Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр Туровіч праз суд патрабуе ад пісьменьніка Марчука вярнуць даўгі


Аляксей Туровіч на здымках фільму «Жоўты пясочак»

Кінарэжысэр Аляксей Туровіч падаў у суд на сябра праўленьня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, сцэнарыста і драматурга Георгія Марчука. Туровіч, выключаны з арганізацыі падчас турэмнага зьняволеньня, патрабуе ад літаратурнага функцыянэра вярнуць грошы, пазычаныя яшчэ восем гадоў таму, — у эквіваленце блізу 1500 даляраў.

Як кажа заяўнік, ён, магчыма, і не апускаўся б да судовых разборак, але заканчвае працу над экранізацыяй апавяданьня Васіля Быкава «Жоўты пясочак» і грошы патрэбныя найперш на зьвядзеньне стужкі — мантаж, агучваньне і беларускамоўны дубляж. Дзяржава ня ўклалася ў праект ні капейкай, хоць ён зьвяртаўся па дапамогу ў Міністэрства культуры.

Паводле Аляксея Туровіча, з Георгіем Марчуком ён знаёмы яшчэ з часоў сумеснай працы на «Беларусьфільме», у актыве нават некалькі зрэалізаваных кінапраектаў — у прыватнасьці, «Ліст Фэліні» і «Яблык Месяца». А калі ў сярэдзіне 2000-х у супрацьвагу адзінаму на той час Саюзу беларускіх пісьменьнікаў узьнік афіцыйны Саюз пісьменьнікаў Беларусі на чале зь Мікалаем Чаргінцом, а Марчук стаў фактычна правай рукой шэфа, шэрагі аб’яднаньня з дэбютнымі творамі «Забытая вайна», «Сынок», «Санта-Лючыя» папоўніў і Аляксей Туровіч.

На той час у актыве рэжысэра Туровіча ўжо быў шэраг мастацкіх фільмаў, сам ён у якасьці актора актыўна здымаўся ў расейскіх кінасэрыялах, меў нядрэнныя заробкі. Сябры па пісьменьніцкім саюзе, уключна з Марчуком, раз-пораз зьвярталіся да яго па фінансавую дапамогу.

«Ён зараз будзе казаць, што гэта ледзь ня я яму вінен, — гаворыць Аляксей Туровіч. — Калісьці паводле ягонага сцэнара я зрабіў фільм „Ліст Фэліні“, потым ён хадзіў і сьлёзна прасіў экранізаваць „Яблык Месяца“. Нібыта таму я мусіў заплаціць яму за сцэнар. Але ж у гэтыя карціны я ўкладаў свае грошы, цалкам, ніхто мне не дапамагаў фінансава! І ўжо дакладна гэта ня мае ніякага дачыненьня да тых 1500 даляраў, якія ты ўзяў і не аддаў».

Расьпіска Георгія Марчука пра пазычаныя грошы
Расьпіска Георгія Марчука пра пазычаныя грошы

У размове з карэспандэнтам Свабоды Георгі Марчук сказаў, што пакуль дачасна рабіць нейкія заявы. Праўда, пры гэтым запэўніў, што ягоныя юрысты зробяць усё магчымае, каб сам Туровіч панёс адказнасьць за «падлог і махлярства». Ён пацьвердзіў, што рыхтуе сустрэчны пазоў супраць рэжысэра, які «падманным шляхам» прысабечыў сцэнар да кінафільму «Ліст Феліні», атрымаўшы ганарар за яго паказ на беларускіх тэлеканалах.

Паводле спадара Марчука, напярэдадні ён пабываў у Вярхоўным судзе, дзе пракансультаваўся з адмыслоўцамі ў справе абароны аўтарскіх правоў на згаданую стужку. Распаўсюджвацца на тэму пазычаных у Туровіча грошай ён ня стаў і параіў дачакацца ўласна працэсу.

У 2008-м Аляксей Туровіч быў асуджаны і наступныя 4 гады правёў за кратамі — пра гэту гісторыю Свабода пісала раней. Сваёй віны ён не прызнаў і дагэтуль аспрэчвае абвінавачаньне празь Вярхоўны суд і пракуратуру.

Пры гэтым не хавае крыўды, што за час вымушанай адсутнасьці быў завочна выключаны з шэрагаў СПБ, хоць былыя сябры пры гэтым разьлічвацца за даўгі не зьбіраюцца:

«Грошы пазычалі і да пасадкі, і пасьля. Яшчэ ў верасьні 2008-га Марчук узяў 1500 даляраў, паабяцаў вярнуць да 1 сьнежня. Калі я трапіў у нялёгкую сытуацыю, спадзяваўся, што мяне прынамсі ня кінуць — як-ніяк, уплывовая арганізацыя, падтрымаюць. Бо і Чаргінец, і Марчук казалі, што справа сфабрыкаваная, будзем дапамагаць. Але ня толькі не дапамаглі, наадварот, даслалі ў турму рашэньне аб тым, што я выключаны з саюзу. Потым, калі ўжо вызваліўся, апраўдваліся — маўляў, зразумей, інакш было немагчыма, але давай сябраваць. І зноў бралі грошы, нават машыну сваю даваў, быў кур’ерам паміж гарадамі — езьдзіў па заданьнях, па дэфіцытныя лекі для жонкі Марчука, траціў свой бэнзін, начаваў за свой кошт у гатэлях. Ніхто не лічыўся з маімі выдаткамі».

28 сьнежня ў судзе Савецкага раёну Менска адбылася папярэдняя сустрэча бакоў. Разглядалася позва Аляксея Туровіча аб спагнаньні доўгу з Георгія Марчука. Пасьля таго як спадар Марчук назваўся «саветнікам Чаргінца», судзьдзя Раіса Тарчыліна параіла яму тэрмінова «шукаць дасьведчанага юрыста», бо з арыгіналам расьпіскі нешта даказаць будзе складана. З гэтай нагоды заяўнік маецца пісаць скаргу на імя старшыні суду, каб той разабраўся, ці мае права ягоная падначаленая нешта падказваць абвінавачанаму боку. Наступнае паседжаньне прызначана на 23 студзеня 2017 году.

«Ня ведаю, для каго Марчук браў грошы, але песьня была адна — аддам, не хвалюйся. Папраўдзе ж аказалася, што ніхто нічога аддаваць не зьбіраўся, проста выкарысталі маю дабрыню ў карысьлівых мэтах. Добра, што хоць засталіся расьпіскі, у тым ліку на 1500 даляраў, і гэта будзе асноўным доказам у судовай справе. Дарэчы, Чаргінец таксама паводзіў сябе ня лепш. Жадаючы застацца ў гісторыі, некалі здымаўся з успамінамі то пра Афган, то пра міліцэйскія будні, але зь цягам часу VHS-касэты састарэлі, надумаў перавесьці іх на дыскі. Даў мне больш за 20 касэтаў — „трэба зрабіць“. Я езьдзіў, дамаўляўся са студыяй, перапісваў, гэта і грошай каштавала, і часу. Атрымалася, што ўсё рабіў дабрачынна».

Позва ў суд
Позва ў суд

Сёлета ў лістападзе Аляксей Туровіч «прарваўся» на зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, дзе, нягледзячы на «апальны» статус, выступіў супраць пераабраньня Чаргінца і Марчука, якія, ягонымі словамі, дзеля ўласнай карысьці «гнюсна выкарыстоўваюць сваіх калегаў». Празь некалькі хвілін пасьля гэтага яго скруцілі і выставілі з памяшканьня філярмоніі.

«На тым зьезьде ў прысутнасьці паўтысячы дэлегатаў я сказаў, што ні Чаргінец, ні Марчук не павінны займаць свае пасады, паколькі падманваюць людзей — спрабуюць прыхіліць, каб потым выцягваць грошы. Хоць у іх ёсьць Літфонд, які здае ў арэнду будынак Дому літаратара, мае з гэтага вялікія грошы, распараджайцеся заробленым! Рэч ня ў злосьці або ў помсьце, але чаму я павінен некаму дарыць свае грошы? Марчук абяцаў вярнуць пазыку яшчэ да пасадкі, але перад самым зьездам аддаў... 50 даляраў. А дзе астатнія 1450? Яшчэ на 8 гадоў расьцягнецца? Мне проста прыкра, што людзі, займаючы высокія службовыя пасады, нахабна ашукваюць сваіх жа падначаленых».

Невядома, ці паўзьдзейнічалі на прысутных словы парушальніка спакою, але пасады сакратара саюзу па выніках зьезду спадар Марчук пазбавіўся. Праўда, і ягоны апанэнт пакуль што ніякіх дывідэндаў не атрымаў.

Георгі Марчук нарадзіўся 1 студзеня 1947 году ў Давыд-Гарадку. Пісьменьнік, сцэнарыст і драматург, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, чалец Грамадзкай рады па маральнасьці. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, Вышэйшыя курсы рэжысэраў і сцэнарыстаў у Маскве. Працаваў загадчыкам літаратурнай часткі, рэдактарам-кансультантам Тэатру-студыі кінаактора, дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Да 2016 году — сакратар Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Аўтар блізу дзясятку раманаў, паўсотні п’есаў. Сцэнарыст фільму «Кветкі правінцыі», адзначанага Дзяржаўнай прэміяй, а таксама стужак «Ліст Фэліні» і «Яблык Месяца».

Аляксей Туровіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў Глыбокім. Рэжысэр, актор, прадусар. Выхоўваўся ў ашмянскім інтэрнаце. Да войска працаваў трактарыстам, на вялікагрузных аўтамабілях у Сыбіру, кіраваў цягнікамі менскага мэтрапалітэну. У 1994-м скончыў школу-студыю пры «Беларусьфільме». Зьняў шэраг фільмаў, найбольш вядомыя зь іх — «Турма для кума», «Сынок», «Яблык Месяца», «Трэба жыць». Заканчвае «Жоўчы пясочак». Граў у паўсотні стужак, сярод іх «Анастасія Слуцкая», «Franz+Polina», «Ліст Фэліні», «Паскораная дапамога», «Кантракт са сьмерцю», «Вам — заданьне», «Жоўты пясочак» і г.д. Балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2008 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG