажыць да сьвітаньня», 1975

Савецкі мастацкі фільм, зьняты на кінастудыі «Ленфільм» паводле аповесьці «Дажыць да сьвітаньня». Рэжысэры і сцэнарысты Міхаіл Яршоў і Віктар Сакалоў, суаўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Аляксандар Міхайлаў, Сьвятлана Арлова, Уладзімір Емяльянаў, Уладзімір Мар’еў ды іншыя.

Група дывэрсантаў атрымлівае заданьне зьнішчыць склад боепрыпасаў у тыле праціўніка. Але пры пераходзе лініі фронту высьветлілася, што немцы перабазавалі свае сховішчы.

«Воўчая зграя», 1975

Мастацкі фільм паводле аднайменнай аповесьці, зьняты на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысэр Барыс Сьцяпанаў, аўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Анатоль Грачоў, Валянцін Нікулін, Сьвятлана Кузьняцова, Расьціслаў Янкоўскі, Генадзь Гарбук ды іншыя.

Невялікую групу партызанаў перасьледуюць немцы. Да ўсіх бедаў па дарозе цяжарная радыстка нараджае дзіця. Калі маці гіне, зь немаўлём застаецца толькі паранены салдат.​

«Абэліск», 1976

Мастацкі фільм паводле аднайменнай аповесьці, зьняты на маскоўскай кінастудыі імя Горкага. Рэжысэр Рычард Віктараў, аўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Яўген Карэльскіх, Ігар Ахлупін, Аляксандар Стрыгалёў, Эдуард Марцэвіч ды іншыя.

Заходняя Беларусь падчас акупацыі. Немцы схапілі школьнікаў, паабяцаўшы, што тыя здадуць настаўніка-партызана. Мужчына разумее, што выйсьце толькі адно.

«Узыходжаньне», 1976

Мастацкі фільм паводле аповесьці «Сотнікаў», зьняты на кінастудыі «Мосфильм». Рэжысэр Ларыса Шэпіцька, аўтар сцэнару Юры Клепікаў. У ролях: Уладзімер Гасьцюхін, Барыс Плотнікаў, Анатоль Саланіцын, Людміла Палякова ды іншыя.

Зіма 1942 году ў акупаванай Беларусі. Двое партызан выпраўляюцца ў вёску па харчы і сустракаюць мясцовага старасту. Адзін хоча расстраляць таго за здраду, іншы ня хоча расправы.

«Фруза», 1981

Мастацкі драматычны тэлефільм паводле апавяданьня «На сьцяжынцы жыцьця», зьняты на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысэр Вячаслаў Нікіфараў, аўтар сцэнару Фёдар Конеў. У ролях: Тацяна Куліш, Галіна Макарава, Валянціна Цітова, Ёсіф Матусевіч ды іншыя.

Першыя паваенныя гады. Дзяўчына Фруза прыехала са зьнішчанай вёскі і ўладкавалася вахцёркай у Менску. Ёй хочацца сям’і і дзяцей, але ў горадзе яе ніхто не чакае.

«Знак бяды», 1985

Мастацкі фільм паводле аднайменнай аповесьці, зьняты на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысэр Міхаіл Пташук, аўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Ніна Русланава, Генадзь Гарбук, Яўген Платохін, Уладзімер Гасьцюхін ды іншыя.

У беларускую вёску Выселкі неўзабаве пасьля пачатку вайны прыходзяць немцы. Спроба ўжыцца з чужынцамі ня мае пэрспэктываў: старая жанчына замыкаецца ў хаце і яе падпальвае.

«Круглянскі мост», 1989

Мастацкі фільм паводле аднайменнай аповесьці Быкава, зьняты сумесна кінастудыяй «Беларусьфільм» і студыяй імя Юрыя Тарыча. Рэжысэр Аляксандар Мароз, аўтары сцэнару Васіль Быкаў і Міхаіл Шэлехаў. У ролях: Аляксандар Кукарэка, Уладзімер Грыцэўскі, Уладзімер Бобрыкаў, Пётар Салдатаў.

Увосень 1942 году чацьвёра партызанаў-беларусаў атрымалі загад узарваць мост, які ня мае ніякага стратэгічнага значэньня. Рызыкуючы жыцьцём, яны выпраўляюцца на заданьне.

«Адна ноч», 1989

Мастацкі фільм паводле аднайменнага апавяданьня, зьняты на студыі «Белтэлефільм». Рэжысэр і аўтар сцэнару Ўладзімер Колас. У ролях: Яўген Шыпіла, Вячаслаў Паўлюць, Яўген Нікіцін, Уладзімер Грыцэўскі ды іншыя.

Аўтаматчык Іван, ратуючыся ад немцаў, апынаецца ў падвале. Там ён знаходзіць параненага салдата вэрмахту, якому патрэбная дапамога. Што рабіць: забіць ворага ці ўсё ж працягнуць яму руку?

«Яго батальён», 1989

Двухсэрыйны мастацкі фільм паводле аднайменнай аповесьці, зьняты на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысэр Аляксандар Карпаў, аўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Віталь Зікора, Любоў Германава, Валер Гатаеў, Андрэй Кашкер.

Камандзір батальёну атрымлівае заданьне штурмаваць вышыню. Рабіць гэта — тое ж самае, што кінуць сваіх падначаленых на верную сьмерць. Аднак камандаваньне загадвае ісьці ў пекла.

«Кар’ер», 1990

Ваенная драма паводле аднайменнай аповесьці, зьнятая на студыі «Юнацтва» кінакампаніі «Мосфильм». Рэжысэр Мікалай Скуйбін, аўтар сцэнару Эдуард Валадарскі. У ролях: Ігар Бочкін, Юры Ступакоў, Сьвятлана Капылова, Леў Барысаў ды іншыя.

Паранены савецкі афіцэр дабіраецца да беларускай вёскі, дзе яго прытуліла мясцовая пападзьдзя. Каб ня выклікаць падазрэньняў у немцаў, жанчына выдае яго за свайго сына.

«У тумане», 1992

Мастацкі фільм паводле аднайменнай аповесьці, зьняты на маскоўскай кінастудыі «Союзтелефильм». Рэжысэр Сяргей Лінкоў, аўтар сцэнару Пётар Каракін. У ролях: Аляксандар Сірын, Аляксандар Высакоўскі, Павел Белазёраў, Віталь Вашэўскі ды іншыя.

Двум партызанам загадана забіць здрадніка. Тыя ня ведаюць, што ён адмовіўся супрацоўнічаць з фашыстамі, але стаў ахвярай крывадушнага пляну нямецкага афіцэра.

«Пайсьці і не вярнуцца», 1992

Мастацкі фільм паводле аднайменнай аповесьці, зьняты сумесна кінастудыяй «Беларусьфільм» і студыяй «Останкино». Рэжысэр Мікалай Князеў, аўтар сцэнару Аляксандар Карпаў. У ролях: Юлія Высоцкая, Уладзімер Січкар, Алена Кандрацьева, Генадзь Аўсяньнікаў ды іншыя.

У горад з партызанскага атраду ідуць Антось і Зося. Калі хлопец прызнаецца, што хоча заявіцца з павіннай да немцаў, тая адмаўляецца. Нічога не застаецца, як выжыць любым чынам.

«Пайсьці і не вярнуцца», 2004

Кароткамэтражны рымэйк аднайменнага фільму 1992 году, паўторна зьняты кінастудыяй «Беларусьфільм». Рэжысэр і аўтар сцэнару Яўген Сяцько. У ролях: Юлія Кадушкевіч, Сяргей Журавель, Кірыл Захараў, Алег Корчыкаў, Аляксандар Кашпераў ды іншыя.

«Асуджаныя на вайну», 2008

Яшчэ адзін фільм паводле аповесьці «Пайсьці і не вярнуцца», зьняты кампаніяй «Кинопродвижение». Рэжысэрка Вольга Жуліна, аўтарка сцэнару Алена Ісаева. У ролях: Ніна Лашчыніна, Юры Калакольнікаў, Андрэй Панін, Дар’я Міхайлава ды іншыя.

Фінал карціны адрозьніваецца ад кніжнага: галоўная гераіня гіне. На перакананьне рэжысэркі, каб ня ціск савецкіх уладаў, Быкаў завяршыў бы сюжэт якраз гэтак.

«На чорных лядах», 1995

Мастацкі фільм на беларускай мове паводле апавяданьняў «На чорных лядах» і «Перад канцом», зьняты кінастудыяй «Беларусьфільм». Рэжысэр Валеры Панамароў, аўтар сцэнару Васіль Быкаў. У ролях: Аляксандар Лабуш, Генадзь Гарбук, Аляксандар Цімошнік, Аляксандар Бяспалы ды іншыя. Выхад стужкі супаў з рэфэрэндумам 1995 году. Яна трапіла пад забарону і хадзіла толькі на відэакасэтах «Беларускага відэаклюбу».

Слуцкі збройны чын канца 1920 году. Атрад беларускіх паўстанцаў, ня маючы шанцаў выйсьці з акружэньня, прымае рашэньне не здавацца бальшавікам і сьвядома ідзе на сьмерць.

«Бліндаж», 2011

Мастацкі міні-сэрыял паводле аднайменнай незавершанай аповесьці, зьняты на расейскай студыі «Фаворит-фильм». Рэжысэр Аляксандар Гарноўскі, аўтары сцэнару Зоя Кудра і Міхаіл Шэлехаў. У ролях: Ірына Рахманава, Ігар Хрыпуноў, Аляксей Шаўчэнкаў, Яўген Князёў ды іншыя.

Мінуў месяц пасьля пачатку вайны. Савецкія вайскоўцы адступаюць, некаторыя сяляне рушаць за імі, іншыя бягуць у лес. Але паступова фронт адсоўваецца на ўсход, і пачынаецца барацьба за выжываньне.

«У тумане», 2012

Новая экранізацыя аповесьці «Ў тумане» супольна кампаніямі MA.JA.DE Fiction, Rija Films, Lemming Film, GP Cinema Company, «Беларусьфільм». Рэжысэр і аўтар сцэнару Сяргей Лазьніца. У ролях Уладзімер Сьвірскі, Уладзіслаў Абашын, Кірыл Пятроў, Дзьмітрый Коласаў ды іншыя.

Стужка ўдзельнічала ў асноўнай праграме 65-га Канскага кінафэстывалю, дзе атрымала спэцыяльны прыз Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы (FIPRESCI).

«Лейтэнант», 2015

Мастацкі фільм паводле аповесьці «Дажыць да сьвітаньня» і апавяданьня «Франтавая старонка», зьняты расейскай кінакампаніяй СТВ. Рэжысэр Яўген Эпштэйн, аўтар сцэнару Антон Левін. У ролях: Антон Левін, Аляксандар Муштукоў, Яўген Мендус, Віктар Заброўскі ды іншыя.

1941 год. Малады лейтэнант, не пасьпеўшы толкам паваяваць, страчвае баявых таварышаў і аказваецца абсалютна адзін і бяз зброі ў лесе, акружаным немцамі.​

«Жоўты пясочак», 2017

Мастацкі фільм паводле аднайменнага апавяданьня, зьняты за асабістыя сродкі рэжысэра Аляксея Туровіча. У ролях: Аляксей Верашчага (Верашчака), Аляксей Міхайлаў, Ігар Мікалаеў, Генадзь Трацьцякоў ды іншыя. У Беларусі паказваўся ў кінатэтрах Менску і Менскай вобласьці, быў уганараваны на міжнародным фэстывалі дэтэктыўных фільмаў і тэлепраграм праваахоўнай тэматыкі DetectiveFEST у Маскве. Прыз рэжысэр перадаў удаве Васіля Быкава. На сэрвісе youtube атрымаў амаль 6 мільёнаў праглядаў.

На энкавэдысцкім «варанку» шасьцярых зьняволеных вязуць на расстрэл ва ўрочышча Курапаты пад Менскам. Кожны з асуджаных на сьмерць зьмірыўся са сваёй доляй і нават дапамагае паскорыць расправу над сабой.

«Народныя мсьціўцы», 2019

Мастацкі фільм паводле аднайменнага апавяданьня, зьняты за ахвяраваньні на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» і за асабістыя сродкі рэжысэра Аляксандра Меліхаўца. Другая пасьля «Чорных лядаў» быкаўская стужка, зробленая па-беларуску. У ролях: Зьміцер Давідовіч, Арцём Курэнь, Ільля Ясінскі, Канстанцін Воранаў ды іншыя.

Канец 1950-х. Чацьвёра мужчын вырашаюць адпомсьціць былому супрацоўніку НКВД, які нечакана аб’яўляецца ў вёсцы. Стараньнямі гэтага карніка многіх рэпрэсавалі — арыштавалі ці забілі. Што атрымалася?

Пастаноўкі па Быкаву ў тэатрах

Творы Васіля Быкава таксама ставіліся ў тэатрах па ўсім СССР: «Апошні шанец», «Абэліск», «Альпійская баляда», «Дажыць да сьвітаньня» (усе — Масква), «Знак бяды» (Гомель, Ленінград, Менск), «Пайсьці і не вярнуцца» (Кастрама, Масква, Чарнігаў), «Сотнікаў» (Ленінград, Магілёў), «Трэцяя ракета» (Кіеў, Масква) і г.д.

Радыёспэктаклі па аповесьцях «У тумане» і «Кар’ер» адзначаныя Дзяржаўнай прэміяй БССР. Кампазытар Яўген Глебаў паставіў балет «Альпійская баляда», а Генрых Вагнэр стварыў опэру «Сьцежкаю жыцьця» паводле аповесьці «Воўчая зграя».

У верасьні 2018 году ў Магілёўскім драматычным тэатры адбылася прэм’ера спэктакля «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG