Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады адказалі, чаму дагэтуль няма вуліцы і помніка ў гонар Васіля Быкава


Менгарвыканкам пакуль не знайшоў вуліцы, каб надаць ёй імя Васіля Быкава. Таксама ня вырашана пытаньне пра ўсталяваньне помніка народнаму пісьменьніку, якому 19 чэрвеня споўнілася б 95 гадоў.

З паўторнай прапановай назваць вуліцу імем Васіля Быкава і паставіць яму помнік зьвярнуўся ў Менгарвыканкам старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Але адказу дагэтуль не атрымаў.

Паводле яго, ва ўладаў гораду «ўжо два гады як ёсьць даручэньне ад кіраўніцтва краіны па гэтым пытаньні».

«Адміністрацыя падтрымала, а гарвыканкам — гэта проста дзіўныя людзі. А калі ў іх дрэнная памяць, то гэта ўжо іншая справа. Усё зацягнулася, таму я зноў паставіў гэтае пытаньне. У прынцыпе, прэзыдэнт жа падтрымліваў. Гэта проста бюракратычная цяганіна. Цяпер усё ўпіраецца ў Менгарвыканкам», — сказаў карэспандэнту Свабоды Мікалай Чаргінец.

«Няма вуліцы, каб яе назваць»

Ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму Свабодзе паведамілі, што пытаньне аб наданьні вуліцы імя Васіля Быкава «ня так даўно разглядалі» на адмысловай камісіі.

«Мы ўсе хочам, каб была вуліца Быкава. Але ж няма вуліцы для таго, каб яе назваць. У нас няма новых вуліц, няма запытаў на прысваеньне. І таму пакуль не зьбіраецца камісія, бо няма што называць», — сказала прадстаўніца ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму.

Гарадзкія ўлады вырашылі не разглядаць пытаньне зь перайменаваньнем ужо існуючых вуліц, бо «прыйдзецца спытацца ва ўласьнікаў будынкаў, ці хочуць яны зьмяніць усе свае дакумэнты за свой кошт».

Помніка таксама ня будзе

Што да ўсталяваньня помніка Быкаву, то ў Менгарвыканкаме патлумачылі, што «помнік будзе рабіцца там, дзе будзе вуліца».

Чаргінец па-ранейшаму настойвае на праекце скульптара Аляксандра Батвінёнка і архітэктара Армэна Сардарава, але ўжо без стала ў форме зоркі (гл. на фота ніжэй). Да таго ж скульптар Батвінёнак ужо памёр.

Паводле Чаргінца, было некалькі прапановаў, дзе паставіць помнік.

«Мая ідэя была — усталяваць помнік на плошчы на скрыжаваньні вуліц Казлова і Зьмітрака Бядулі, каля кінатэатру „Мір“. Там вялікая круглая плошча. Натуральна, трэба рабіць падземныя пераходы. Але гэта вельмі саліднае месца», — сказаў Свабодзе Мікалай Чаргінец.

Макет помніка Васілю Быкаву скульптара Аляксандра Батвінёнка (зьлева) і архітэктара Армэна Сардарава. Праект выклікаў у грамадзтве крытычныя водгукі
Макет помніка Васілю Быкаву скульптара Аляксандра Батвінёнка (зьлева) і архітэктара Армэна Сардарава. Праект выклікаў у грамадзтве крытычныя водгукі

Пісьменьнік Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну Віцебскай вобласьці, быў удзельнікам Другой Усясьветнай вайны, якой прысьвечаная асноўная частка ягонай творчасьці. Цэнтральнае месца ў аповесьцях Быкава займаў чалавек, яго гісторыі і складаны маральны выбар у найбольш трагічныя моманты жыцьця.

У 1988 годзе Васіль Быкаў стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. З 1998 году зьехаў у эміграцыю, жыў у Чэхіі, Фінляндыі, Нямеччыне. Вярнуўся ў Беларусь у 2003 годзе перад самай сьмерцю, ягонае пахаваньне ў Менску было адным з самых масавых.

Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG