Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп «дае зялёнае сьвятло» двухпартыйнаму законапраекту аб санкцыях супраць Расеі, заявіў сэнатар ЗША Ліндсі Грэм. Ён дадаў, што законапраект можа быць пастаўлены на галасаваньне ўжо на наступным тыдні.
«Пасьля вельмі прадуктыўнай сустрэчы сёньня з прэзыдэнтам Трампам па розных пытаньнях ён даў зялёнае сьвятло двухпартыйнаму законапраекту аб санкцыях супраць Расеі, над якім я працаваў некалькі месяцаў з сэнатарам Блюмэнталем і многімі іншымі. Гэта будзе своечасова, бо Ўкраіна ідзе на саступкі дзеля міру, а Пуцін толькі гаворыць, працягваючы забіваць нявінных», — напісаў Грэм у сацыяльнай сетцы X у ноч на 8 студзеня.
Паводле яго слоў, законапраект дазволіць Трампу «пакараць тыя краіны, якія купляюць танную расейскую нафту, падсілкоўваючы ваенную машыну Пуціна».
«Гэты законапраект дасьць прэзыдэнту Трампу велізарныя рычагі ўплыву супраць такіх краін, як Кітай, Індыя і Бразылія, каб заахвоціць іх спыніць купляць танную расейскую нафту, якая фінансуе кровапраліцьце Пуціна супраць Украіны. Я з нецярпеньнем чакаю моцнага двухпартыйнага галасаваньня, спадзяюся, ужо на наступным тыдні», — дадаў сэнатар.
Новых камэнтарыяў ад прэзыдэнта ЗША па гэтым пытаньні не паступала.
У траўні 2025 году сэнатар-дэмакрат Рычард Блюмэнталь і сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм пасьля размовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве заявілі, што Сэнат ЗША можа пачаць разгляд законапраекта аб санкцыях, які мае шырокую падтрымку абедзьвюх партый у Сэнаце, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Каб стаць законам, ён павінен быць ухвалены Сэнатам і Палатай прадстаўнікоў, а затым падпісаны прэзыдэнтам.
Што ў праекце закону
Двухпартыйны законапраект аб увядзеньні другасных санкцый супраць Расеі, падрыхтаваны рэспубліканцам Ліндсі Грэмам і дэмакратам Рычардам Блюмэнталем, быў прадстаўлены вясной 2025 года.
Дакумэнт прадугледжвае мыты ў 500% на імпарт з краінаў, якія працягваюць купляць расейскую нафту, прыродны газ ці ўран, а таксама санкцыі супраць любых дзяржаў, якія набываюць расейскі ўран.
Ініцыятыву падтрымалі больш за 80 са 100 сэнатараў.
Улетку Грэм раней заяўляў, што Трамп гатовы падтрымаць законапраект, і чакалася, што яго разгледзіць Сэнат, але пасьля саміту на Алясцы прэзыдэнтаў Расеі і ЗША разгляд дакумэнта прыпынілі.
Па дадзеных Bloomberg, Сэнат тады зрабіў паўзу да новай сустрэчы лідэраў у Будапэшце, якая ў выніку была адменена.
Форум