Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ЎЛАДЫ АДМОВІЛІСЯ ПЕРАЙМЕНАВАЦЬ БІБЛІЯТЭКУ ЛЕНІНА Ў БІБЛІЯТЭКУ ВАСІЛЯ БЫКАВА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Адказ з адмоваю ў перайменаваньні абласной бібліятэкі імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава першай у Віцебску атрымала Тамара Мамчыц, якая была стварыла ўласную ініцыятыўную групу ды зьбірала подпісы прыхільнікаў гэтае ідэі. У афіцыйным лісьце, падпісаным загадчыкам управы абласнога аддзелу культуры Мікалаем Пашынскім напісана: “Напярэдадні сьвяткаваньняў 60-х угодкаў вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў лічым нямэтазгодным пераймяноўваць дзяржаўную ўстанову “Віцебская бібліятэка імя Леніна”, бо гэта справакуе супрацьстаяньне вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны”.

Спадарыня Мамчыц гэтага меркаваньня не падзяляе, пра што й сказала:

(Мамчыц: ) “Упэўненая, што большасьць вэтэранаў падтрымала бы прапанову пра перайменаваньне бібліятэкі й наданьне ёй імя Быкава. Бо менавіта Васіль Быкаў пісаў праўду пра Вялікую Айчынную вайну ды сам быў вэтэранам”.

Тамара Мамчыц згадала таксама, што дзяржаўная газэта “Віцебскі рабочы” насамрэч надрукавала колькі лістоў ад удзельнікаў мінулае вайны, не задаволеных пэрспэктывай перайменаваньня бібліятэкі імя Леніна. На ейную думку, некалькі прыватных допісаў нельга лічыць адлюстраваньнем агульнага стаўленьня цэлае сацыяльнае групы да такой значнай грамадзкай праблемы, якой ёсьць ушанаваньне памяці Васіля Быкава. А таму спадарыня Мамчыц лічыць, што абласныя ўлады проста скарысталі гэтыя адзінкавыя факты дзеля падмацаваньня свае ўласнае пазыцыі.

Даведаўшыся пра тое, што аблвыканкам адхіліў прапанову Таварыства беларускае мовы, старшыня абласное рады ТБМ Іосіф Навумчык сказаў:

(Навумчык: ) “З улікам таго, што абласныя ўлады адмаўляюцца сёлета пераймяноўваць абласную бібліятэку імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава, прадстаўнікі таварыства Беларускае мовы выказалі яшчэ новую прапанову: надаць імя пісьменьніка адной з буйных бібліятэкаў вобласьці. Мажліва, што імя Быкава будзе насіць бібліятэка ў Воршы. Аднак мы не здымаем пытаньня пра перайменаваньне абласной бібліятэкі ў Віцебску”.

Такім чынам, нягледзячы на адмову ўладаў, пытаньне пра наданьне бібліятэцы імя Васіля Быкава віцебская грамадзкасьць ня лічыць вырашаным канчаткова. У прыватнасьці, Тамара Мамчыц прапануе правесьці каля бібліятэкі шэраг пікетаў, каб сабраць подпісы прыхільнікаў перайменаваньня ды перадаць іх у аблвыканкам. Прычым подпісы прыхільнікаў-вэтэранаў, якіх, на ейную думку, будзе нямала, спадарыня Мамчыц прапануе перадаць асобным сьпісам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG