Сярод іншага Алесь Бяляцкі адказаў,
- чаму ў 2021 годзе вырашыў заставацца ў Беларусі, разумеючы маштаб рэпрэсіяў і маючы папярэдні досьвед палітвязьня;
- як даведаўся аб прысуджэньні яму Нобэлеўскай прэміі;
- ці паўплывала гэта на ягоны побыт у турме;
- як даведаўся пра напад Расеі на Ўкраіну і ці ўсе вязьні разумелі, хто ў гэтай вайне агрэсар.
- Алесь Бяляцкі таксама выказаў зычэньні тым, хто застаецца ў турмах, тым, хто ў эміграцыі і надалей чакае перамен да лепшага ў Беларусі.
У чацьвертай публікацыі прапануем аповед Алеся Бяляцкага пра тое, як ён ацэньвае зьмены ў Белаурсі пасьля 2021 году і ці мае аптымізм наконт будучыні Беларусі.
— Алесь, вы ацанілі дэградацыю пэнітэнцыярнай і судовай сыстэмы Беларусі за гэтыя гады. А як агулам ацэньваеце тое, як памянялася Беларусь з пачатку вайны?
— Я ужо казаў, што мы вярнуліся на сталінскія рэйкі. Адзінае, што добрае зараз застаецца, — гэта, безумоўна, людзі. Безумоўна. Нягледзячы на тое, што я сядзеў у турме, я маральна адчуваў сябе вельмі камфортна, бо беларускі народ, які б ён ні быў, — ён і ў турме такі самы, і на волі такі самы, і ты там сядзіш сярод беларусаў. Мне было вельмі клясна і я не адчуваў нейкага дыскамфорту, не было ніякай настальгіі.
Быў сум па волі, па родных. Было разуменьне, што гэты рэжым не сканчаецца, не прайграе, што ён умацоўваецца і як бы спрабуе ўмацаваць свае сілы і магчымасьці на грамадзкім узроўні, на ўзроўні кантролю над грамадзтвам. Яны гэта рабілі і робяць зараз у яўнай меншасьці, проста як банда тэрарыстаў, якая захапіла цягнік, горад ці вёску і наводзіць там свае парадкі.
Але гэта ня іхныя людзі. Людзі — нашы, вось што трэба разумець. Нашы людзі застаюцца, нікуды ня дзеліся тыя, што выходзілі на масавыя пратэсты, хоць частка зь іх зараз баіцца выказацца, частка зьехала, частка маўчыць, але беларускія ўлады жывуць зараз у варожым асяродзьдзі. Што б яны ні паказвалі, што б яны ні гаварылі. Таму мне было там нармальна.
Я ўлічваю, што ўлады не зьбіраюцца здавацца, яны зьвярнуліся да нечуваных, небывалых рэпрэсіяў — мы ніколі не перажывалі такі ўзровень рэпрэсіяў, які абваліўся на беларускае грамадзтва пачынаючы з 2020 году. Вось такі змрочны пэрыяд нашай гісторыі, але гэта і пэрыяд барацьбы. Працягваецца барацьба за дэмакратыю, за правы чалавека, за годнае існаваньне, за справядлівасьць урэшце рэшт. Гэта такія рэчы, якія ў людзей проста ня вытруціць. Моладзь тым больш жыве на гэтых падставах, старое пакаленьне, выхаванае яшчэ ў Савецкім саюзе, паступова адыходзіць, такіх людзей фізычна становіцца ўсё менш і менш. То я перакананы, што раней ці пазьней сытуацыя зьменіцца да лепшага.
Проста будзе неяк па-іншаму, чым намячалася ў 2020-м годзе, калі людзі мірным шляхам пераконвалі беларускія ўлады пачаць маштабныя дэмакратычныя рэформы ў краіне. Ніхто ж не казаў, што мы вас там пазабіваем, мы вас на слупах будзем вешаць, вы там такія і сякія. Ад іх прасілі, патрабавалі: пачынайце рэформы. Улады сказалі «не», адказалі на гэта рэпрэсіямі, якія абваліліся на беларускае грамадзтва. Значыць, пэрыяд супрацьстаяньня будзе яшчэ працягвацца, але ўрэшце рэшт, я думаю, пэрспэктывы для таталітарнай недэмакратычнай улады ў Беларусі — безнадзейныя.
— У вашых словах я чую аптымізм.
— Безумоўна, гэтая цяжкая гісторыя, гэтыя цяжкія гады, якія мы пражылі — 200 гадоў з таго часу, як Беларусь была акупаваная Расейскай імпэрыяй — яны паказваюць, што гэтае імкненьне да волі, да незалежнасьці проста невынішчальнае ў беларусах.
— Ці дапамагалі вы ў турме як праваабаронца іншым людзям?
— Магчымасьці там вельмі абмежаваныя, што я магу там зрабіць з такога, што я рабіў на волі? Нічога. Вядома, мы дзяліліся, калі атрымлівалі нейкія пасылкі, была магчымасьць дапамагаць адзін аднаму, найперш палітычным зьняволеным. Але гэта тычылася ня толькі іх. Мне дапамагаў шмат хто зь зьняволеных: гэта магла быць шакалядка, проста добрае слова, упэўненасьць, што гэты чалавек ня кіне табе камень у плечы, вобразна кажучы. Што ты можаш спаць спакойна, не хвалявацца за сваё жыцьцё. Гэтая салідарнасьць людзей, якія сядзелі ў турме, палітычных у першую чаргу, вельмі моцна адчувалася. Я знаходзіўся ў такім жа стане, як усе іншыя, як сам атрымліваў, то і сам дзяліўся, натуральна, сам аддаваў і цыгарэты, і нейкія самыя элемэнтарныя рэчы. Тым ня менш я ніколі не губляў думкі, што наша знаходжаньне ў турме і ёсьць нашай праваабарончай працай.
— Які быў бы ваш зварот да тых, хто і зараз у турме, да палітвязьняў, да тых, хто на волі, але ў эміграцыі, да тых беларусаў, якія дома чакаюць на лепшае.
— Не губляйце спадзяваньня, не апускайце рукі, працягвайце працаваць дзеля сябе саміх у першую чаргу, дзеля беларускага грамадзтва, дзеля незалежнай дэмакратычнай Беларусі.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
- Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
- У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).