Бальшыня з памілаваных 13 сьнежня 123 палітвязьняў прыбылі ў Польшчу — 89 чалавек. Спачатку пераважную іх частку пасялілі ў гатэль, некаторыя паехалі да сваякоў і сяброў. Кіраўнік варшаўскага «Дому творцаў» музыка Сяржук Доўгушаў, даведаўшыся пра вызваленьне ў сьнежні вялікай партыі палітвязьняў, вырашыў тэрмінова адкрыць у польскай сталіцы новы прытулак. Знайшоў дом у добрым месцы з мэбляй і ўсім патрэбным для жыхарства. Дамовіўся з гаспадарамі пра доўгатэрміновую арэнду.
«Перад Новым годам мы абвесьцілі збор, і ён быў досыць пасьпяховы — мы здолелі сабраць суму, якой хопіць на некалькі месяцаў арэнды дому. Збор працягваецца — на год на арэнду і камунальныя паслугі трэба каля 24 тысяч эўра. На сёньня ў доме жывуць 8 палітвязьняў. Усяго тут 5 пакояў, прасторная заля, кухня — цудоўнае месца каля лесу ў раёне Бэмова. Усё патрэбнае: мэбля, пасьцельная бялізна, посуд — нібыта ёсьць, але нейкіх дробязяў бракуе, так што ад дапамогі не адмаўляемся.
Беларусам я вельмі ўдзячны, што так хутка адрэагавалі. Перадаюць карысныя рэчы — вось нядаўна новую патэльню прынесьлі. Дарэчы, у нашым Доме творцаў таксама пасяліліся палітвязьні. Я шчыра хачу, каб сёлета выпусьцілі ўсіх палітвязьняў на якіх-кольвек умовах, а куды пасяліць людзей — мы дакладна знойдзем!» — кажа Доўгушаў.
Таксама ён заклікае кіраўнікоў і ўласьнікаў беларускага бізнэсу дапамагчы людзям працаўладкавацца, бо многія апынуліся ў даволі цяжкім псыхалягічным стане. Вымушаная эміграцыя нават пасьля калёніі — таксама сур’ёзны стрэс.
«У нас ёсьць добры электрык, індывідуальныя прадпрымальнікі, адмыслоўцы ў розных прафэсіях — трэба дапамагчы ім з працай», — перакананы Сяржук Доўгушаў.
«Нас прынялі шыкоўна»
Былы палітзьняволены, памілаваны і вывезены спачатку ва Ўкраіну, а потым у Польшчу, расказаў Свабодзе пра свае ўражаньні (на ўмовах ананімнасьці, ягоныя блізкія ў Беларусі. — РС). Ён быў прыемна зьдзіўлены салідарнасьцю і дапамогай украінцаў на мяжы і ў Чарнігаве.
«Што да Варшавы — мы былі ў шоку. Калі, а палове на чацьвертую ночы пад’ехалі да пляцоўкі — нас сустракалі сотні беларусаў! Адразу ж падышлі валянтэры ў яркіх камізэльках, нас запрасілі ў памяшканьне, запісалі дадзеныя, далі пакеты з рэчамі першай патрэбы, адвезьлі ў шыкоўны гатэль, дзе смачна кармілі.
Цяпер я перасяліўся ў шэлтэр — тут вельмі ўтульна і вельмі шмат ежы, асабліва садавіны і гародніны, якіх так бракавала ў калёніі. Нас прынялі шыкоўна, дапамаглі з афармленьнем дакумэнтаў на легалізацыю — мяне, дзякуй Богу, выпусьцілі з калёніі з пашпартам. Нас заўсёды ў калёніі пераконвалі, што пра нас усе забыліся і мы нікому не цікавыя. А тут такое!» — кажа былы палітзьняволены.
Надзея і вера
Заснавальніца беларускага шэлтэру ў Варшаве, кіраўніца фонду «Прытуляй мяне» Ганна Федаронак расказала, што ў першым беларускім прытулку, які існуе ўжо 4 гады, таксама зьявіліся новыя жыхары.
«Мы прынялі адразу 8 чалавек з апошняй вялікай партыі. У нас жа жывуць іншыя людзі, якія нядаўна вызваліліся і прыехалі зь Беларусі — мы засяляем палітвязьняў на 2 месяцы. Так што ўвесь трэці паверх мы вызвалілі для 8 чалавек. Літаральна ўчора зьехала сям’я палітвязьня з малымі дзецьмі — вызваліўся прасторны пакой на 4 чалавекі. Яшчэ ёсьць два месцы для мужчын. Так што днямі чакаем новых жыхароў, якія пераселяцца з гатэлю», — кажа Ганна Федаронак.
У прытулку, зь яе словаў, ёсьць ўсё патрэбнае для жыхарства, а таксама кухня, дзе можна гатаваць. Днямі прывезьлі чацьвёртую лядоўню для агульных прадуктаў на ўсіх жыхароў (тры лядоўні былі і раней). Спадарыня Ганна запэўнівае, што лядоўні поўныя, а камора запоўненая крупамі, бляшанкамі з кансэрвамі.
«Сяргей Мельянец з пратэстанцкай царквы пастаянна прывозіць садавіну-гародніну, людзі прыносяць харчы. Мы просім, папярэджваем, каб людзі свае грошы, якія атрымалі ў якасьці дапамогі, пакуль ня трацілі, прытрымалі. Бо ім неўзабаве давядзецца здымаць самім жытло. Харчоў пакуль дастаткова, ёсьць гараж, запоўнены рэчамі. Але прадукты маюць такую асаблівасьць — яны сканчаюцца. Таму хто гатовы прывозіць — калі ласка!» — запрашае спадарыня Ганна.
Гаспадыня прытулку кажа, што новыя жыхары, якія прыехалі разгубленыя, у моцным стрэсе, вельмі хутка ачуваюцца.
«Іхны стан, як толькі яны засяліліся, і іхны стан цяпер — гэта зямля і неба. Я сама праз усё гэта прайшла і ведаю, што, па-першае, трэба ўсяліць у людзей надзею і веру, што ўсё будзе добра, ну і каб побач былі аднадумцы. А ў нас тут усе адседзеўшы, таму ім ёсьць пра што пагаварыць. Галоўнае, каб фізычна было добра і псыхалягічна ўтульна — мы гэта ўсё стараемся зрабіць. Ужо ўсе ўсьміхаюцца», — кажа яна.
Пяшчотны назоў
Што да грашовай дапамогі, то зь ёю ў заснавальнікаў шэлтэру пакуль праблемы. Пасьля пагрозы закрыцьця ў кастрычніку 2024 году заснавальнікам параілі стварыць свой фонд.
«Мы з былой палітзьняволенай Алесяй Буневіч аформілі дакумэнты на адкрыцьцё новага фонду „Прытуляй мяне“ — пяшчотныя словы зь песьні гурту „Navi Band“, засьведчылі іх у натарыюса і перадалі ў суд для рэгістрацыі. Нам сказалі, што на разгляд спатрэбіцца 4–6 тыдняў. Але прайшло ўжо больш за 3 месяцы — такая польская бюракратыя… У нас пакуль няма рэгістрацыі, няма афіцыйнага рахунку, каб Міжнародны гуманітарны фонд дапамог ды іншыя дапамаглі. Людзі думаюць, што гранты — гэта так лёгка. А гэта цяжка, бо калі няма афіцыйнага рахунку, ты ня маеш права зьбіраць грошы. Таму я ад свайго імя напісала ў сацыяльных сетках, людзі адгукнуліся. Беларусы, якія раней жылі ў шэлтэры, прыносілі шмат рэчаў і прадуктаў. У мяне нават дэпрэсія прайшла, калі я ўбачыла, колькі людзей нам дапамагаюць», — кажа Ганна Федаронак.
Яна таксама паведаміла, што ўсе новыя жыхары прытулку ўжо падалі дакумэнты на легалізацыю ў Польшчы, ім дапамаглі зрабіць індывідуальныя нумары падаткаплатніка. Людзі ўжо шукаюць падзаработку.
«Нядаўна Яна Латушка прывозіла на машыне ў шэлтэр людзей, а потым тэлефануе яе бацька Павал Латушка і пытаецца: „Хто з вашых жыхароў вэтэрынар? Ёсьць магчымасьць уладкаваць на працу да чалавека, які разводзіць птушак“. Вось такая салідарнасьць і дапамога», — канстатуе спадарыня Ганна.
Яна пералічвае тры ўмовы, якія трэба выконваць, каб жыць у прытулку: поўная забарона на ўжываньне алькаголю, абавязковае прыбіраньне — і за сабой, і агульнай тэрыторыі адпаведна графіку, а таксама захаваньне цішыні, каб не перашкаджаць іншым.
Форум