Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На міжнародную абарону ў Польшчы падаліся 83 былыя палітвязьні, якіх вывезьлі зь Беларусі ў сьнежні


Сустрэча вывезеных з Беларусі праз Украіну у Польшчу палітзьняволеных. Варшава, 18 снежня 2025
Сустрэча вывезеных з Беларусі праз Украіну у Польшчу палітзьняволеных. Варшава, 18 снежня 2025

Польская памежная служба выказала гатоўнасьць прымаць дакумэнты і ў выходныя дні — суботу і нядзелю — аж да пачатку сьвяточных дзён, каб максымальна паспрыяць паскарэньню працэдуры легалізацыі ў Польшчы.

83 былыя палітвязьні, прымусова вывезеныя зь Беларусі пасьля вызваленьня 13 сьнежня, падалі ў Польшчы дакумэнты на міжнародную абарону, паведаміла прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК).

Адзначаецца, што гэта зрабілі «ўсе палітвязьні, якія вырашылі легалізавацца ў Польшчы».

Дакумэнты падавалі ў Варшаве, Уроцлаве, Гданьску і Беластоку.

Апэратыўны пачатак працэдуры легалізацыі «зьяўляецца вынікам агульнай працы ініцыятыў „Вольныя“, НАУ, Цэнтру Беларускай салідарнасьці, Dissidentby, Partyzanka, асацыяцыі „Да Волі“ і іншых», гаворыцца ў паведамленьні.

«Выказваю шчырую ўдзячнасьць памежнай службе Польшчы за штодзённую апэратыўную камунікацыю і падтрымку ў падачы зваротаў на міжнародную абарону былымі палітзьняволенымі. Асабліва хачу падзякаваць за агульную сумесную працу прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК, усе беларускія грамадзкія ініцыятывы і валянтэраў», — адзначыў намесьнік кіраўніка АПК Павал Латушка.

Раней паведамлялася, што экс-палітвязьні, якія прыбылі 18 сьнежня ў Варшаву і засталіся там, 19 сьнежня пачнуць падаваць дакумэнты на міжнародную абарону ў Польшчы.

Такую дамоўленасьць дасягнулі падчас размовы Латушкі з кіраўніцтвам Галоўнай камэндатуры Памежнай аховы Польшчы і камэндатуры Памежнай аховы ў Варшаве.

Латушка выказаў удзячнасьць Міністэрству ўнутраных спраў Польшчы, Памежнай ахове і МЗС Польшчы за апэратыўнае рэагаваньне на запыты і садзейнічаньне ў пачатку працэдуры легалізацыі для вызваленых з турмаў беларусаў.

13 сьнежня 2025 года ў межах дамоўленасьцей паміж Менскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 вязьняў (110 грамадзян Беларусі і 13 іншаземцаў) з умовай іх наступнага адʼезду з краіны.

109 беларусаў і пяць украінцаў прыбылі на тэрыторыю Ўкраіны. Яшчэ адзін палітвязень, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.

Вялікая група з 89 беларускіх палітвязьняў 18 сьнежня прыбыла з Украіны ў Варшаву.

Сярод тых, хто прыбыў у польскую сталіцу, былі Марыя Калесьнікава і Віктар Бабарыка, якія пасьля адʼехалі ў Нямеччыну. 20 чалавек прыехалі ў Вільню.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG