Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобэлеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрвію Свабодзе


Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі ў інтэрвію для Беларускай службы Радыё Свабода праз тры дні пасьля свайго вызваленьня з турмы. Вільня, 16 сьнежня 2025
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі ў інтэрвію для Беларускай службы Радыё Свабода праз тры дні пасьля свайго вызваленьня з турмы. Вільня, 16 сьнежня 2025

Вызвалены з турмы і вывезены ў Літву ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі ў Вільні даў вялікае інтэрвію Радыё Свабода. Публікуем поўны тэкст інтэрвію.

Сярод іншага Алесь Бяляцкі адказаў,

  • чаму ў 2021 годзе вырашыў заставацца ў Беларусі, разумеючы маштаб рэпрэсіяў і маючы папярэдні досьвед палітвязьня;
  • як даведаўся аб прысуджэньні яму Нобэлеўскай прэміі;
  • ці паўплывала гэта на ягоны побыт у турме;
  • як даведаўся пра напад Расеі на Ўкраіну і ці ўсе вязьні разумелі, хто ў гэтай вайне агрэсар.
  • Алесь Бяляцкі таксама выказаў зычэньні тым, хто застаецца ў турмах, тым, хто ў эміграцыі і надалей чакае перамен да лепшага ў Беларусі.


— Хочам пагаварыць з вамі, Алесь, як з праваабаронцам у турме, набэлістам у турме: што вы бачылі, што перажылі асабіста, у чым удзельнічалі, у чыім лёсе і якія высновы з гэта зрабілі, якою пабачылі Беларусь з таго боку кратаў.

І перш за ўсё хацеў бы спытаць, чаму ў 2021 годзе вы вырашылі заставацца ў Беларусі, разумеючы, як тое было папярэднім разам, калі вас арыштоўвалі, разумеючы маштаб рэпрэсіяў, якія на той момант ужо разгарнуліся. І ці абмяркоўвалі вы гэта з калегамі Стэфановічам і Лабковічам?

— Сапраўды, мы былі ў гушчы падзеяў 2020 і 2021 году, хоць і ў ня першых радох, але што тычылася дапамогі рэпрэсаваным, збору інфармацыі, распаўсюду інфармацыі — «Вясна» рабіла ўсё дзеля таго, каб сабраць інфармацыю пра людзей, якіх тады масава білі і саджалі, якія невядома куды дзяваліся, і пра іхныя лёсы.

Шукалі магчымасьці для дапамогі. І напачатку, калі ўдар ўладаў прыходзіўся па шырокіх колах актывістаў, палітычных актывістаў, нас дзесьці не заўважалі: відавочна, што ў КДБ, міліцыі проста не хапала на ўсіх сілаў. Але ў 2021 годзе, калі яны паступова-паступова пашыралі абсяг рэпрэсіяў, стала зразумела, што і мы знаходзімся пад пільнай увагай.

Журналіст Свабоды Валер Каліноўскі і Алесь Бяляцкі. Вільня, 16 сьнежня 2025
Журналіст Свабоды Валер Каліноўскі і Алесь Бяляцкі. Вільня, 16 сьнежня 2025

У верасьні 2020 году ў нас была арыштаваная Марфа Рабкова, сяброўка «Вясны». У студзені 2021 году прайшлі першыя вобшукі ў нашых вясноўскіх сяброў, на офісах «Вясны». І пасьля гэтага стала зразумела, што неўзабаве могуць быць і рэпрэсіі непасрэдна, пэрсанальна супраць тых, хто працаваў у «Вясьне» ўжо вельмі даўно, хто вядомы, хто даваў інтэрвію, хто працаваў у розных кірунках праваабарончай дзейнасьці ў Беларусі.

Мае калегі ў гэты час выяжджалі на канфэрэнцыю за мяжу, і калі яны вярталіся ў Беларусь у ліпені 2021 году, то на мяжы іх спынілі, быў вельмі дэталёвы вобшук. Гэта быў яшчэ адзін трывожны званок, пасьля якога мы сустракаліся з Уладзем Лабковічам і з Валянцінам Стэфановічам. Нагадаю, гэта быў час ковіду. Памятаю як зараз, як мы сядзелі ў розных кутах пакою і размаўлялі пра нашыя будучыя пляны, пра тое, што можа адбыцца.

І я тады сказаў, што мне як старшыню арганізацыі, якая ўжо цярпіць ад рэпрэсіяў — а нашыя валянтэры і Марфа Рабкова ўжо тады сядзелі ў турме — не выпадае зараз уцякаць на эміграцыю, сыходзіць, зьяжджаць зь Беларусі, бо гэта будзе выглядаць не зусім слушна. Тым больш што на вядомасьць нашай арганізацыі, «Вясны», зважалі, безумоўна, і беларускія ўлады, і міжнародная супольнасьць. Мы павінны былі трымаць гэты ўдар і быць разам з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў, увогуле з шырокім колам людзей, якія працягвалі супраціў, мы мусілі дапамагаць, мы дапамагалі ў Беларусі да апошняй хвіліны, знаходзячыся там, тым, хто ўжо зьняволены. Гэта была дапамога самага рознага віду: і перадачы ў турмы, і маральная дапамога сем’ям, і збор інфармацыі, прысутнасьць на судах, маніторынг гэтых палітычных судоў. Мы рабілі гэтую працу, пытаньне, ці зьехаць, мы абмяркоўвалі і вырашылі — не, застаемся.

І літаральна праз пару дзён пасьля гэта абмеркаваньня адбыліся арышты, затрымалі нас і таксама шэраг нашых сяброў зь «Вясны». Былі масавыя вобшукі, усяго больш за 120 вобшукаў па ўсёй Беларусі, датычных «Вясны». Гэта былі і рэгіянальныя офісы «Вясны», і менскія офісы, і нашы кватэры, куды ўломвалася міліцыя — апэратыўнікі праводзілі гэтыя вобшукі, гэта было вельмі маштабна, шырока. У СІЗА на Валадарцы засталіся мы ўтрох — Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і я. Пэўны час там знаходзілася і жонка Ўладзя Лабковіча, але праз 10 дзён, дзякуй Богу, яе выпусьцілі, і мы засталіся ўтрох у такой сытуацыі, разам з сотнямі іншых палітвязьняў, якія на той час былі ў Беларусі.

Алесь Бяляцкі ў інтэрвію для Беларускай службы Радыё Свабода праз тры дні пасьля свайго вызваленьня з турмы. Вільня, 16 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі ў інтэрвію для Беларускай службы Радыё Свабода праз тры дні пасьля свайго вызваленьня з турмы. Вільня, 16 сьнежня 2025

Маральна я быў гатовы, для мяне гэта было дэжавю, як быццам бы я вярнуўся, адкруціўшы 8 гадоў, у той час, калі я сядзеў на Валадарцы. У 2021 годзе я зноў апынуўся там, толькі ў суседніх ўжо «хатах», у суседніх камэрах.

Было адчуваньне, што вось усё тут знаёмае, што машына правярнула нейкі кавалак жыцьця, і ты зноў вярнуўся ў гэтыя не зусім, я сказаў бы, нармальныя ўмовы. Бо там заўсёды перанаселена, заўсёды праблемы з мэдыцынай, усялякія іншыя праблемы. Вярнуўся ў гэтае цяжкае становішча.

Мы засталіся, іншая справа, што, можа быць, мы не спадзяваліся, не разьлічвалі, што наша зьняволеньне будзе такім доўгім. З моманту затрыманьня да моманту вызваленьня мяне і Ўладзя Лабковіча, якое адбылося 13 сьнежня 2025 году, прайшло 4 гады і 5 месяцаў, лічы 4 з паловай году. А Валянцін Стэфановіч дасюль працягвае сядзець, у яго гэты турэмны лічыльнік, таймэр не спыніўся, ён працягвае цікаць дзень за днём, зьняволеньне працягваецца.

Што паўплывала на такое доўгае, працяглае зьняволеньне — тэрміны ў нас былі даволі вялікія, мне далі 10 гадоў зняволеньня, Валянціну — 9, Уладзю — 7 гадоў? Паўплывала, безумоўна, сытуацыя з вайной ва Ўкраіне, якая раптам і саму тэматыку і праблематыку Беларусі адсунула на задні плян, і тое, што ў нас пачалося фактычна ваеннае становішча. Беларусь вельмі моцна была ўцягнутая ў гэтую ваенную кампанію, ня трэба казаць, колькі расейскай вайсковай тэхнікі праехала празь Беларусь. Зь Беларусі пачалася ўвогуле ўся вайна: расейскія войскі ўвайшлі ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі.

І, безумоўна, трагедыя, што наша знаходжаньне ў турме ў нейкай ступені абясцэненае, мы сталі закладнікамі, мы сталі ў вялікім сэнсе, можна сказаць, палоннымі, якімі былі фактычна до апошняга дня зьняволеньня, да нашага вызваленьня.

— Алесь, мы яшчэ вернемся до гэтых балючых тэмаў — тэмы вайны і тэмы вашага ўтрыманьня ў турме — але я зараз хацеў бы вярнуцца да той вашай сустрэчы трох, яшчэ на волі, у розных кутках аднаго памяшканьня. Гэта значыць, вы распрацавалі нейкі «плян Б» на выпадак арышту ўсяго кіраўніцтва «Вясны»?

— Паступова нашы сябры, іншыя сябры арганізацыі пасьля арышту Марфы і пасьля першых вобшукаў у студзені 2021-га году фактычна выехалі зь Беларусі. Мы арганізавалі гэты выезд нашых сяброў. Валянцін Стэфановіч так і сказаў пра гэта на судзе ў сваёй апошняй прамове: мы гатовыя сядзець у турме, бо сама «Вясна», наша маладзейшае пакаленьне, якое вырасла за 25 гадоў існаваньня «Вясны» (дарэчы, у наступным годзе будзе ўжо 30 гадоў), выехала за межы, і «Вясна» працягне жыць і працаваць далей, нягледзячы на тое, што мы, заснавальнікі «Вясны», якія працавалі там па 20 гадоў, знаходзімся ў няволі.

— Мы бачылі, як плённа працуе «Вясна», як яна робіць неймаверныя справы, а вам было вядома пра гэта там?

— Я быў адзін раз у Вільні пасьля выезду «Вясны» зь Беларусі, нягледзячы на ковід. Мы ня проста плянавалі эвакуацыю, каб людзі зьехалі, сядзелі там і чакалі, пакуль зьменіцца сытуацыя, а каб яны, зьехаўшы, адразу падключаліся да працы і працягвалі фактычна ўсе кірункі, якімі займаецца праваабарончы цэнтар «Вясна».

Таму праца не спынялася, яна адразу была працягнутая. Мне ўдалося пабываць тут, у Вільні, напачатку 2021 году, калі тут быў адчынены першы офіс «Вясны» і яго праца, дзякуй Богу, пачалася. Я вярнуўся ў Менск. Некалькі месяцаў як ужо пачалося гэтае іхнае асобнае жыцьцё ад нас. Хоць трэба сказаць, што калі праваабаронцы знаходзяцца ў турме, сытуацыя парадаксальная — там ты не займаесься праваабаронай, бо ў цябе няма такіх магчымасьцяў. Але сам факт знаходжаньня праваабаронцы ў турме фактычна зьяўляецца працягам нашай працы, нашай дзейнасьці, проста што ў іншай форме.

Кнігі «Бібліятэкі Свабоды». «Справа Бяляцкага» і «Галасы Беларусі — 2022»
Кнігі «Бібліятэкі Свабоды». «Справа Бяляцкага» і «Галасы Беларусі — 2022»

Нашы сябры за мяжой працавалі ў нашых традыцыйных кірунках. А мы сядзелі і гэтым сваім сядзеньнем сьведчылі — у Беларусі ўзровень дэмакратыі нулявы ці адмоўны, як і ўзровень захаваньня правоў чалавека, і стаўленьня ўладаў да грамадзянскай супольнасьці. Бо знаходжаньне правабаронцы ў турме любой краіны — гэта самы першы маркер, які паказвае, што адбываецца з правамі чалавека ў гэтай краіне. Тое ж самае ў Беларусі. Знаходжаньне ў турме праваабаронцаў, журналістаў ярка паказвае, што ў краінах ідуць масавыя рэпрэсіі, адсутнічае дэмакратыя, адсутныя правы чалавека. Краіна знаходзіцца ў крытычным, ненармальным стане.

Мы праходзілі ўсё гэта 100 гадоў таму. Самае цікавае, што гісторыя зрабіла кола. У 1920-30-я гады ў Беларусі адбываліся масавыя рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі, супраць моладзевых актывістаў, супраць пісьменнікаў, гісторыкаў, дзеячоў культуры, увогуле тых людзей, якія стваралі незалежную Беларусь, але не былі камуністамі па сваіх перакананьнях. Яны ўсе былі пасаджаныя, рэпрэсаваныя. І кола гэтае правярнулася.

Нейкія ўмовы ўтрыманьня цяжка параўнаць з тым часам. Усё ж 100 гадоў прайшло. Але тым ня менш назваць іх нармальнымі нельга. Мы перажылі фактычна ўсё тое, што апісаў Салжаніцын «У коле першым». Вось і мы свае колы тут перажылі — разам зь іншымі палітычнымі зьняволенымі. Гэта значыць, што ўсе мы прайшлі праз буры. Вось Уладзь Лабковіч быў зараз вызвалены з крытай турмы. Мы знаходзіліся разам зь іншымі палітычнымі зьняволенымі, якія рэпрэзэнтуюць фактычна ўсё беларускае грамадзтва. Там сядзяць усе. І студэнты, і моладзь, і настаўнікі, і дактары, і спартсмэны — каго там толькі няма. І вайскоўцы, і ўсе там сядзяць.

Там сядзелі і працягваюць сядзець праваабаронцы. Зараз у турме сядзяць Марфа Рабкова і Валянцін Стэфановіч, нагадаю — Наста Лойка і іншыя валянтэры, там людзі, якія працавалі ў праваабарончых арганізацыях, аказвалі дапамогу. Гэта паказвае, што мы зьяўляемся часткай нашага актыўнага беларускага грамадзтва, мы перажылі тыя ж праблемы, тую ж трагедыю, якая разгарнулася ў Беларусі ў апошнія гады. І нам ня сорамна, ня скажаш, што мы схаваліся, адсядзеліся ў гэты час па-за гэтымі падзеямі.

— Праваабаронцу ў Беларусі натуральна сядзець у турме, вы мне гэта пісалі зь мінулай сваёй адседкі з бабруйскай калёніі. Зараз наладзіць ліставаньня не ўдалося. Ці не было думкі, шкадаваньня, што на волі вы былі б больш эфэктыўным?

— Паўтару тое, што казаў Валянцін Стэфановіч: наша справа, каротка кажучы, была сядзець. А справа іншых праваабаронцаў з нашай арганізацыі — працаваць. Усе мы рабілі агульную справу, вось так яно атрымлівалася.

І трэба таксама разумець, што пасьля хвіліны арышту выбару ў цябе няма. Ты ня можаш выбіраць, застаўся б ты у Беларусі ці зьехаў бы, ты ўжо ўсё, пайшоў. Гэтая машына цябе, твае косткі пачала як бы перамолваць, яна цябе закруціла, ты знаходзісься ў гэтым нясьпешным, але бязьлітасным коле, якое круціць цябе, і ўжо мала што залежыць ад тваіх жаданьняў. Адзінае, што там вельмі важна, — гэта захавацца самому, захаваць свае прынцыпы і па магчымасьці захаваць сваё здароўе. Вось гэта пытаньні, якія былі штодзённымі для нас і якімі мы там займаліся па-за місіяй праваабаронцаў, высокай місіяй, пра якую я апавядаў.

Алесь Бяляцкі сустрэўся з жонкай пасьля вызваленьня, Вільня, 14 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі сустрэўся з жонкай пасьля вызваленьня, Вільня, 14 сьнежня 2025

Вядома ж, я там ня думаў кожны дзень, як і мае калегі, што во мы такія малайцы, што мы сядзім разам зь іншымі зьняволенымі ў турме. Мы пра гэта ня думалі, мы думалі пра самыя элемэнтарныя рэчы: як арганізаваць сваё жыцьцё, каб яно было больш-менш прыстойным у самых розных і складаных умовах. Як казаў адзін мой знаёмы: я там чатыры гады спаў на бэтоне. Умоўна кажучы, гэта такая мэтафара — спаць на бэтоне на працягу зьняволеньня; яно прымушала нас у першую чаргу думаць пра нейкія бягучыя справы элемэнтарнага выжываньня, але ў той жа час і пра вытрыманьне. Трэба было вытрымаць гэтую сытуацыю, не скарыцца, не паддацца на ілюзіі, бо што тычыцца напісаньня памілаваньня, спробаў наладзіць кантакты з адміністрацыяй, пісаньня лістоў уладам Беларусі — гэта ўсё нас ня тычылася. Мы былі па-за ўсімі гэтымі хістаньнямі, мы цьвёрда трымаліся сваёй пазыцыі, з аднаго боку, а з другога боку — ціха сядзелі.

— Але давайце перанясемся з 2021 ў 2022 год. Была вельмі важная падзея ў канцы гэтага году, калі ўжо пачалася вайна. Вам была прысуджаная Нобэлеўская прэмія, і Натальля Пінчук, ваша жонка, выступала ў Осла з Нобэлеўскай прамовай. Было шмат публікацыяў, шмат цікавасьці. Гэта сапраўды гістарычная падзея для Беларусі — другая Нобэлеўская прэмія, першая Нобэлеўская прэмія міру і прэмія палітвязьню, праваабаронцу. Як вы даведаліся пра гэта? Якая была рэакцыя вашых сукамэрнікаў на гэтую падзею, на гэтую прамову, і рэакцыя адміністрацыі, што асабліва цікава?

— Навіна гэта была для мяне нечаканая, хоць абмеркаваньне, хто ж будзе гэтым нобэлеўскім ляўрэатам, было. Тады была магчымасьць падпісацца на такую расейскую «Независимую газету», якая давала таксама матэрыялы і аб Беларусі, даволі вострыя яшчэ (ня ведаю, мабыць, яе ўжо няма там, не выходзіць яна). І можна было падпісацца на яе, улічваючы, што ўсе незалежныя беларускія сродкі масавай інфармацыі былі закрытыя. Гэта была адзіная крыніца, зь якой можна было атрымаць нейкую бягучую інфармацыю, што ж робіцца ў Беларусі. Самае цікавае — з газэты, якая выходзіла ў Маскве. І там напярэдадні вызначэньня нобэлеўскага ляўрэата быў артыкул пра гэта і пра тое, што беларусы ёсьць у сьпісе, але мяне там не называлі. І я быў абсалютна спакойны, бо ведаў, што атрымаць Нобэлеўскую прэмію — гэта насамрэч ня так проста. Тут вельмі багата фактараў, якія павінны былі скласьціся ў адно, каб яе атрымаць.

Алесь Бяляцкі каля амбасады ЗША ў ВІльні пасьля вызваленьня з-за кратаў у Беларусі і вывазу ў Літву. 13 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі каля амбасады ЗША ў ВІльні пасьля вызваленьня з-за кратаў у Беларусі і вывазу ў Літву. 13 сьнежня 2025

Таму не было ўвогуле думак, што я магу быць у гэтым сьпісе і магу стаць ляўрэатам. А даведаўся пра гэтую навіну я ў кастрычніку, калі было афіцыйна абвешчана і калі ўжо сродкі масавай інфармацыі дзесьці за сьценамі «Валадаркі» пра гэта шырока напісалі. Мяне вадзілі тады на азнаямленьне з матэрыяламі крымінальнай справы. У справе было 210 тамоў. Шматкіляграмовая такая справа: уявіце сабе, 210 папак гэтых папераў у нашай справе. Гэта тысячы дакумэнтаў, зь якімі трэба было знаёміцца перад судовым паседжаньнем. І стоячы ў калідоры перад тым, як зайсьці ў пакойчык, каб чытаць гэтыя тамы, дзе таксама звычайна сядзелі адвакатка і адзін са сьледчых, які вёў гэтую справу, я чую, як мне адзін са зьняволеных кажа (там даволі багата палітычных зьняволеных, я ня ведаў гэтага хлопца): «Алесь, здаецца, вы нобэлеўскі ляўрэат?» Здаецца... Я гэта ўспрыняў спачатку як жарт, не паверыў у гэта абсалютна, але калі зайшоў і адвакатка пацьвердзіла тое, што яна прачытала, што іншыя адвакаты перадалі ёй, што «твой падсудны — нобэлеўскі ляўрэат», то для мяне гэта было вялізнае ўражаньне. Я быў моцна ўражаны, бо абсалютна ня быў гатовы, вось пра што я тады ня думаў, дык гэта пра Нобэлеўскую прэмію.

Ну і трэба таксама разумець, я гэта адразу зразумеў, што гэта ня чыста мая прэмія, яна не была дадзена мне. Як, дарэчы, часта і даюцца гэтыя прэміі — сымбалічна, каб падкрэсьліць нейкую зьяву, нейкую праблему, якая ёсьць у сьвеце ці ў пэўным грамадзтве. Такім чынам яна давалася ў свой час Андрэю Сахараву 50 гадоў таму, каб падкрэсьліць адсутнасьць правоў чалавека ў Савецкім Саюзе і падтрымаць адчайную працу праваабаронцаў таго, савецкага часу, бо тады праваабарончая дзейнасьць адназначна сканчалася зьняволеньнем, перасьледам.

Прадстаўнікі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру Ян Рачынскі (расейская арганізацыя «Мэмарыял»), Натальля Пінчук (жонка Алеся Бяляцкага), Аляксандра Матвійчук (украінскі «Цэнтар грамадзянскіх свабодаў») у Осла, 10 сьнежня 2022
Прадстаўнікі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру Ян Рачынскі (расейская арганізацыя «Мэмарыял»), Натальля Пінчук (жонка Алеся Бяляцкага), Аляксандра Матвійчук (украінскі «Цэнтар грамадзянскіх свабодаў») у Осла, 10 сьнежня 2022

Гэта была прэмія, скажам так, усім дэмакратычна настроеным беларусам, якія выйшлі ў 2020 годзе, выходзілі ў 2021 годзе, працягвалі сваё змаганьне за дэмакратыю, за правы чалавека, за справядлівае грамадзтва, за справядлівыя выбары. Вось усім гэтым людзям гэтая прэмія была дадзена, каб падкрэсьліць мужны ўчынак, фактычна подзьвіг, гэты народны ўсплёск, які мы бачылі на свае вочы, у якім мы бралі ўдзел наколькі маглі. Зразумела, што толькі мы, «Вясна» ці грамадзкія арганізацыі, гэтага не маглі арганізаваць. Мільёны людзей, якія патрабавалі свабоды, — гэта і быў голас дэмакратычнай Беларусі, народнай Беларусі. І прэмія падкрэсьлівала праблему задушэньня свабоды ў Беларусі, тое, што масавыя рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў, якія разгарнуліся з 2020 году і працягнуліся ў 2021-м, павінны скончыцца, гэта ненармальна. Гэтыя людзі дабіваліся самых элемэнтарных, звычайных рэчаў. І ўлады, адпаведна, нелегітымныя, яны парушаюць правы чалавека, гэта фактычна хунта, якая ўтрымлівае ўладу незаконна. Вось пра ўсё гэта гаварыла гэтая прэмія. Я быў толькі рэпрэзэнтантам, ня больш за тое, адным з тых тысячаў, сотняў тысячаў людзей, якія хацелі дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Я гэта выдатна разумеў, таму адчуваньня таго, што гэта нейкая вялікая мая заслуга, у мяне не было тады і няма зараз.

Алесь Бяляцкі адразу пасьля вызваленьня і пераезду зь Беларусі ў Вільню. 13 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі адразу пасьля вызваленьня і пераезду зь Беларусі ў Вільню. 13 сьнежня 2025

Я лічу, што гэта сапраўды народная беларуская прэмія, яна належыць усім беларусам, усім дэмакратычным беларусам, якія змагаліся за дэмакратыю, якія рабілі і робяць што могуць. Гэта безумоўна важны момант. Ну і яшчэ трэба ўлічыць, што разам са мною сталі ляўрэатамі дзьве праваабарончыя арганізацыі — расейская і ўкраінская. Гэта падкрэсьлівала трагічную, драматычную сытуацыю, зьвязаную з вайной, якая разгарнулася ў тым жа 2022 годзе, прэмія прыцягвала ўвагу да гэтага ваеннага канфлікту, бо прэмія — міру. Яна пасылала сыгнал і расейскім уладам, і беларускаму рэжыму, і расейскаму рэжыму: спыніце вайну, вы робіце злачынствы. Але гэты сыгнал беларускія і расейскія ўлады ўспрымаюць вельмі своеасабліва. Яны разумеюць толькі палітыку сілы, сыгналы сілы, гвалту, як і ўсе дыктатары. Угаворы ці гуманныя пасылы яны лічаць вельмі несур’ёзнымі. І ёсьць у пэўным сэнсе недаацэнка значэньня гэтай прэміі, несурʼёзнасьць прысутнічала і пры далейшым маім знаходжаньні ў турме.

— Алесь, скажыце, ваш аўтарытэт сярод вязьняў і прадстаўнікоў адміністрацыі вырас пасьля Нобэлеўскай прэміі міру?

— Што тычыцца вязьняў, то так. Тыя, хто разумее, хто чуў калі-небудзь пра гэтую Нобэлеўскую прэмію, штосьці ведае пра яе, то, безумоўна, яны ставіліся з павагаю. Асабліва зараз, калі было шмат размоваў пра тое, ці атрымае Дональд Трамп гэтую прэмію, ці не ў 2025-м годзе, гэта зноў прыцягнула ўвагу.

Мы сядзім у так званай «ленцы», у «ленінскім пакоі», глядзім тэлевізар, а там ідуць дэбаты, ці атрымае Нобэлеўскую прэмію міру Трамп, ці не, а тут сядзіць нобэлеўскі ляўрэат разам з такімі ж... Дваццаць чалавек сядзяць на гэтых лаўках, і ён сядзіць паміж імі. Зразумела, што для людзей гэта быў нейкі нонсэнс — як такое можа быць.

Алесь Бяляцкі. Вільня, 16 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі. Вільня, 16 сьнежня 2025

Але з улікам таго, што беларусы неэмацыйны народ і што ў турме гэта яшчэ больш праяўляецца, бо любыя эмоцыі абсякаюцца адміністрацыяй, лічыцца, што ты павінен там сядзець з закрытым ротам, то, безумоўна, там гэтых выказваньняў і пасылаў ад зьняволеных было меней. Але было відавочна, што нават у крымінальнікаў, у людзей, якія ніколі не займаліся палітыкай, якія адмоўна ставяцца ўвогуле да ўсёй палітыкі, навіна выклікала пэўную павагу: гэты дзядзька сапраўды нейкі там вельмі вядомы. Гэта спрэс было і ў калёніі, і ў СІЗА. А што датычыцца адміністрацыі — гэта я таксама заўважаў — яны пра гэта ведаюць, па-першае, але яны працуюць. Асабліва тыя, хто робіць кар’еру. Як у любой строгай дзяржаўнай структуры, ёсьць больш такія карʼерысты, а ёсьць як бы звычайныя працаўнікі. І вось карʼерысты працавалі строга па інструкцыях, як трэба адносіцца да палітзьняволеных, усё гэта распаўсюджвалася і на мяне.

— То бок палёгкі для нобэлеўскага ляўрэата не было?

— Не, асабліва гэта датычылася 2023 году, як толькі я прыехаў у калёнію, гэтак было яшчэ і ў 2024-м. Я праходзіў праз усё тое, праз што праходзілі палітычныя зьняволеныя. Гэта і зьнявагі, гэта і размовы на «ты», да цябе ставіліся як да звычайнага зьняволенага, як да палітзьняволенага. Захацелася начальніку рэжыму — ён цябе распрануў дагала, прымусіў прысядаць, бо ён табе робіць поўную праверку, хаця там у цябе толькі сустрэча з адвакатам. Перад гэтым ён цябе распрануў, а то раптам ты пранясеш нейкую цыдулку, ці што ён там шукаў, я ня ведаю. Гэта ўсё — зьдзекі і нечалавечае абыходжаньне — было, безумоўна.

І былі бясконцыя пратаколы аб парушэньні правілаў унутранага распарадку, яны вельмі любілі выпісваць гэтыя паперы. За любую дробязь і па справе, і не па справе — што ты не паголены, у цябе чаравікі не пачышчаныя, ты кепска прыбраў у сэкцыі, калі твой час прыбіраць, не павітаўся, калі прайшоў начальнік нейкі. Усё гэта было, я і сам ня ведаў, што на мяне было столькі папераў. Але вось пару месяцаў таму я праходзіў палову тэрміну свайго зьняволеньня. Улічваючы норму «дзень у СІЗА за паўтара ў калёніі» і тое, што мы ў СІЗА правялі амаль два гады, мне атрымалася чыстага тэрміну 9 гадоў і паўтара месяца — тое, што я мусіў адсядзець. Нядаўна я праходзіў атэстацыю за палову гэтага тэрміну і на ёй пачуў, што на мяне, аказваецца, за два з паловай гады знаходжаньня ў Горацкай калёніі склалі 23 пратаколы аб парушэньні ўнутранага распарадку. Я лічыўся злосным парушальнікам. Нобэлеўскі ляўрэат — злосны парушальнік правілаў распарадку. Гэта цалкам нармальна, без усякай шызафрэніі для мясцовага горацкага начальства.

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі ў суправаджэньні жонкі Натальлі Пінчук прымярае новы касьцюм у гандлёвым цэнтры ў Вільні, 14 сьнежня 2025 года, на наступны дзень пасьля вызваленьня з турмы
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі ў суправаджэньні жонкі Натальлі Пінчук прымярае новы касьцюм у гандлёвым цэнтры ў Вільні, 14 сьнежня 2025 года, на наступны дзень пасьля вызваленьня з турмы

Асабліва балюча было пры вызваленьні 13 сьнежня, калі намесьнік начальніка калёніі, начальнік рэжымнага аддзелу, начальнік апэратыўнага аддзелу, афіцэры, якія выпускалі мяне з калёніі, забралі ўсе паперы, якія ў мяне былі, усю перапіску, тыя лісты, якія на пачатку да мяне даходзілі, а потым перасталі даходзіць. Але я стараўся захаваць тое, што даходзіла ў 2021, 2022 годзе да пачатку вайны, бо як пачалася вайна, то фактычна мы апынуліся ў інфармацыйнай ізаляцыі, лістоў было вельмі мала.

За ўвесь 2025 год я атрымаў толькі адзін ліст ад жонкі, напрыклад. А яна не атрымала ніводнага майго ліста. Гэта была поўная ізаляцыя. Апрача таго, я напісаў трыста старонак успамінаў пра музэй Максіма Багдановіча і вёў дзёньнік, у якім імкнуўся занатаваць умовы, каб нешта засталося. Але ўсё гэта засталося там і было фактычна зьнішчана. Мне не далі вывезьці з калёніі ніводнай паперкі. Вось такое стаўленьне да цябе, вось ты і нобэлеўскі ляўрэат. Ты для іх ніхто там, а ня нобэлеўскі ляўрэат. Хаця ведаючы, празь якія колы праходзілі іншыя зьняволеныя, якіх білі, якія знаходзіліся ў горшых умовах, чым я, то мушу сказаць, што мяне гэта абышло.

— Ці можаце сказаць, ці былі катаваньні, нялюдзкае абыходжаньне з вамі?

— Нялюдзкае абыходжаньне, безумоўна, так. Што тычыцца катаваньняў — не. Калі цябе зачыняюць у ШЫЗА, а на табе толькі лёгкае адзеньне, а ў камэры плюс 8 і ты там мусіш сядзець 10 сутак, ня можаш спаць, бо цябе калоціць ад холаду, — гэта што? Гэта і ёсьць нялюдзкае абыходжаньне. Калі ты ня можаш сесьці, бо прышпіленыя нары, ты мусіш хадзіць, а лаўка вузкая — 20 сантымэтраў. Гэта тое месца, дзе ты можаш пасядзець пры плюс 8 у камэры, максымум плюс 10, а ты ў кашульцы — гэта што такое? Гэта датычыць усіх зьняволеных, ня толькі палітычных.

Гэтая сабачая савецкая сыстэма, якая была накіраваная на зьнішчэньне любых зьняволеных, роўненька перайшла ў беларускую сыстэму ў такіх месцах, як штрафныя ізалятары, БУРы (баракі ўзмоцненага рэжыму, назва савецкага часу. — РС), самі калёніі, і роўненька яна распаўсюджвалася на палітычных зьняволеных, часам з асаблівым акцэнтам, асаблівымі пераборамі. Вось і зараз, перад выхадам з турмы, некаторыя палітвязьні сядзелі ў БУРы.

— Алесь, як у 2022 годзе вы даведаліся пра напад Расеі на Ўкраіну? Ці вы ведалі пра тое, што ўварваньне адбывалася і з тэрыторыі Беларусі, што Беларусь уцягнутая?

— Мы былі тады ў СІЗА і ў нашай камэры быў тэлевізар, мы, безумоўна, глядзелі ўсё, што разгортвалася перад пачаткам вайны, і ўжо па самой атмасфэры, па той інфармацыі, якую давалі расейскія прапагандысты ў такіх праграмах, як «60 минут», было зразумела, што непазьбежна насоўваецца вайна. Для мяне гэта стала зразумелым месяца за паўтара да вайны, з пачатку 2022 году. Была Алімпіяда, гэта трохі адсунула час пачатку вайны, былі звароты да Пуціна — не пачынай, пакуль ідзе Алімпяда. Як яна скончылася, то пачаліся ваенныя дзеяньні.

Усё гэта было драматычна — вельмі і трагічна — вельмі. Было зразумела, што ідзе вельмі агрэсіўная спроба адраджэньня расейскай імпэрыі, пра што я гаварыў дзясяткі разоў перад гэтым, згадваючы грузінскую вайну, Прыднястроўе і само звужэньне дэмакратычнага поля, дэмакратычных магчымасьцяў для працы палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў. У Расеі гэта адбывалася год за годам. Таму калі пачалася вайна, гэта было страшна і трагічна. Я разумеў, што гэта адаб’ецца на нашым лёсе вельмі моцна. Але што мы там маглі зрабіць? Толькі глядзець і старацца атрымаць, вывудзіць хоць нейкую інфармацыю, слухаючы, чытаючы паміж радкоў. Што беларускія навіны, што расейскія — яны давалі з свайго пункту погляду. Інфармацыя пра тое, што расейскія войскі прайшлі празь беларускую мяжу, зьявілася ў расейскай перадачы «60 минут» фактычна адразу, яны паказвалі гэтыя кадры — як танкі праходзілі празь беларускія памежныя пераходы на тэрыторыю Ўкраіны, і хтосьці там зь беларускіх памежнікаў ці мытнікаў здымаў гэтыя танкі.

Потым зьявілася інфармацыя пра ракетныя ўдары з тэрыторыі Беларусі. Потым зьявіліся незразумелыя і неапраўданыя абгрунтаваньні Лукашэнкі, што мы, маўляў, бараніліся такім чынам, бо па нас хацелі стукнуць, што гэта быў наш папярэдні ўдар — глупства нейкае. Стала зразумела, што мы ў гэта ўлазім усё больш і больш. Я зь вялікім непакоем і трывогай думаў пра тое, што, ня дай Бог, Беларусь уцягнуць шырокамаштабна, калі беларуская армія будзе вымушаная браць удзел у гэтых падзеях. Улічваючы, што часткова і Жытомірская вобласьць, і Кіеўская былі акупаваныя, падключэньне беларусаў было б страшнай трагедыяй, бо вайсковыя канфлікты, войны не залечваюцца і не забываюцца людзьмі. Мы ведаем, наколькі добра ўкраінцы ставіліся да беларусаў усе дзесяцігодзьдзі да вайны. Але калі пачынаецца вайна, агрэсія з боку Беларусі супраць Украіны, залячыць гэтыя шнары будзе немагчыма яшчэ дзесяцігодзьдзямі. Яны і зараз ёсьць, але маглі б быць вельмі страшнымі — тое, што застаецца пасьля вайны на дзесяцігодзьдзі.

Алесь Бяляцкі ў аўтамабілі на наступны дзень пасьля вызваленьня. Вільня, 14 сьнежня 2015
Алесь Бяляцкі ў аўтамабілі на наступны дзень пасьля вызваленьня. Вільня, 14 сьнежня 2015

Думаю, што гэта ў пэўнай ступені спыніла і Лукашэнку — апроч таго, што ён выдатна разумеў, што тады поўдзень Беларусі будзе таксама атакаваны, пагараць і НПЗ у Мазыры, і заводы ў Берасьці. Тут яшчэ і эканамічны момант адгуляў сваю ролю, бо аб палітычных наступствах яны часам думаюць у апошнюю чаргу. Але небясьпека поўнага ўцягненьня Беларусі ў поўнамаштабную вайну, агрэсію была на працягу некалькіх гадоў. Толькі ў апошнія месяцы Лукашэнка запяяў ужо па-іншаму: што мы мірная краіна, што мы хочам міру. Гэта дае спадзяваньні, што да заканчэньня гэтай страшнай вайны Беларусь ня будзе поўнамаштабным яе ўдзельнікам.

— Ці зьвярнулі вы ўвагу, Алесь, што большасьць вызваленых 13 сьнежня беларускіх палітвязьняў вывезьлі ва Ўкраіну і адвозілі іх у аўтобусах, якія выкарыстоўваюць пры абменах палоннымі?

— Калі мы паміж сабою там гэта абмяркоўвалі (хоць было забаронена, але палітычныя вязьні знаходзілі магчымасьць падтрымаць кантакты паміж сабою), то вельмі часта гучала, што мы палонныя. Мы палонныя падчас знаходжаньня ў калёніі — з улікам таго, што ў Беларусі ўсе гэтыя гады было і працягваецца неабвешчанае ваеннае становішча. Мы паміма сваёй волі апынуліся ў ролі палонных, не прызнаных фармальна, але тым ня менш. Таму і ўсе гэтыя працэдуры нашага вызваленьня вельмі часта нагадваюць вызваленьне ваеннапалонных. А як мяне везьлі з калёніі з завязанымі вачыма, калі я нават ня мог зарыентавацца, куды мяне вязуць з гэтых Горак — ці ў Расею, якая там побач, ці яшчэ куды? Я мог толькі здагадвацца, куды мы едзем. Усе гэтыя нюансы паказваюць, што ў пэўным сэнсе палітычныя зьняволеныя, якія зараз знаходзяцца ў беларускіх турмах, а там яшчэ сядзіць больш за 1000 чалавек, і ўвесь час адбываюцца новыя арышты, адных выпускаюць, другіх набіраюць, — усе фактычна палонныя гэтага рэжыму. Мы не былі простымі зьняволенымі, мы знаходзіліся ў сытуацыі поўнага бяспраўя.

— Ва Ўкраіне была дыскусія, у якой некаторыя вызваленыя беларускія палітвязьні не маглі адназначна сказаць, хто напаў, хто агрэсар. Ці вам там, у калёніі, было зразумела, хто адказны за гэтую вайну?

— Мне цяжка гаварыць за іншых палітзьняволеных, бо гэта вельмі розныя людзі, вельмі шырокі спэктар. Часам гэта вельмі простыя людзі, якія ня маюць вышэйшай адукацыі, палітычнага досьведу, шмат для каго ўдзел у масавых пратэстах, якія былі ў нас у 2020–21 гадах, — увогуле першы палітычны досьвед. Я не бяруся судзіць або даваць ацэнкі, але што тычыцца тых зьняволеных, зь якімі я меў кантакты, то, безумоўна, мы ўсе выдатна ўсё разумелі — хто ёсьць агрэсар, і ў якой сытуацыі знаходзіцца Ўкраіна, і чаму для Лукашэнкі важна было, каб Расея перамагла Ўкраіну, каб там зноў быў савецкі мордар.

Бо ён баяўся, як і Пуцін баіцца, прыкладу станоўчай дэмакратычнай трансфармацыі суседняй краіны, які мог бы стаць заразным узорам для Расеі і для Беларусі. Яны гэтага страшна баяцца. Як у XVIII стагодзьдзі Прусія, Расея і Аўстрыя дзялілі Рэч Паспалітую, то адна з прычын была (Кацярына ІІ пісала пра гэта), што мы, Вялікае Княства Літоўскае, беларусы ў тым ліку, — рассаднік дэмакратычнай заразы, нам гэта не трэба. Гэтая агрэсія XVIII стагодзьдзя фактычна паўтарылася і зараз — таму і Лукашэнка браў у гэтым удзел. Бо для захаваньня таталітарнай, постсавецкай сыстэмы ім трэба пашырэньне яе поля.

А для нас, для дэмакратычнай часткі беларускага грамадзтва, надзвычай важна, каб Украіна заставалася незалежнай дзяржавай, дэмакратычнай дзяржавай, дзяржавай — сябрам Эўрапейскага Зьвязу. Тады і ў нас зьяўляюцца пэрспэктывы адбіцца ад гэтай расейскай імпэрыі, захаваць сваю незалежнасьць і ўрэшце рэшт стаць часткай эўрапейскай супольнасьці. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца і сытуацыя зараз значна горшая, чым яна калі-небудзь была — і заканадаўча, і вайскова, і ядзерная зброя, і зьмена так званай Канстытуцыі, калі Беларусь ня стала нэўтральнай дзяржавай, — усё накіравана на тое, каб захаваць на Беларусі існуючую ўладу, сыстэму улады, каркас гэтай постсавецкай сыстэмы. Але гэта будуецца на пяску, на зыбкай аснове, бо побач ёсьць зусім іншы прыклад. Побач будзе незалежная Ўкраіна, сябра Эўразьвязу, калі ўкраінцы даб’юцца, а я ў гэта веру, тых мэтаў і задачаў, якія зараз стаяць перад украінскім грамадзтвам.

Алесь Бяляцкі на наступны дзень пасьля вызваленьня з турмы. Вільня, 14 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі на наступны дзень пасьля вызваленьня з турмы. Вільня, 14 сьнежня 2025

Уявіце сабе: Беларусь з усіх бакоў будзе акружана краінамі Эўразьвязу. Гэта зусім іншая сітуацыя, нават чым была перад 2020 годам. Вось чаму агрэсары пачыналі гэтую вайну. Я ўжо не кажу «Ўкраіна — сябра NATO», гэта пад пытаньнем, асобнае пытаньне. Уплыў Эўрапейскага Зьвязу будзе, і, хоць улады Беларусі імкнуцца спыніць гэты ўплыў, ён будзе непераадольны. Для нас страгэгічна важна, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне, стратэгічна перамагла. Гэта цяжка, са стратай тэрыторыяў, але стратэгічна яны перамагаюць, бо Пуцін не дабіваецца свайго. А мэта яго — зьнішчыць гэтую краіну.

Як гэтага не разумець, даючы камэнтары «а што гэта за вайна», «а хто выйграе», — я ня ведаю, як гэта зразумець. Значыць, людзі не займаюцца ніякім аналізам. У турме інфармацыя абмежаваная, але ты ж глядзіш расейскую тэлевізію, ты глядзіш нейкія факты, якія там адбываюцца, а з гэтых фактаў, адкідваючы камэнтары, ты сам можаш рабіць высновы, што там адбываецца, вось і ўсё.

— Алесь, вы ацанілі дэградацыю пэнітэнцыярнай і судовай сыстэмы Беларусі за гэтыя гады. А як агулам ацэньваеце тое, як памянялася Беларусь з пачатку вайны?

— Я ужо казаў, што мы вярнуліся на сталінскія рэйкі. Адзінае, што добрае зараз застаецца, — гэта, безумоўна, людзі. Безумоўна. Нягледзячы на тое, што я сядзеў у турме, я маральна адчуваў сябе вельмі камфортна, бо беларускі народ, які б ён ні быў, — ён і ў турме такі самы, і на волі такі самы, і ты там сядзіш сярод беларусаў. Мне было вельмі клясна і я не адчуваў нейкага дыскамфорту, не было ніякай настальгіі.

Быў сум па волі, па родных. Было разуменьне, што гэты рэжым не сканчаецца, не прайграе, што ён умацоўваецца і як бы спрабуе ўмацаваць свае сілы і магчымасьці на грамадзкім узроўні, на ўзроўні кантролю над грамадзтвам. Яны гэта рабілі і робяць зараз у яўнай меншасьці, проста як банда тэрарыстаў, якая захапіла цягнік, горад ці вёску і наводзіць там свае парадкі.

Але гэта ня іхныя людзі. Людзі — нашы, вось што трэба разумець. Нашы людзі застаюцца, нікуды ня дзеліся тыя, што выходзілі на масавыя пратэсты, хоць частка зь іх зараз баіцца выказацца, частка зьехала, частка маўчыць, але беларускія ўлады жывуць зараз у варожым асяродзьдзі. Што б яны ні паказвалі, што б яны ні гаварылі. Таму мне было там нармальна.

Алесь Бяляцкі выкарыстоўвае вяровачкі замест шнуркоў у гандлёвым цэнтры ў Вільні праз дзень пасьля свайго вызваленьня. У гэтых красоўках яго арыштавалі, асудзілі і выпусьцілі зь вязьніцы. Вільня, 14 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі выкарыстоўвае вяровачкі замест шнуркоў у гандлёвым цэнтры ў Вільні праз дзень пасьля свайго вызваленьня. У гэтых красоўках яго арыштавалі, асудзілі і выпусьцілі зь вязьніцы. Вільня, 14 сьнежня 2025

Я ўлічваю, што ўлады не зьбіраюцца здавацца, яны зьвярнуліся да нечуваных, небывалых рэпрэсіяў — мы ніколі не перажывалі такі ўзровень рэпрэсіяў, які абваліўся на беларускае грамадзтва пачынаючы з 2020 году. Вось такі змрочны пэрыяд нашай гісторыі, але гэта і пэрыяд барацьбы. Працягваецца барацьба за дэмакратыю, за правы чалавека, за годнае існаваньне, за справядлівасьць урэшце рэшт. Гэта такія рэчы, якія ў людзей проста ня вытруціць. Моладзь тым больш жыве на гэтых падставах, старое пакаленьне, выхаванае яшчэ ў Савецкім саюзе, паступова адыходзіць, такіх людзей фізычна становіцца ўсё менш і менш. То я перакананы, што раней ці пазьней сытуацыя зьменіцца да лепшага.

Проста будзе неяк па-іншаму, чым намячалася ў 2020-м годзе, калі людзі мірным шляхам пераконвалі беларускія ўлады пачаць маштабныя дэмакратычныя рэформы ў краіне. Ніхто ж не казаў, што мы вас там пазабіваем, мы вас на слупах будзем вешаць, вы там такія і сякія. Ад іх прасілі, патрабавалі: пачынайце рэформы. Улады сказалі «не», адказалі на гэта рэпрэсіямі, якія абваліліся на беларускае грамадзтва. Значыць, пэрыяд супрацьстаяньня будзе яшчэ працягвацца, але ўрэшце рэшт, я думаю, пэрспэктывы для таталітарнай недэмакратычнай улады ў Беларусі — безнадзейныя.

— У вашых словах я чую аптымізм.

— Безумоўна, гэтая цяжкая гісторыя, гэтыя цяжкія гады, якія мы пражылі — 200 гадоў з таго часу, як Беларусь была акупаваная Расейскай імпэрыяй — яны паказваюць, што гэтае імкненьне да волі, да незалежнасьці проста невынішчальнае ў беларусах.

— Ці дапамагалі вы ў турме як праваабаронца іншым людзям?

— Магчымасьці там вельмі абмежаваныя, што я магу там зрабіць з такога, што я рабіў на волі? Нічога. Вядома, мы дзяліліся, калі атрымлівалі нейкія пасылкі, была магчымасьць дапамагаць адзін аднаму, найперш палітычным зьняволеным. Але гэта тычылася ня толькі іх. Мне дапамагаў шмат хто зь зьняволеных: гэта магла быць шакалядка, проста добрае слова, упэўненасьць, што гэты чалавек ня кіне табе камень у плечы, вобразна кажучы. Што ты можаш спаць спакойна, не хвалявацца за сваё жыцьцё. Гэтая салідарнасьць людзей, якія сядзелі ў турме, палітычных у першую чаргу, вельмі моцна адчувалася. Я знаходзіўся ў такім жа стане, як усе іншыя, як сам атрымліваў, то і сам дзяліўся, натуральна, сам аддаваў і цыгарэты, і нейкія самыя элемэнтарныя рэчы. Тым ня менш я ніколі не губляў думкі, што наша знаходжаньне ў турме і ёсьць нашай праваабарончай працай.

— Які быў бы ваш зварот да тых, хто і зараз у турме, да палітвязьняў, да тых, хто на волі, але ў эміграцыі, да тых беларусаў, якія дома чакаюць на лепшае.

— Не губляйце спадзяваньня, не апускайце рукі, працягвайце працаваць дзеля сябе саміх у першую чаргу, дзеля беларускага грамадзтва, дзеля незалежнай дэмакратычнай Беларусі.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).


XS
SM
MD
LG