Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 малавядомых фактаў пра Васіля Быкава, якога ня стала 15 год таму


Васіль Быкаў

Васіль Быкаў (19 чэрвеня 1924, в. Бычкі, Вушацкі раён — 22 чэрвеня 2003, в. Бараўляны, Менскі раён) быў ці ня самым чытаным беларускім пісьменьнікам як на радзіме, так і за мяжой. Па ягоных аповесьцях здымалі фільмы, ставілі спэктаклі, тэлевізійныя пастаноўкі, балет і опэру.

Чалавек шчасьлівага творчага лёсу (народны пісьменьнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, ляўрэат шматлікіх літаратурных прэмій), Быкаў у кожнай сваёй аповесьці амаль кінэматаграфічна выразна апісваў няўдачу, здраду, асуджанасьць, сьмерць.

Пра сябе Быкаў казаў:

«Толькі ў літаратуры я ўбачыў магчымасьць стаць гаспадаром сваіх памкненьняў, магчымасьць ажыцьцявіць уласныя ідэі, уладарыць над сабой і над сваімі героямі».

У дзень памяці Васіля Быкава Свабода сабрала 20 малавядомых фактаў пра пісьменьніка і грамадзкага дзеяча.

1. Лічыў, што яму шкодзіў матчын характар

1. Малады Васіль Быкаў. 2. Васіль Быкаў разам з маці
1. Малады Васіль Быкаў. 2. Васіль Быкаў разам з маці

«[Я быў у дзяцінстве] худы і слабы, і з тае прычыны ня мог адчуць свае перавагі. Перавага была за іншымі — больш дужымі, а галоўнае — болей нахабнымі. Во тут я і прыпамінаў мяккі матчын характар, які я ўнасьледаваў і які мне нямала шкодзіў. Асабліва пасьля, у войску». (Быкаў В. Поўны збор твораў у 14 тамах. Т. 10. 2014 г.)

2. У брэжнеўскія часы крытыкаваў помнік на плошчы Перамогі ў Менску

1. Васіль Быкаў. 2. Вокладка гішпанскага выданьня аповесьці «Трэцяя ракета» (1964 г.)
1. Васіль Быкаў. 2. Вокладка гішпанскага выданьня аповесьці «Трэцяя ракета» (1964 г.)

«Высачэзны, ня дужа арыгінальны манумэнт, збудаваны ў духу пампэзных канонаў культаўскага часу. Наверсе — ордэн Перамогі. Рэдкі і безгустоўны ордэн, якім узнагароджвалі маршалаў, генэралісімуса і румынскага караля Міхая. Да Беларусі ён наўрад ці мае якое дачыненьне. Хіба што сымболікай назвы». (Васіль Быкаў. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. 2014 г.)

3. Ягоная аповесьць «Мёртвым не баліць» абурыла маршала Конева

Вокладка мюнхэнскага выданьня аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.).
Вокладка мюнхэнскага выданьня аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.).

Расейскі крытык Валянцін Аскоцкі пісаў:

«По свидетельству Майи Ивановны Коневой, дочери маршала, ее отец тоже прочел „Мертвым не больно“. Прочел и разбушевался: что же он, негодяй, делает? Ведь Кировоградская операция — из моих лучших!

— Я ему объясняю: папа, он же не о твоей операции пишет, а о том, что у тебя произошло в тылу, когда немцы вырывались из окружения.

— Все равно негодяй!

Василь выслушал без тени улыбки. И попросил на полном серьезе:

— Передайте Ивану Степановичу: та его операция действительно блистательна. Но что было, то было — в повести я ничего не придумывал. И немецкий прорыв, и западню, в какую мы попали, сам пережил.

Майя Ивановна передала. И, посмеиваясь, воспроизвела потом, как похвала лейтенанта растрогала маршала:

— Ну ладно, скажи ему, что он тоже талантлив...» (Оскоцкий В. Мозаика памяти. 2008 г.)

4. Васіля Быкава хацелі ў часы Хрушчова прымусіць стаць ракетчыкам, але выратаваў нябожчык брат

Разам з сынам
Разам з сынам

«Недзе на пачатку 60-х гадоў /.../ я дазнаўся, што зноў рыхтуюцца прызваць афіцэраў-рэзэрвістаў дзеля перападрыхтоўкі на ракетчыкаў. Тое мне зусім не падабалася, але што можна было зрабіць? Адзін журналіст быў знаёмы з афіцэрам ваенкамату, якога мы неяк пасьля работы запрасілі ў рэстаран. /.../ ...ён добразычліва паставіўся да мяне і, дазнаўшыся пра маю праблему, спытаўся, ці няма ў мяне каго за мяжой? За мяжой, на жаль, у мяне не было нікога. Тады ён папытаў: можа, хто з родзічаў прапаў у вайну бязь вестак? /.../ ...я прыпамятаў стрыечнага брата Міколу. І вось у адпаведнай графе /.../ анкеты я напісаў, што мой брат Мікола жыве ў Заходняй Нямеччыне. Таго хапіла, каб адчапіліся. (Хай мне даруе мой няшчасны Мікола, які ў 19 год склаў сваю галаву на вайне. Ён мёртвы ўратаваў калі не маё жыцьцё, дык свабоду.) (Быкаў В. Поўны збор твораў у 14 тамах. Т. 10. 2014 г.).

5. Лічыў, што праўду пра вайну могуць напісаць толькі яе ўдзельнікі

Алег Карповіч. Шарж на Васіля Быкава
Алег Карповіч. Шарж на Васіля Быкава

«...вялікую праўду аб мінулай вайне суджана выказаць толькі яе ўдзельнікам або сьведкам. Іншым гэта ня дадзена. Іншыя могуць стварыць нават геніяльныя творы, але гэта ўжо будзе з поваду вайны, а не яе горкай і крывавай праўдай». (В. Быкаў. Пяром аналітыка / Маладосць, 1966 г., № 2)

6. Пісьменьніка беспадстаўна абвінавачвалі ў нелюбові да ўкраінцаў

Разам зь Піменам Панчанкам
Разам зь Піменам Панчанкам

Па ўспамінах Валянціна Аскоцкага: «Один из «оскорбившихся» /.../ не преминул кольнуть Василя: дескать, все его герои, если они мерзавцы, носят украинские фамилии. /.../ Нелепые подозрения в украинофобии от него долго не отлипали. Подчас их доводилось слышать и от таких достойных людей, как Олесь Гончар, Павло Загребельный, а однажды и от Ивана Драча. Василь отвечал иронией. Но как-то сорвался с обидой не столько за себя, сколько за правду войны, которую ставил превыше всего: „А что запоют наши киевские друзья, когда я напишу о карательных отрядах в Белоруссии? Ведь украинцы были в каждом!“» (Васіль Быкаў. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. 2014 г.)

7. Творча зайздросьціў Алесю Адамовічу і параўноўваў яго з Фрэйдам

Май Данцыг. Партрэт Алеся Адамовіча. 1986 г.
Май Данцыг. Партрэт Алеся Адамовіча. 1986 г.

У лісьце да Алеся Адамовіча (26.10.67 г.) пісаў: «Дарагі Саша! Прачытаў за адзін прысест, ноччу і, як заўсёды, з асалодай, з захапленьнем, зь вялікай цікавасьцю. Псыхалягізм тваіх рэчаў заўсёды мяне зьдзіўляў, у гэтым сэнсе я ня ведаю роўнага табе ў сучаснай расейскай літаратуры. Мне думаецца, што старык Фрэйд, будзь ён жывы, чытаў бы твае рэчы як трактаты спэцыяліста-псыхааналітыка. Глыбіня тваіх адчуваньняў і дакладнасьць іх перадачы насамрэч зьдзіўляюць. Пасьля чытаньня тваіх старонак мне мае ўласныя падаюцца насьценгазэтай. І тут, калі зьвярнуцца да старадаўняй спрэчкі бел[арускіх] літаратараў, становіцца зусім зразумелым, чаму ты пішаш па-расейску. Зрэшты, мне гэта было зразумела з самага пачатку». («Так ужо на нябёсах запісана». Перапіска Васіля Быкава і Алеся Адамовіча / Дзеяслоў, 2008 г., № 32.)

8. Перад пачаткам працы з матэматычнай дакладнасьцю прадумваў фінал

Май Данцыг. Партрэт Васіля Быкава. 1986 г.
Май Данцыг. Партрэт Васіля Быкава. 1986 г.

«Як правіла, рабоце над кожным творам у мяне папярэднічае, акрамя максымальна распрацаванага пляну, яшчэ і скрупулёзна прадуманы фінал. Безь яснага ўяўленьня аб тым, чым павінна закончыцца аповесьць, я не прыступаю да яе пачатку. У тых некалькіх выпадках, калі давялося брацца за работу, адклаўшы распрацоўку фіналу „на потым“, рэчы рашуча не ўдаліся менавіта па прычыне нездавальняючага фіналу» (В. Быкаў. Як была напісана аповесьць «Сотнікаў» / «Литературное обозрение», 1973 г., № 7).

Расейскі крытык А. Цьвяткоў адзначаў: «Если мы повнимательнее присмотримся к тому, как ведут себя Сотников и Рыбак на протяжении всего их пути, в какие ситуации ставит их писатель, то увидим, что автор /.../ остается верен своему „лабораторному“ методу, что /.../ не характеры ведут писателя, а он ведет их, последовательно и неуклонно, к заранее намеченному финалу». (Цветков А. Возможности и границы притчи / Вопросы литературы, 1973 г., № 5.)

9. У ягонай «Ліквідацыі» («Сотнікаву») знайшлі астранамічную недакладнасьць

Юры Ракша. Партрэт Сотнікава. 1976 г.
Юры Ракша. Партрэт Сотнікава. 1976 г.

Зь ліста астранома Р. Гершберга (4.02.71 г.): «В Вашей первоклассной повести „Сотников“ есть грубая ошибка: „тоненький серпик месяца“ светит партизанам на протяжении почти всей ночи. В действительности, тоненький серпик может быть виден на небе лишь 2-3 часа перед восходом солнца. Около полуночи „в самой выси неба“ может быть лишь полная или близкая к полной луна. Этот промах, который мне, астроному, бросился в глаза, может быть заметен многим наблюдательным людям /.../ и его следует исправить...» Па заўвазе дасьледчыка Сяргея Шапрана: «Быкаў /.../ ні ў першым кніжным выданьні „Сотнікава“, ні ў публікацыях у зборах твораў /.../ так і ня выправіў гэтую астранамічную недакладнасьць». (Сяргей Шапран. Біблейскі сюжэт. Пасьляслоўе да аповесьці «Ліквідацыя» / В. Быкаў. Ліквідацыя. Без цэнзуры. 2014.)

10. Пісьменьнік Алесь Савіцкі лічыў, што з Быкава пры жыцьці лепяць культ

Іван Шамякін, Валянціна Шчадрына, Нічыпар Пашкевіч і Алесь Савіцкі. (архіў Вольгі Шчадрыной)
Іван Шамякін, Валянціна Шчадрына, Нічыпар Пашкевіч і Алесь Савіцкі. (архіў Вольгі Шчадрыной)

Зь ліста Алеся Савіцкага (15.05.66 г.): «Васіль, ты пачаў зазнавацца, ты пакаціўся ўніз па пенных хвалях славы і хвалы, ты ўжо згубіў шмат з свае чалавечай і чалавечнай дабрыні. Ты не заўважаеш гэтага, табе проста не даюць заўважаць. Ты сёньня ўжо цыкаеш на тых, хто думае інакш, ты сёньня ўжо не папытаеш, які лёс тых, каго ты адпіхнуў плячом сваім, на якім ляжыць цяжкая паклажа толькі гучных і добрых эпітэтаў. /.../ Табе, думаецца, сябры твае ўпарта ўбіваюць у галаву, што ты амаль тое ж, што „нацыянальны герой“, „пакутнік“, „гаротнік“, „сьцяг“. Мажліва памыляюся, але нешта ля гэтага ёсьць. А гэта ж, Васіль, няпраўда. Саўсім няпраўда. А ты паверыў у яе, калі ня ўсю, дык часткова прыняў сэрцам. Няўжо ты не заўважаеш, што выглядаеш сьмешным у лілёвым тумане „акадэмічнай“ хвалі? Ты проста пісьменьнік. Добры. /.../ Няўжо ты не заўважаеш, што ты ўжо сам робісься асновай культу?» (Васіль Быкаў. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. 2014 г.).

11. Ня здолеў падтрымаць Твардоўскага

Васіль Быкаў
Васіль Быкаў

«Пазваніў Твардоўскі і голасам, які я даўно (а можа, і ніколі) ня чуў, паведаміў, што ён сыходзіць з часопісу. Я разгубіўся і ня ведаў, што яму на тое сказаць, а ён адразу ж папытаўся, ці буду я ў такім разе друкаваць новую аповесьць у „Новом мире“? Яшчэ болей зьбянтэжаны, я штось мармытаў, а затым папытаўся, як ён параіць? Аляксандар Трыфанавіч, як мне здалося, раздражнёна адказаў, што таго раіць ня будзе, — рашайце самі. Гэта была мая апошняя размова з Твардоўскім».

Па словах дасьледчыка Сяргея Шапрана: «Ігар Залатускі — са спасылкай на Быкава — прыводзіў крыху іншую, больш жорсткую вэрсію гэтай размовы: „Я спросил Твардовского, — сказал Василь, — как мне быть с моей повестью. Оставлять ее в „Новом мире“ или не оставлять?“ „А, ты не знаешь, что тебе делать?“ — ответил Твардовский. И, почти срываясь на крик, отрубил: „Так пошел же ты на!..“ И бросил трубку». (Сяргей Шапран. Біблейскі сюжэт. Пасьляслоўе да аповесьці «Ліквідацыя» / В. Быкаў. Ліквідацыя. Без цэнзуры. 2014).

Пазьней Быкаў успамінаў: «Повесть была скоро напечатана... И вот я сожалею — пожалуй, следовало поступить иначе. Но бывшего не воротишь...» (Литературные вести, 2000 г., 21 июня).

12. Прызнаваўся Адамовічу, што пры ўсім жаданьні ня можа пісаць у стол

Разам з Алесем Адамовічам
Разам з Алесем Адамовічам

У адным зь лістоў (29.09.68 г.) чытаем: «Адзінае, чаго мне хочацца, — гэта быць надрукаваным, без чаго, як вядома, літаратурны факт ня можа лічыцца зьдзейсьненым. Але і гэта з кожным годам становіцца ўсё больш цяжкай справай. Відаць, прыйдзе (калі ўжо не прыйшоў) час пісаць у стол, працаваць у запас. А там будзе бачна. Але ж мы беларусы, а значыць, баягузы ды гультаі, да таго ж славалюбцы — нам падавай канчатковы вынік. У гэтым, каюся, грэшны і я. У стале пуста». («Так ужо на нябёсах запісана». Перапіска Васіля Быкава і Алеся Адамовіча / Дзеяслоў, 2008 г., № 32).

Пазьней, у газэце «Советская культура» (чэрвень, 1988 г.) пісаў: «...чего стоит высказывание одного белорусского писателя и ученого, заявившего перед аудиторией, что, мол, не в пример русской литературе мы не создавали „подпольных“ произведений, произведений „в стол“. Что ни писали — все печатали. Услышав такое, я подумал: видимо, оратор рассчитывает на аплодисменты. Но аплодисментов не последовало. Видимо, аудитория все-таки поняла, что есть наша беда, чтобы обывательскую мораль не возвести в ранг национальной доблести. /.../ ...малоподготовленными оказались мы, белорусские писатели, к духовной и творческой перестройке». (Васіль Быкаў. На крыжах. 1992 г.).

13. Выраз «Магіла невядомага салдата» рэзаў яму слых

Анатацыя да ангельскага выданьня аповесьцяў Васіля Быкава «Альпійская баляда» і «Дажыць да сьвітаньня» (1989 г.)
Анатацыя да ангельскага выданьня аповесьцяў Васіля Быкава «Альпійская баляда» і «Дажыць да сьвітаньня» (1989 г.)

«...вечны агонь. Вядома, на магіле невядомага салдата. Гэтая фраза заўжды рэжа мне слых, і я думаю: а куды ж падзяваліся вядомыя? Тыя, што жылі і ваявалі, пагінулі і пахаваны тут? Зь нечай лёгкай рукі так павялося, што невядомыя захапілі прыярытэт у пасьмяротнай славе. Але ці не віной таму — нядбайнасьць жывых?» (Васіль Быкаў. Мёртвым не баліць. Без цэнзуры. 2014 г.)

14. Захапляўся жывапіснай сэрыяй Міхаіла Савіцкага «Лічбы на сэрцы»

Міхаіл Савіцкі. Партрэт Васіля Быкава. 1984 г.
Міхаіл Савіцкі. Партрэт Васіля Быкава. 1984 г.

«Гэтыя карціны — ня лёгкае і ня простае відовішча, і можна сабе ўявіць, чаго каштавала мастаку праца над імі. Перад вачыма гледача праходзіць шэраг пякельных прывідаў гітлераўскіх лягераў, няспынная барацьба высокай чалавечнасьці з подласьцю, страсна выкрываецца канібальская сутнасьць фашызму і сьцьвярджаецца вышыня камуністычнага ідэалу. Патасам гэтай барацьбы вее ад твараў і постацей зьняволеных, што спляліся ў жахлівую вэртыкаль уцёкаў („Уцёкі“) цераз драцяную агароджу з электрычным токам. Так, іхні прарыў імпульсіўны, удачы ня будзе, на вышках ужо „працуюць“ кулямёты, і акрываўленыя целы валяцца з дроту на ўтаптаную зямлю лягера. Але гэта яшчэ не фінал, гэта толькі маленькі эпізод у доўгім і гераічным ланцугу супраціўленьня. /.../ Калярыстычнае майстэрства мастака часам такое дасканалае, што амаль зьнікае ў зьмесьце — ці ня ў тым вышэйшая ступень жывапіснага майстэрства, якому можна зайздросьціць». (В. Быкаў. Подзьвіг мастака / Літаратура і мастацтва, 1979 г., 26 студзеня).

У майстэрні Міхаіла Савіцкага
У майстэрні Міхаіла Савіцкага

15. Лічыў, што стыль у літаратуры — гэта ня самае асноўнае

«Напачатку, можа, ня так ужо і важна форма, у якой, на жаль, маладыя бачаць звычайную заруку посьпеху. Стыль для такіх — усё. Але стыль ня ўсё і нават не палавіна. Стыль толькі сродак. Аднак сродак — нішто бяз мэты. „Калі пісьменьнік празьмерна непакоіцца аб стылі, урэшце ў яго не застаецца нічога, апроч стылю“, — сьведчыць такі выдатны майстар літаратуры, як Уільям Фолкнэр». (В. Быкаў. Пяром аналітыка / Маладосць, 1966 г., № 2.)

16. Іранізаваў над празаікамі, што пішуць пра вёску, і засмучаўся адсутнасьцю ў Беларусі інтэлектуальнага рамана

1. Сяргей Раманаў. Партрэт Васіля Быкава зь яго дэбютнай кнігі «Ход канём» (1960 г.) | 2. Шарж Міхася Лісоўскага на Васіля Быкава. «Маладосць», 1963, № 4
1. Сяргей Раманаў. Партрэт Васіля Быкава зь яго дэбютнай кнігі «Ход канём» (1960 г.) | 2. Шарж Міхася Лісоўскага на Васіля Быкава. «Маладосць», 1963, № 4

Зь ліста да Алеся Адамовіча (29.09.68 г.): «...пагадзіся, што працаваць з традыцыйным для літаратуры матэрыялам сялянскай вёскі непараўнальна лягчэй, чым, напрыклад, на матэрыяле сучаснай моладзі. Таму там суцэльныя посьпехі цягам многіх дзесяцігодзьдзяў на ўсім фронце: ад Лупсякова да Мележа — суцэльна посьпехі ў выяўленьні і адлюстраваньні мужыка-недарэкі і кулака-ліхвяра. Але дзе інтэлектуальны раман, які даўно ўжо квітнее на Захадзе? Яго няма ў нас, і распачынаеш яго нейкім чынам ты. Канешне, гэта цяжка, але, відаць, гэта неабходна. У гэтым заўтра ўсякай літаратуры, у тым ліку і беларускай. Сартр казаў, я сам чуў, што экзыстэнцыялізм — тое самае значнае, што ўзбройвае літаратуру будучага. Табе ён бліжэй, чым каму б ні было ў нас». («Так ужо на нябёсах запісана». Перапіска Васіля Быкава і Алеся Адамовіча / Дзеяслоў, 2008 г., № 32.)

17. Насьцярожана ставіўся да сучаснага тэатру

Гаўрыла Вашчанка. Партрэт Васіля Быкава. 1997 г.
Гаўрыла Вашчанка. Партрэт Васіля Быкава. 1997 г.

«Нельга сказаць, што я наогул не люблю тэатар. Канечне, харошы спэктакль мае сваю сілу, але мне здаецца, што тэатар апошняга часу зь яго, я б сказаў, вольнай драматургіяй, калі можна паставіць усё — і клясычную п’есу, і інсцэніроўку па творах прозы, і наогул — рэжысэры, жартуючы, кажуць, што яны могуць паставіць і газэтны артыкул... Я не сумняюся, што могуць, але мне чамусьці гэта нецікава глядзець». (Ірына Мільто. Васіль Быкаў пра музыку, моладзь і іншае / Маладосць, 2015, № 6)

18. У яго была таемна закаханая Тацяна Мархель

1. Швэдзкае выданьне кнігі Васіля Быкава. 2014 г. 2. Ілюстрацыя да гішпанскага выданьня аповесьці «Альпійская баляда». 1975 г.
1. Швэдзкае выданьне кнігі Васіля Быкава. 2014 г. 2. Ілюстрацыя да гішпанскага выданьня аповесьці «Альпійская баляда». 1975 г.

Па ўспамінах легендарнай артысткі: «Адзін час я была тайна закахана ў Васіля Быкава. Тры разы на год я пісала яму лісты. Падпісвалася заўсёды «Я» і кідала ў Менску, каб ён не здагадаўся. З чаго ўсё пачалося? Быў у Доме афіцэраў яго творчы вечар, куды мяне запрасіў Міхаіл Пташук, я акурат прыехала спрабавацца на галоўную ролю ў «Знаку бяды». Я згубіла чыгуначны білет на Віцебск. І вось Гілевіч з Быкавым дапамаглі набыць новы квіток. Бяжым ужо за цягніком, Быкаў павярнуўся да мяне і крыкнуў: «За мной!» Я падумала: «Божа мой! Як у атаку!» Я ашалела. Пісала яму два гады. І вось, у Быкава дзень нараджэньня. Я назьбірала прыгожых палявых кветак, падышла да ягонага дому і нечакана сустрэла яго на вуліцы. Павіншавала і спытала, ці атрымліваў ён мае лісты. А Быкаў кажа: «Дык гэта вы пісалі? А нашто вы пісалі? Можа вам трэба было чым-небудзь дапамагчы?» Я адказваю, чаму пісала. І ён гаворыць фразу, якая мяне тады вельмі моцна абразіла: «А як вы ўяўляеце нашы адносіны? Я стары, хворы чалавек». Памятаю, тады падумала: «Што ён такое гавора? Якія адносіны? Тое, што я яго бачу, гэта ўжо шчасьце!» Быкаў правёў мяне на тралейбус. Кажа: «Ну, да пабачэньня», а я яму так наіграна пакланілася і адказала зьдзеклівым тонам: «ДА ПАБАЧЭНЬНЯ!» (Тацьцяна Мархель. «Жыць і працаваць нідзе, акрамя Беларусі, не магу...» / Дзеяслоў, 2009 г., № 1).

19. З музыкі любіў Брамса і Ханка

Юры Ракша. Партрэт Васіля Быкава. 1976 г.
Юры Ракша. Партрэт Васіля Быкава. 1976 г.

«..люблю Брамса — гэта праўда. І дзе я яго пачую, адразу адчуваю нешта блізкае і роднае... Мне падабаецца амаль усё ў Брамса, што даводзілася чуць. /.../ Што да беларускай музыкі /.../ дык мне, напрыклад, зразумела, чаму музычны твор Эдуарда Ханка на верш Ніла Гілевіча „Бальшак“ (песьня называецца „Вы шуміце, бярозы“) стаў шлягерам, знайшоў такое шырокае распаўсюджаньне» (Ірына Мільто. Васіль Быкаў пра музыку, моладзь і іншае. / Маладосць, 2015 г., № 6).

20. Лічыў, што права на незалежнасьць трэба адпакутаваць крывёй

«У выніку падпісаньня трыма чалавекамі Белавескага акту раптам развалілася імпэрыя і мы набылі суверэннасьць. Дапусьцім, акт быў, але, відаць, гэтага вельмі мала для нацыі. Трэба, каб суверэннасьць нацыяй была выпакутавана, каб яна — магчыма, кажу недазволеныя рэчы, але зноў жа, азіраючыся на вопыт іншых краінаў — была асьвечана крывёй. А ў нас жа нічога падобнага не было...» (В. Быкаў. «Дэмакратыя пакуль няздольная процістаяць камунафашызму» / «Свабода», травень, 1995 г.)

Ілюстрацыя Арлена Кашкурэвіча да кнігі Васіля Быкава «Знак бяды» (1984 г.)
Ілюстрацыя Арлена Кашкурэвіча да кнігі Васіля Быкава «Знак бяды» (1984 г.)

«Ён прыехаў, сам памёр, усё спакойна…» Апошнія тыдні Васіля Быкава

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG