Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скульптар Аляксандар Батвінёнак: «Я за тое, каб помнікаў Быкаву было некалькі»


Макет помніка Васілю Быкаву. Аўтары — скульптар Аляксандар Батвінёнак і архітэктар Армэн Сардараў
Макет помніка Васілю Быкаву. Аўтары — скульптар Аляксандар Батвінёнак і архітэктар Армэн Сардараў

У Менску ў хуткім часе можа зьявіцца помнік Васілю Быкаву з чырвонай зоркай. Макет помніка ўжо гатовы. Ягоныя аўтары — скульптар Аляксандар Батвінёнак і архітэктар Армэн Сардараў.

Радыё Свабода пагутарыла з адным з аўтараў праекту, скульптарам Аляксандрам Батвінёнкам.

— Спадар Аляксандар, на якой стадыі цяпер праца над помнікам Васілю Быкаву? Гэта справа вырашаная, ухваленая гарадзкімі ўладамі?

— Пакуль што помнік Быкаву — на стадыі, так бы мовіць, пажаданьня. Над вобразам Васіля Ўладзімеравіча Быкава я працую ўжо з 1982 году. У Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў мяне была дыплёмная праца «Пісьменьнікам-франтавікам Беларусі прысьвячаецца» — праз вобраз Васіля Быкава. І набыла гэтую працу бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук. Таму гэтая тэма мяне вабіць са студэнцтва. У мяне ёсьць ужо тры варыянты, нават чацьвёрты амаль гатовы. І ўсе яны розныя пачуцьці выклікаюць. Але я пераканаўся, што асабліва ў наш час трэба ствараць не менавіта вобраз чалавека (хоць і чалавека таксама), але галоўнае — гэта ягоныя дасягненьні. У дадзеным выпадку трэба прапагандаваць літаратуру. Быкаў — самы знакаміты наш пісьменьнік, і мяне бярэ скруха, што ў нас няма помнікаў ні Быкаву, ні Караткевічу, ні Крапіву — гэта выдатныя асобы, які зрабілі ХХ стагодзьдзе адметным. Калі няма памяці, помнікаў ім — то як бы і нацыі крыху меней.

— Спадар Аляксандар, вяртаючыся да першага вашага скульптурнага ўвасабленьня Васіля Быкава, да студэнцкай працы. Тады Быкаў бачыў вашу працу?

— Ведаеце, я па натуры чалавек сарамлівы, і часьцяком вельмі шкада, што такі сарамлівы. Быкаву я яе не паказваў, хоць Міхаіл Савіцкі даваў мне каардынаты Быкава, але тады я ўжо вучыўся ў Акадэмічных майстэрнях у Маскве. На выставе ў 1985 годзе якраз бібліятэка Акадэміі навук і набыла гэтую маю працу. Магчыма, бываючы ў бібліятэцы, Быкаў і бачыў, але я дакладна ня ведаю.

— Пасьля публікацыі макету помніка Быкаву ў газэце «Звязда» ўжо зьявіліся розныя меркаваньні, што Быкаў не любіў савецкую сымболіку, а стол выкананы ў выглядзе пяціканцовай зоркі, прычым стальніца чырвонага колеру...

— А скажыце калі ласка, пра што ён пісаў? Пра вайну! Хто перамог у гэтай вайне? Савецкая армія. Я не хачу перапісваць гісторыю. Што да зоркі, там ня форма яе галоўная. Таўшчыня зоркі — гэта старонкі кнігі, па фармаце, па прапорцыях. І там павінен быць тэкст — цытаты з твораў Васіля Быкава. І сэнс такі: «вы глядзіце на вайну збоку, а я сваімі рукамі рабіў перамогу». І мы яго за гэта любім і цэнім. За праўду пра вайну. Ён для мяне — пісьменьнік і ваяр, і іначай як зорка, нічога ня можа быць. І я лічу, што гэта адметнасьць і ня трэба саромецца.

Ён для мяне — пісьменьнік і ваяр, і іначай як зорка, нічога ня можа быць. І я лічу, што гэта адметнасьць і ня трэба саромецца

Мой бацька таксама быў пераможцам, праліваў кроў, каб у нас быў мір. А зараз раздаюцца галасы кшталту: «А я ня ўпэўнены, што Савецкі Саюз перамог». І гэта я чуў ад маладых людзей. Таму зорка. А боль Быкава, ягоныя рукі і думкі — пра вайну. Як праяўляецца чалавек у самых складаных умовах — ці здраднік, ці пераможца над сабой, ці герой. Вось гэта я імкнуўся паказаць у сваім праекце помніка. А ўсё астатняе — гэта наноснае. Для мяне Быкаў — самы вялікі наш пісьменьнік. Ведаеце, пасьля Быкава я працаваў дастаткова доўгі час над Дастаеўскім. Лічу, што наш Быкаў — гэта як працяг Дастаеўскага.

А месца ля Дома літаратара для помніка Быкаву — вельмі ўдалае. У ягоны час яно стваралася, гэта ягоная вотчына, так што тут аспрэчваць няма чаго.

— Спадар Аляксандар, будзеце далей прасоўваць свой праект з помнікам Быкаву? Гэта ж гарадзкія ўлады павінны ўхваліць...

— Канечне, я буду працягваць працаваць. А бізнэсам я не займаюся. Я займаюся толькі творчасьцю. Я ня ўмею прасоўваць такія рэчы. І мяне больш за ўсё бянтэжыць тое, што на першым месцы бізнэс, а мастацтва тут не патрэбна ўжо. Конкурс — гэта бізнэс, бізнэсам займацца я ня ўмею.

Я гатовы паказваць свае працы, каб людзі глядзелі, грамадзкасьць абмяркоўвала. Мне прапанавалі ва ўнівэрсытэце зрабіць выставу. Я пагадзіўся. Думаю, што і Быкава выстаўлю. У мяне ёсьць і Быкаў, і Анікейчык, і Савіцкі, якія таксама заслугоўваюць увагі.

— Колькі намаганьняў было прыкладзена грамадзкасьцю, каб у Менску была вуліца Быкава. Зараз вось гаворка ідзе пра помнік. Самі верыце, што ўдасца ажыцьцявіць?

— Я адказаў бы так. Я як чалавек, які вельмі любіў і паважаў Быкава і ягоную творчасьць, я не будую вельмі вялікіх плянаў. Скажу так (як у адным фільме): «каб загубіць справу, трэба яе арганізаваць і ўзначаліць». Вуліцу Быкава рабіце любую. Галоўнае — каб быў помнік хоць дзе-небудзь. А то мы хочам як лепей, а выходзіць як заўсёды. Так, Быкаў варты і каб была вуліца, і помнік, і каб яго імем назвалі плошчу, і многага іншага. Няхай будзе некалькі помнікаў Быкаву. Вось у Санкт-Пецярбургу шмат помнікаў Пушкіну. У Маскве — прынамсі два помнікі Дастаеўскаму, і нічога.

Я не за тое, каб толькі я ці хтосьці замест мяне — няхай робяць усе разам ці робіць кожны. Галоўнае, каб помнік быў.

Скульптар Аляксандар Батвінёнак нарадзіўся ў 1957 годзе. Аўтар шматлікіх працаў, выкананых з самых розных матэрыялаў — дрэва, бронзы, мармуру і інш. Найбольш вядомыя працы — помнік Пятру Мсьціслаўцу, аднаму зь беларускіх друкароў, у старажытным беларускім горадзе Мсьціславе, бюст Нарбуту ў Браславе, помнік мірным жыхарам, якія загінулі ў вайну, у вёсцы Трахімавічы Дзятлаўскага раёну, фантан «Крыніца» ў аднайменным санаторыі, паркавыя скульптуры «Афрадыта» і «Вэнэра» ў Турэччыне, скульптуры ў Нямеччыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG