Большая частка былых палітвязьняў засталася ў Польшчы, частка пераехала ў Літву, дзе арганізаваны іх прыём. Іх прывезьлі на ўкраінскім аўтобусе, які выкарыстоўваюць для перавозкі вызваленых палонных.
Экс-палітвязьняў у Вільні сустракалі валянтэры, журналісты, палітыкі.
У Вільню сярод іншых прыбылі палітык Павал Севярынец і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.
Ўладзімер Лабковіч у Вільні, сярод іншага, сказаў:
«У мяне сям’я ў Літве, там праваабарончы цэнтар дзейнічае, а я больш нічога ня ўмею рабіць. Буду вельмі ўдзячны, калі змагу працаваць, бо хачу займацца праваабарончай дзейнасьцю. Папраўдзе ніхто з нас яшчэ ня спаў з моманту нашага вызваленьня. Бо гэта вельмі вялікі эмоцыі. Я вельмі хачу пабыць са сваёй сям’ёй. Яны сапраўдныя героі для мяне, бо ім было цяжэй. За гэта я вельмі ўдзячны маім дзецям, якія вялікі час пражылі без мяне. Зараз мая дачка не змагла сюды прыйсьці, мусіла пайсьці на іспыт, і я вельмі хачу пабыць зь ёй і са сваёй сям’ёй, у першую чаргу. Спадзяюся, што мае калегі паставяцца да гэтага з паразуменьнем».
Лабковіч паведаміў таксама, што не чакаў вызваленьня, бо адміністрацыя калёніі настройвала яго, што ў канцы году будуць праводзіць працэдуру паводле 411 артыкулу КК, нефармальна намякалі, што тыя тэрміны, якія ёсьць, ня маюць для іх ніякага значэньня.
Уладзь Лабковіч выказаўся аб пэрспэктывах далейшага вызваленьня палітычных вязьняў:
«Напэўна вызваляць усіх. Я вельмі гэтаму рады, спадзяюся гэта прывядзе да вызваленьня ўсіх. Гэта вельмі важна, каб кожны выйшаў на волю – гэта задача нумар адзін. А задача максымум – гэта зрабіць усё, каб мы гэты каток спынілі. Зараз мы ехалі сюды, у мяне была магчымасьць глядзець інтэрнэт і я бачыў, як, на жаль, у горшы бок мяняюцца лічбы на сайце «Вясны» – гэта тое, называюць новымі палітычнымі вязьнямі. І тое, што стала пэрманэнтным і руцінным, мы ў першую чаргу мусім скончыць.
Таму я вітаю і высілкі амэрыканскага боку, вельмі вітаю літоўскі бок, які ўсё зрабіў, каб мае калегі змаглі тут заставацца з сем’ямі і працаваць, і таксама вельмі вітаю ўкраінскі бок, які таксама ў гэтай гуманітарнай місіі. Нам сапраўды трэба гэта дыпляматычна вырашаць. Я разумею, што нам трэба зрабіць усё магчымае, каб рэжыму ў Менску было выгодна па розных меркаваньнях адпускаць палітычных вязьняў. Таму што жыцьці гэтых людзей у небясьпецы, яны сапраўды знаходзяцца ў цяжкіх умовах і мы павінны ставіцца да гэтага з вялікай адказнасьцю».
Павал Латушка, які вітаў экс-палітвязьняў у Варшаве, сказаў журналістам, што створаны каардынацыйны штаб, у які ўваходзіць шмат няўрадавых арганізацыяў, удзельнічае таксама Аб’яднаны пераходны кабінэт, праваабарончыя арганізацыі. У яго бліжэйшымі днямі адбудзецца сустрэча ва ўправе ў справах іншаземцаў у Варшаве, каб абмеркаваць магчымыя шляхі паскарэньня легалізацыі.
Тымчасам ідзе збор грошай на прытулак для групы беларускіх экс-палітзьняволеных, якія прыбылі з Украіны ў Польшчу, пра што паведаміў музыка і арганізатар культурніцкіх імпрэзаў Сяржук Доўгушаў. За 2 дні трэба сабраць 5000 эўра, каб прытулак пачаў працаваць, — сказаў ён.
У складзе апошняй групы вызваленых 13 сьнежня зь вязьніцаў выйшлі 123 палітвязьні. Большая частка зь іх была адпраўленая ва Ўкраіну, Алеся Бяляцкага прывезьлі ў Літву.
У групе былі прадстаўнікі палітычнай апазыцыі Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава, іхны паплечнік Максім Знак, праваабаронца-вясновец Уладзь Лабковіч, палітоляг Аляксандар Фядута, палітык Павал Севярынец і іншыя.