Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі вызвалены і прымусова вывезены ў Літву, — «Вясна»


Алесь Бяляцкі каля амбасады ЗША ў Вільні пасьля вызваленьня, 13 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі каля амбасады ЗША ў Вільні пасьля вызваленьня, 13 сьнежня 2025

62-гадовы палітвязень, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі выйшаў на волю.

«З завязанымі вачыма праехаў усю Беларусь», — расказаў у Вільні Алесь Бяляцкі. Ён падзякаваў за сваё вызваленьне амэрыканскім дыпляматам. Бяляцкі сказаў, што не прасіў памілаваньня.

Бяляцкі адбываў пакараньне ў папраўчай калоніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласьці. Пра ягонае вызваленьне першым паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Нобэлеўскі ляўрэат і кіраўнік „Вясны“ быў вызвалены і прымусова дэпартаваны ў Літву пасьля 1613 дзён за кратамі», — адзначаецца ў паведамленьні.

13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцпасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. У турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі яшчэ ўтрымліваецца больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

Старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага затрымалі ў ліпені 2021 году і ў 2023 годзе асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня. Разам з Алесем Бяляцкім судзілі ягоных калегаў Валянціна Стэфановіча, які атрымаў 9 гадоў зьняволеньня, і Ўладзімера Лабковіча (асуджаны на 7 гадоў калёніі).

Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск. У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне. Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.

Акцыя каля мурала ў гонар Алеся Бяляцкага ў Вільні ў падтрымку вясноўцаў, якіх асудзілі на вялікія тэрміны. На плякаце Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч. Вільня, Літва
Акцыя каля мурала ў гонар Алеся Бяляцкага ў Вільні ў падтрымку вясноўцаў, якіх асудзілі на вялікія тэрміны. На плякаце Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч. Вільня, Літва
  • У 1986–1989 гадах Бяляцкі быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
Алесь Бяляцкі. 2018 год. Лісты, якія ён атрымаў педчас зьняволеньня сталі асновай кнігі «Лісты салідарнасьці»
Алесь Бяляцкі. 2018 год. Лісты, якія ён атрымаў педчас зьняволеньня сталі асновай кнігі «Лісты салідарнасьці»

У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»

4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага». 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі. За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.

Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.

Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).

Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.

7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.

Бяляцкі, Стэфановіч, Лабковіч у судзе
Бяляцкі, Стэфановіч, Лабковіч у судзе

3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.

З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сям’ёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

Каго вызвалілі раней

Гэта ня першае вызваленьне беларускіх палітвязьняў пры ўдзеле амэрыканскай дыпляматыі.

11 верасьня 2025 году пасьля папярэдняй сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША вызвалілі 51 палітычнага вязьня, у тым ліку Уладзімера Мацкевіча, адзін з вядомых інтэлектуалаў Беларусі, Міколу Дзядка — анархіста і журналіста, журналістку Ларысу Шчыракову, былога лідэра «Маладога фронту», сталяра Зьмітра Дашкевіча, лідэраў незалежных прафсаюзаў Генадзя Фядыніча і Аляксандра Ярашука ды іншых. Палітык Мікола Статкевіч тады адмовіўся выяжджаць за межы Беларусі.

У выніку сустрэчы 21 чэрвеня пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Тады вызвалілі Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея, выкладчыцу Натальлю Дуліну, актывіста анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханада, уладальніцу беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіну Красьнянскую, фігуранта справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонава, бізнэсоўца Сяргея Шэлега.

Раней у 2025 годзе прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл наведваў Беларусь, вынікам чаго стала вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна, палітвязьня Юрася Зянковіча.

12 лютага зь беларускіх турмаў вызвалілі журналіста Беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, амэрыканскага грамадзяніна, імя якога не называецца, і шматдзетную маці Алену Маўшук.

Намаганьні Дональда Трампа па вызваленьні беларускіх палітвязьняў

5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы пра вызваленьне часткі з 1400-1500 затрыманых у Беларусі, большасьць зь якіх — палітвязьні.

Раней Трамп называў лічбу 1300 зьняволеных і не ўжываў слова «палітычныя».

Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, назваўшы яго «паважаным чалавекам», «моцным лідэрам» і «моцнай асобай».

Гаворачы пра вызваленых і пра астатніх зьняволеных, Трамп ужыў слова «закладнікі».

Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня Трамп апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра тое, што правёў «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Перад перамовамі з Пуціным на Алясцы, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў Аляксандру Лукашэнку.

Зь сярэдзіны 2024 году Беларусь вызваліла некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі палегчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Хаця пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства няспынна працягваецца па сёньня.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG