Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мёртвым не баліць»? У Менску і Горадні дагэтуль няма вуліцы Васіля Быкава


Васіль Быкаў

Месяц Васіля Быкава — чэрвень. У гэтым месяцы ён нарадзіўся — 19 чэрвеня 1924 году, і назаўсёды застаўся ў ім — памёр народны пісьменьнік Беларусі 22 чэрвеня 2003 году. Душа яго, мабыць, невыпадкова адляцела ў лепшы сьвет у трагічны дзень пачатку вайны. 14 гадоў Васіля Быкава няма. Але дагэтуль беларусы належным чынам не ўшанавалі памяць вялікага пісьменьніка, філёзафа, мысьляра.

Віцебшчына: музэй-сядзіба ў Бычках і мэмарыяльная шыльда на былой мастацкай вучэльні ў Віцебску

На Віцебшчыне, у вёсцы Бычкі 19 чэрвеня 1924 году нарадзіўся Васіль Быкаў. Тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. У 1939–1940 гадах Васіль Быкаў вучыўся ў Віцебскай мастацкай вучэльні.

На радзіме народнага пісьменьніка, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну працуе музэй-сядзіба Васіля Быкава (гэта філіял Вушацкага краязнаўчага музэю).

Дом-музэй Васіля Быкава ў Бычках
Дом-музэй Васіля Быкава ў Бычках

Сам Васіль Быкаў жыў у доме, які збудавалі ў 1933 годзе. У 2004-м гэты дом разабралі, і на тым самым месцы адразу ж паставілі яго дакладную копію з новых матэрыялаў. Цяпер там музэй народнага пісьменьніка.

У 2003 годзе былі спробы перайменаваць Віцебскую бібліятэку імя Леніна — у бібліятэку імя Васіля Быкава, але скончыліся яны беспасьпяхова — маўляў, супраць былі вэтэраны-камуністы.

Зімой 2017 году Віцебская абласная арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны зноў зьвярнулася да гарадзкіх уладаў з прапановай перайменаваць Віцебскую абласную бібліятэку імя У. І. Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава.

У адказе з гарвыканкаму зноў напісалі: «Сярод чытачоў бібліятэкі шмат асоб сталага ўзросту і прыхільнікаў камуністычных ідэй, якія могуць нэгатыўна ўспрыняць тое, што імя У. І. Леніна зьнікне з назвы ўстановы».

Але пры гэтым і абнадзеілі:

«У дадзены момант Віцебскай абласной бібліятэкай разам з абласнымі і гарадзкімі ўладамі разглядаецца прапанова віцебскіх мастакоў-графіцістаў пра магчымасьць нанясеньня на адзін з бакавых фасадаў бібліятэкі партрэтнай выявы Васіля Быкава».

На сёньняшні момант пакуль нічога ня зроблена.

Мастацкая вучэльня, у якой у 1939–40 гадах вучыўся Васіль Быкаў, месьцілася на віцебскай вуліцы Суворава. На тым будынку ёсьць мэмарыяльная шыльда і барэльеф пісьменьніка.

Вуліцы Быкава ні ва Ўшачах, ні ў Віцебску няма. Не адзін раз грамадзкасьць зьвярталася да ўладаў з просьбай надаць адной з вуліц Віцебску імя Васіля Быкава. У афіцыйным адказе гаворыцца:

«Пытаньне будзе разгледжана пры вызначэньні назваў вуліц у адным з новых мікрараёнаў Віцебску са шматпавярховай забудовай. Адначасова можа быць узьнята пытаньне і пра вуліцу Генадзя Бураўкіна».

Далей за абяцаньні справа пакуль не пайшла.

Гарадзеншчына: вуліцы Быкава няма, музэй — у адным маленькім пакойчыку

Экспазыцыя ў музэі Васіля Быкава ў Горадні
Экспазыцыя ў музэі Васіля Быкава ў Горадні

Амаль трыццаць гадоў, з 1947 па 1978, Васіль Быкаў жыў у Горадні, працаваў у абласной газэце «Гродзенская праўда».

У Горадні ёсьць музэй Васіля Быкава. Гэта маленькі пакойчык плошчай 13,5 квадратнага мэтра ў доме на цэнтральнай пешаходнай вуліцы Савецкай.

Рашэньне стварыць музэй Васіля Быкава ў Горадні было прынята 7 ліпеня 2003 году Гарадзенскім грамадзкім абʼяднаньнем вэтэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл. Абавязкі кіраўніка музэю ўсклалі на старшыню Рады, вэтэрана вайны, дацэнта Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту імя Янкі Купалы Мікалая Мельнікава. У 2012 годзе спадар Мельнікаў памёр. Цяпер музэй даглядае Аляксей Сідаровіч:

«У музэі рэдка бываюць наведнікі. Бывае, прыяжджаюць людзі з розных гарадоў Беларусі, а так „паломніцтваў“ у нас няма, — кажа Аляксей Сідаровіч. — Абяцаюць спонсарскую дапамогу, але шмат гадоў музэй існуе на грамадзкіх асновах. А паглядзець ёсьць на што: вялікая калекцыя кніг Быкава, асабістыя рэчы пісьменьніка, рэдкія здымкі і іншае».

У Горадні таксама няма вуліцы Быкава. Быццам бы рашэньне было прынятае ў 2014 годзе — назваць імем Васіля Быкава новую вуліцу ў новым мікрараёне Альшанка, у далёкай, занёманскай частцы гораду, за птушкафабрыкай.

Але цяпер гарадзенскія ўлады кажуць, што тады былі толькі размовы, а пісьмовага рашэньня не было.

Менск: у цэнтры — нічога, у прыгарадзе — вуліца Быкава і музэй-лецішча пісьменьніка

Музэй-лецішча Васіля Быкава ў Ждановічах
Музэй-лецішча Васіля Быкава ў Ждановічах

У сталіцы Васіль Быкаў жыў з 1978 да 1998 году (да адʼезду ў Фінляндыю, а потым у Чэхію). У Менск ён вярнуўся ў 2003 годзе, тут і памёр. 19 чэрвеня 2014 году, да 90-годзьдзя пісьменьніка, адкрыўся мэмарыяльны музэй на лецішчы Васіля Быкава ў Ждановічах-6. Лецішча бязвыплатна перадала дзяржаве ўдава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна Быкава (стварэньню музэю паспрыяў былы міністар культуры Павал Латушка).

Музэй працуе ў летні час. Дарэчы, цяпер там праводзяць «Быкаўскія дні».

У 2008 годзе, да 85-годзьдзя пісьменьніка, у Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры адкрылі вялікую экспазыцыю, прысьвечаную Васілю Быкаву. Экспазыцыя працавала 2 гады, пакуль музэй не закрылі на рамонт. Пасьля рамонту яе пакуль не аднавілі.

У Менску таксама няма вуліцы імя Быкава. Яшчэ 5 гадоў таму актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» перадалі ў Менгарвыканкам больш за 100 тысяч подпісаў за тое, каб перайменаваць вуліцу Ўльянаўскую ў вуліцу імя Быкава або надаць імя народнага пісьменьніка іншай вуліцы. Станоўчага адказу дагэтуль няма.

Не падтрымаў Менгарвыканкам і прапанову назваць імем Быкава станцыю на трэцяй лініі Менскага мэтрапалітэну (у раёне мэтро Фрунзенская, каля дому па вуліцы Максіма Танка, дзе жыў пісьменьнік).

І калі ў гарадах, дзе народны пісьменьнік некалі жыў — Вушачах, Віцебску, Горадні, Менску — няма вуліц, названых ягоным імем, то ў невялікіх гарадах і пасёлках за апошнія некалькі гадоў зьявіліся вуліцы Васіля Быкава. Да прыкладу, у Фаніпалі, Смалявічах, Лельчыцах, Жлобіне. Першая вуліца імя Васіля Быкава зьявілася ў 2003 годзе на ўскраіне Ждановічаў, у катэджным пасёлку.

XS
SM
MD
LG