Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сабачая савецкая сыстэма». Алесь Бяляцкі ў інтэрвію Свабодзе расказаў пра стаўленьне ў турме да нобэлеўскага ляўрэата. ВІДЭА


Алесь Бяляцкі падчас інтэрвію Радыё Свабода. Вільня, 16 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі падчас інтэрвію Радыё Свабода. Вільня, 16 сьнежня 2025

Вызвалены з турмы і вывезены з павязкай на вачах ў Літву нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі ў Вільні даў вялікае інтэрвію Радыё Свабода.

Сярод іншага Алесь Бяляцкі адказаў:

  • чаму ў 2021-м годзе вырашыў заставацца ў Беларусі, разумеючы маштаб рэпрэсіяў і маючы папярэдні досьвед палітвязьня,
  • як даведаўся аб прысуджэньні яму Нобэлеўскай прэміі і ці паўплывала гэта на ягоны побыт у турме,
  • як даведаўся пра напад Расеі на Ўкраіну і ці ўсе вязьні разумелі, хто ў гэтай вайне агрэсар.
  • Алесь Бяляцкі таксама выказаў зычэньні тым, хто застаецца ў турмах, тым, хто ў эміграцыі і надалей чакае перамен да лепшага ў Беларусі.

У першай публікацыі прапануем аповед Алеся Бяляцкага пра тое, ці зьмяніла Нобэлеўская прэмія міру стаўленьне да яго ў турме.

— Алесь, скажыце, ваш аўтарытэт сярод вязьняў і прадстаўнікоў адміністрацыі вырас пасьля Нобэлеўскай прэміі міру?

— Што тычыцца вязьняў, то так. Тыя, хто разумее, хто чуў калі-небудзь пра гэтую Нобэлеўскую прэмію, штосьці ведае пра яе, то, безумоўна, яны ставіліся з павагаю. Асабліва зараз, калі было шмат размоваў пра тое, ці атрымае Дональд Трамп гэтую прэмію, ці не ў 2025-м годзе, гэта зноў прыцягнула ўвагу.

Мы сядзім у так званай «ленцы», у «ленінскім пакоі», глядзім тэлевізар, а там ідуць дэбаты, ці атрымае Нобэлеўскую прэмію міру Трамп, ці не, а тут сядзіць нобэлеўскі ляўрэат разам з такімі ж... Дваццаць чалавек сядзяць на гэтых лаўках, і ён сядзіць паміж імі. Зразумела, што для людзей гэта быў нейкі нонсэнс — як такое можа быць.

Алесь Бяляцкі падчас інтэрвію Радыё Свабода. Вільня, 16 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі падчас інтэрвію Радыё Свабода. Вільня, 16 сьнежня 2025

Але з улікам таго, што беларусы неэмацыйны народ і што ў турме гэта яшчэ больш праяўляецца, бо любыя эмоцыі абсякаюцца адміністрацыяй, лічыцца, што ты павінен там сядзець з закрытым ротам, то, безумоўна, там гэтых выказваньняў і пасылаў ад зьняволеных было меней. Але было відавочна, што нават у крымінальнікаў, у людзей, якія ніколі не займаліся палітыкай, якія адмоўна ставяцца ўвогуле да ўсёй палітыкі, навіна выклікала пэўную павагу: гэты дзядзька сапраўды нейкі там вельмі вядомы. Гэта спрэс было і ў калёніі, і ў СІЗА. А што датычыцца адміністрацыі — гэта я таксама заўважаў — яны пра гэта ведаюць, па-першае, але яны працуюць. Асабліва тыя, хто робіць кар’еру. Як у любой строгай дзяржаўнай структуры, ёсьць больш такія карʼерысты, а ёсьць як бы звычайныя працаўнікі. І вось карʼерысты працавалі строга па інструкцыях, як трэба адносіцца да палітзьняволеных, усё гэта распаўсюджвалася і на мяне.

— То бок палёгкі для нобэлеўскага ляўрэата не было?

— Не, асабліва гэта датычылася 2023 году, як толькі я прыехаў у калёнію, гэтак было яшчэ і ў 2024-м. Я праходзіў праз усё тое, праз што праходзілі палітычныя зьняволеныя. Гэта і зьнявагі, гэта і размовы на «ты», да цябе ставіліся як да звычайнага зьняволенага, як да палітзьняволенага. Захацелася начальніку рэжыму — ён цябе распрануў дагала, прымусіў прысядаць, бо ён табе робіць поўную праверку, хаця там у цябе толькі сустрэча з адвакатам. Перад гэтым ён цябе распрануў, а то раптам ты пранясеш нейкую цыдулку, ці што ён там шукаў, я ня ведаю. Гэта ўсё — зьдзекі і нечалавечае абыходжаньне — было, безумоўна.

І былі бясконцыя пратаколы аб парушэньні правілаў унутранага распарадку, яны вельмі любілі выпісваць гэтыя паперы. За любую дробязь і па справе, і не па справе — што ты не паголены, у цябе чаравікі не пачышчаныя, ты кепска прыбраў у сэкцыі, калі твой час прыбіраць, не павітаўся, калі прайшоў начальнік нейкі. Усё гэта было, я і сам ня ведаў, што на мяне было столькі папераў. Але вось пару месяцаў таму я праходзіў палову тэрміну свайго зьняволеньня. Улічваючы норму «дзень у СІЗА за паўтара ў калёніі» і тое, што мы ў СІЗА правялі амаль два гады, мне атрымалася чыстага тэрміну 9 гадоў і паўтара месяца — тое, што я мусіў адсядзець. Нядаўна я праходзіў атэстацыю за палову гэтага тэрміну і на ёй пачуў, што на мяне, аказваецца, за два з паловай гады знаходжаньня ў Горацкай калёніі склалі 23 пратаколы аб парушэньні ўнутранага распарадку. Я лічыўся злосным парушальнікам. Нобэлеўскі ляўрэат — злосны парушальнік правілаў распарадку. Гэта цалкам нармальна, без усякай шызафрэніі для мясцовага горацкага начальства.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Асабліва балюча было пры вызваленьні 13 сьнежня, калі намесьнік начальніка калёніі, начальнік рэжымнага аддзелу, начальнік апэратыўнага аддзелу, афіцэры, якія выпускалі мяне з калёніі, забралі ўсе паперы, якія ў мяне былі, усю перапіску, тыя лісты, якія на пачатку да мяне даходзілі, а потым перасталі даходзіць. Але я стараўся захаваць тое, што даходзіла ў 2021, 2022 годзе да пачатку вайны, бо як пачалася вайна, то фактычна мы апынуліся ў інфармацыйнай ізаляцыі, лістоў было вельмі мала. За ўвесь 2025 год я атрымаў толькі адзін ліст ад жонкі, напрыклад. А яна не атрымала ніводнага майго ліста. Гэта была поўная ізаляцыя. Апрача таго, я напісаў трыста старонак успамінаў пра музэй Максіма Багдановіча і вёў дзёньнік, у якім імкнуўся занатаваць умовы, каб нешта засталося. Але ўсё гэта засталося там і было фактычна зьнішчана. Мне не далі вывезьці з калёніі ніводнай паперкі. Вось такое стаўленьне да цябе, вось ты і нобэлеўскі ляўрэат. Ты для іх ніхто там, а ня нобэлеўскі ляўрэат.

Хаця ведаючы, празь якія колы праходзілі іншыя зьняволеныя, якіх білі, якія знаходзіліся ў горшых умовах, чым я, то мушу сказаць, што мяне гэта абышло.

— Ці можаце сказаць, ці былі катаваньні, нялюдзкае абыходжаньне з вамі?

— Нялюдзкае абыходжаньне, безумоўна, так. Што тычыцца катаваньняў — не. Калі цябе зачыняюць у ШЫЗА, а на табе толькі лёгкае адзеньне, а ў камэры плюс 8 і ты там мусіш сядзець 10 сутак, ня можаш спаць, бо цябе калоціць ад холаду, — гэта што? Гэта і ёсьць нялюдзкае абыходжаньне. Калі ты ня можаш сесьці, бо прышпіленыя нары, ты мусіш хадзіць, а лаўка вузкая — 20 сантымэтраў. Гэта тое месца, дзе ты можаш пасядзець пры плюс 8 у камэры, максымум плюс 10, а ты ў кашульцы — гэта што такое? Гэта датычыць усіх зьняволеных, ня толькі палітычных. Гэтая сабачая савецкая сыстэма, якая была накіраваная на зьнішчэньне любых зьняволеных, роўненька перайшла ў беларускую сыстэму ў такіх месцах, як штрафныя ізалятары, БУРы (баракі ўзмоцненага рэжыму, назва савецкага часу. — РС), самі калёніі, і роўненька яна распаўсюджвалася на палітычных зьняволеных, часам з асаблівым акцэнтам, асаблівымі пераборамі. Вось і зараз, перад выхадам з турмы, некаторыя палітвязьні сядзелі ў БУРы.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG