Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жоўты пясочак» і байкеры праз дарогу. Фільм пра Курапаты пакажуць на фоне матацыклетнага шоў


Фільм «Жоўты пясочак». Працоўны момант здымак
Фільм «Жоўты пясочак». Працоўны момант здымак

16 верасьня ў кінатэатры «Масква» адбудзецца прэмʼерны паказ мастацкага фільму «Жоўты пясочак» рэжысэра Аляксея Туровіча. Кінастужка зьнятая паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава і расказвае пра расстрэлы «ворагаў народу» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.

Кінатэатры дазуюць праўду пра сталінскія расстрэлы

Як сказаў Свабодзе спадар Туровіч, адміністрацыя кінатэатру «Масква» аказалася адзінай на ўсю Беларусь, якая пагадзілася прытуліць аўтарскі калектыў, але толькі на два сэансы — позна ўвечары ў суботу і крыху раней у нядзелю. Усе астатнія або паставілі заяўку на паўзу, або далі зразумець, што сюжэт не адпавядае іхнай рэпэртуарнай палітыцы.

Тым ня меней кінарэжысэр спадзяецца, што данесьці фільм да гледача ўсё ж удасца, асабліва пад круглую гадавіну кульмінацыі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. На перакананьне суразмоўцы, паколькі ў афіцыйнай гістарыяграфіі гэтая трагічная старонка ўпарта замоўчваецца, пачытаць арыгінал ці паглядзець экранізацыю «Жоўтага пясочку» павінен кожны жыхар Беларусі.

Рэжысэр Аляксей Туровіч
Рэжысэр Аляксей Туровіч

Пры гэтым яго абурае, што 16 верасьня на пляцоўцы каля Палаца спорту — літаральна праз дарогу ад кінатэатру — зьбіраюцца шумна закрыць мотасэзон некалькі тысяч мясцовых і замежных байкераў. Заплянаваныя паказальныя выступы, забаўляльныя конкурсы, рок-канцэрт. Цывілізацыйнае суседзтва, на яго думку, ня самае ўдалае.

На пачатку жніўня Аляксей Туровіч атрымаў клясыфікацыйнае пасьведчаньне на пракат фільму: дзяржаўная ўстанова «Інстытут культуры Беларусі» рэкамэндавала стужку для прагляду гледачам, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту. Тэрыторыя, на якой дзейнічае рэкамэндацыя, пазначаная як «Рэспубліка Беларусь», тэрмін пракату — «бестэрмінова».

«Хай гэта застанецца на сумленьні экспэртаў, я з узроставым абмежаваньнем ня згодны, — сказаў Аляксей Туровіч. — Праўду пра Курапаты трэба даводзіць са школы, бо і сёньня маса людзей пра гэта ня ведае. Як бы там ні было, заключыў дамову з „Кінавідэапракатам“: 16 верасьня ў 19.15 адбудзецца прэмʼера ў кінатэатры „Масква“. Другі паказ — там жа, а 17-й гадзіне. Заля на 700 месцаў, спадзяюся, удасца запоўніць. Іншыя ўстановы пакуль вычэкваюць — прозьвішча Быкава па інэрцыі насьцярожвае. Прынамсі падчас апошняй нарады актыўнасьці дырэктары ня выявілі. Ну што ж, буду сам езьдзіць, угаворваць, каб стужку пабачыла максымальна шырокае кола».

Мова кінастужкі — расейская, хоць адпачатку плянавалася яе агучыць у дзьвюх вэрсіях, таксама і па-беларуску. Аднак абмежаванасьць бюджэту не дала рэалізаваць задачу-максымум. Беларускі дубляж пакуль адкладзены — праца затармазілася летась якраз на этапе зьвядзеньня і агучваньня.

Паколькі дзяржава праігнаравала просьбы Аляксея Туровіча пра супрацу і ня ўклалася ніводнай капейкай, усе фінансавыя выдаткі аўтар узяў на сябе. Нават вымушаны быў аформіць банкаўскі крэдыт, каб разьлічыцца з гукарэжысэрам:

«Усё рабіў за ўласныя сродкі, як індывідуальны прадпрымальнік. „Беларусьфільму“ пералічваў грошы за строі, за рэквізыт, за „палутарку“, у якой герояў вязуць на расстрэл. Дамаўляўся, каб зрабіць і паставіць на кузаў будку, шукаў падвалы, каб абсталяваць катавальні. На этапе зьвядзеньня грошы скончыліся. Рабіў запыты ў інтэрнэце, ніхто, на жаль, не дапамог. Тэма Курапатаў прынагодна ўсплывае, але падтрымаць экранізацыю геніяльнага твору Быкава ахвотных не знайшлося. Узяў крэдыт, каб разьлічыцца з гукарэжысэрам. Зрэшты, ад дзяржавы разуменьня асабліва і не чакаў. На фінішныя працы не хапіла 6,5 тысячы даляраў, аформіў банкаўскую пазыку і пытаньне закрыў».

Дзяржава ня мае імпэту ўкладацца ў асуджэньне рэпрэсій

Як кажа Аляксей Туровіч, дзеля ачысткі сумленьня зрабіў некалькі спробаў дагрукацца да кіраўніцтва Міністэрства культуры, да апарату ўраду, да першых асобаў беларускага тэлебачаньня і нацыянальнай кінастудыі — каб заручыцца хоць частковай фінансавай ці матэрыяльнай падтрымкай. Аднак хутка зразумеў: прасіць дапамогі ў чыноўнікаў, якія не сасьпелі да разуменьня маштабу і наступстваў сталінскіх рэпрэсій, — задума марная:

«Я некалькі разоў хадзіў да міністра Барыса Сьвятлова, да яго намесьніцы Ірыны Дрыгі, быў на прыёме ў Натальлі Качанавай падчас яе віцэ-прэмʼерства. І што толку, калі тыя людзі нічога не вырашаюць? Пісаў, прапаноўваў супрацу — адказ аднолькавы: сродкаў няма. Усе яны марыянэткі, імі маніпулююць, каб стварыць уражаньне дзейнасьці. Той жа Поршнеў, які ўзначальвае „Беларусьфільм“, — гэта лабіст расейскага кіно. Яму таксама казаў: давайце разам працаваць. Як і Давыдзьку. Некалі быў нядрэнным акторам, досыць шчырым чалавекам, мы нават сябравалі, здымаліся ў фільме „Анастасія Слуцкая“. Але паглядзіце, што ўлада робіць зь людзей! Зомбі, якія нічога ня могуць зрабіць без каманды зьверху».

У сюжэце Васіля Быкава расказваецца, як шасьцёх зьняволеных сумнавядомай менскай турмы НКВД вязуць на расстрэл у Курапаты. Сьмяротнікі — людзі самыя розныя, у апошнія гадзіны жыцьця кожны заняты сваімі ўласнымі думкамі, але абʼядноўвае ўсіх адно: сытуацыя не пакідае выбару. Людзі пакорліва церпяць, нават калі зьяўляецца магчымасьць абяззброіць адзінага ўзброенага вартавога — памочніка камэнданта. Але замест гэтага выштурхоўваюць загрузлы «аўтазак», каб прысьпешыць расправу і апынуцца на дне ямы з жоўтым пясочкам.

«У Курапаты людзі траплялі зломленыя, пад катаваньнямі, справы ў масе сваёй сфабрыкаваныя, — дзеліцца перажытымі падчас здымкаў эмоцыямі Аляксей Туровіч. — Паглядзіце, асуджаныя на расстрэл выцягваюць з балота машыну НКВД, толькі крымінальнік Гром зьдзекаваўся з чэкістаў і зь сяброў па няшчасьці — давайце, дурні, штурхайце сабе на пагібель. Над імі быў толькі адзін канваір, маглі папросту яго „заваліць“. Але людзі надламаныя, дэмаралізаваныя. Маўляў, лепш не пярэчыць, падпісаць, што скажуць, прагнуцца пад іх сыстэму. Гэта жахліва, што тварыла сыстэма. Таму пра яе злачынствы трэба расказваць нават праз столькі часу».

Белагвардзеец Валярʼянаў (актор Генадзь Трацякоў)
Белагвардзеец Валярʼянаў (актор Генадзь Трацякоў)

Кінафільм здымалі ў Ратамцы пад Менскам. Ролі ў крыху больш як гадзінным фільме выканалі тэатральныя артысты зь Менску, Віцебску, Бабруйску. Аднаасобніка Аўтуха сыграў Міхаіл Мацьвееў, царскага афіцэра Валярʼянава — Генадзь Трацякоў, паэта Зайкоўскага — Аляксей Міхалоў, крымінальніка Фэлікса Грома — Уладзімер Лебедзеў, камуніста Шастака — Валянцін Салаўёў, сьледчага НКВД — Аляксей Туровіч, памочніка камэнданта — Аляксей Верашчака.

Аляксей Туровіч цудоўна разумее, што складанай псыхалягічнай драме наўрад ці наканаваны камэрцыйны посьпех. Таму сваю працу разглядае больш як гуманітарны ўнёсак дзеля вяртаньня праўды пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, чым як спосаб зарабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG