У горадзенскую турму Павал Севярынец трапіў летам 2023 году, яго перавялі туды з Шклоўскай калёніі. За кратамі ў Горадні Севярынец заставаўся да самага вызваленьня 13 сьнежня 2025 году.
У вялікай размове з Свабодай, якую мы апублікуем неўзабаве, сярод іншага ён расказаў, што зьняволеныя горадзенскай турмы ведаюць пра Міколу Аўтуховіча, якога таксама там трымаюць.
«Ён трымаецца вельмі добра, — кажа Павал Севярынец. — Для Аўтуховіча ў турме спэцыяльныя ўмовы, ён у асобнай камэры, у адзіночцы. Наколькі я магу меркаваць, ён, дзякуй Богу, жывы і ў бадзёрым стане. Што зь ягоным здароўем, дакладна ня ведаю. Міколу Аўтуховіча прызнаюць легендай і іншыя вязьні, нават тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй.
З тых, хто цяпер на волі, мы перасякаліся з Паўлам Вінаградавым і Міколам Дзядком. Хлопцы клясна сябе паводзілі, проста ўзорна. Пра іншых ня буду гаварыць, ім можа стаць горш. Пра Міколу Аўтуховіча я ня думаю, што яму ўжо можа быць горш. Ён трымаецца там як крэмень».
Палітзьняволенага прадпрымальніка і палітыка Міколу Аўтуховіча ў 2022 годзе пасьля працяглага судовага працэсу асудзілі на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Яго абвінавацілі адразу паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў «здрадзе дзяржаве» і «замаху на захоп улады». Міколу Аўтуховіча трымаюць у адзіночнай камэры Горадзенскай крытай турмы, пра яго стан амаль нічога не вядома.
Форум